Кароткая даведка:
горад, цэнтр раёна Мінскай вобласці
Назвы на іншых мовах:
Смолевичи (руская);
Папярэднія назвы:
Смальнявічы
4632 сімвалы
Даведка
Гісторыя Смалявіч бярэ пачатак з часоў Кіеўскай Русі. Вядомы вучоны, заснавальнік беларускай савецкай археалогіі А.М. Ляўданскі ўстанавіў, што славянскія пасяленні на тэрыторыі сучаснага горада існавалі яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя. Упершыню Смалявічы згадваюцца ў 1448 г. як уласнасць крэўскага намесніка Алёхны Даргіевіча. Аднак летазлічэнне горада вядзецца з 1508 г. , калі яго ўладальнікам стаў князь Канстанцін Астрожскі, які атрымаў ад вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога прывілей на гэтыя землі. Будучы актыўным прыхільнікам праваслаўя, ён пабудаваў там царкву Святога Мікалая. К сярэдзіне ХVI ст. Смалявічы сталі буйным для таго часу мястэчкам, якое з другой палавіны гэтага ж стагоддзя належала Радзівілам, пазней Вітгенштэйнам, Гагенлоэ. Вядомы расійскі вучоны П.П. Сямёнаў-Цян-Шанскі ў манаграфічнай працы «Россия. Полное географическое описание нашего отечества» пісаў, што ў пачатку ХVIІ ст. у Смалявічах было больш за 100 дамоў, а насельніцтва перавышала 1000 чалавек. Даследчык адзначаў, што многія мясцовыя жыхары займаліся земляробствам, смалакурэннем (гэта дало назву пасяленню), а таксама абслугоўваннем гандлёвых людзей, якія ішлі за абозамі па дарозе на Маскву.
У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1657) і ў гады Паўночнай вайны (1700–1721) мястэчка было амаль разрбурана. У 1793 г. у выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай далучана да Расійскай Імперыі. У 1795 г. стала цэнтрам воласці Барысаўскага павета. Паступова Смалявічы адбудаваліся і ў хуткім часе пачалі адыгрываць значную ролю ў эканамічным жыцці краю. Там гандлявалі дзёгцем, смалой, лесам (мачты, паўмачты, будаўнічы матэрыял), рознымі ганчарнымі вырабамі. Тавар вывозіўся пераважна па рэках Плісе і Бярэзіне ў прыбалтыйскія парты. Цяжкія выпрабаванні выпалі жыхарам Смалявіч у вайну 1812 г. Рабаўніцкая сістэма нарыхтоўкі фуражу і харчавання для французскага войска, спроба акупацыйных улад правесці рэкруцкі набор, рашэнне Напалеона захаваць на беларускай тэрыторыі да канца вайны прыгоннае права прывялі да масавых сялянскіх хваляванняў. Летам 1812 г. жыхары Смалявіч паднялі паўстанне і спалілі сядзібу Радзівілаў. Яны аказвалі вялікую дапамогу рускім войскам, якія вызвалілі мястэчка ў лістападзе гэтага ж года.
У 1871 г. побач са Смалявічамі прайшла Маскоўска-Брэсцкая чыгунка, што спрыяла далейшаму развіццю мястэчка. У канцы ХІХ ст. там пражывала больш за 3 тыс. чалавек. Працавалі тры смалакурні, шкляны, броварны заводы, фабрыка па вытворчасці драўляных цвікоў і шкіпінару, лесапілка і іншыя дробныя прадпрыемствы. Дзейнічалі праваслаўная царква, касцёл, сінагога, двухкласнае народнае вучылішча.
У 1917 г. у Смалявічах была ўстаноўлена савецкая ўлада. У 1918 г. мястэчка захапілі войскі кайзераўскай Германіі, а потым белапалякі. Пасля грамадзянскай вайны пачалося аднаўленне Смалявіч. З 17.07.1924 г. мястэчка стала цэнтрам раёна, з 27.09.1938 г. гарадскім пасёлкам. У Вялікую Айчынную вайну з 26.06.1941 г. да 2.07.1944 г. Смалявічы былі акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія загубілі там больш за 2 тыс. мірных жыхароў, стварылі гета і расстралялі каля 3 тыс. яўрэяў. З першых дзён акупацыі на дзеючых прадпрыемствах пасёлка пачалі стварацца падпольныя групы. У хуткім часе яны ператварыліся ў вялікую арганізацыю «Чырвоны Сцяг», якую падтрымлівалі партызаны (на пачатак 1943 г. у раёне іх налічвалася больш за 10 атрадаў). У ходзе Мінскай аперацыі 1944 г. гарадскі пасёлак быў вызвалены войскамі 3-га Беларускага фронту.
У пасляваенны час ён ператварыўся ў добраўпарадкаваны населены пункт. З 25.12.1962 г. знаходзіўся ў Мінскім раёне, з 6.01.1965 г. стаў цэнтрам створанага Смалявіцкага раёна. 7 сакавіка 1968 г. пасёлку быў нададзены статус горада, які 26.05.1998 г. атрымаў герб і сцяг. Сучасны горад размешчаны на ўзвышаным рэльефе з паніжэннем у бок р. Пліса і чыгункі, якая дзеліць Смалявічы на паўднёвы і паўночны раёны. У апошнім размясціўся асноўны масіў жылой забудовы (пераважна аднапавярховыя дамы сядзібнага тыпу). Капітальныя 2–5-павярховыя будынкі сканцэнтраваны ў цэнтральнай, паўднёва-заходняй і ўсходняй частках горада. Паводле генеральнага плана 2011 г. (карэкціроўка 2014 г.) пабудаваны лагістычны цэнтр «Алмі», дзіцячы сад, узведзены жылыя дамы, гасцініцы «Вясна», «Прыазёрная» і іншыя сацыяльныя аб'екты, рэканструяваны чыгуначны вакзал. У горадзе працуюць прадпрыемствы машынабудавання, будаўнічых матэрыялаў, харчовай, лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці. На 1 студзеня 2017 г. насельніцтва склала 16 тыс. 643 чалавека. З 2015 г. Смалявічы развіваюцца як горад-спадарожнік Мінска.