Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі
Дата пачатку:
01.10.1944 Брэст, г.
Кароткая даведка:
заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь
Назвы на іншых мовах:
The Brest Regional Theatre of Drama and Music (англійская); Брестский академический театр драмы имени Ленинского комсомола Беларуси (руская);
Папярэднія назвы:
Брестский областной русский театр имени Ленинского комсомола; Брестский театр драмы и музыки имени Ленинского комсомола; Брэсцкі абласны драматычны тэатр імя Ленінскага камсамола Беларусі; Брэсцкі абласны тэатр драмы і музыкі; Брэсцкі тэатр драмы; Брэсцкі тэатр драмы і музыкі
4166 сімвалаў
Даведка
Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі быў створаны ў 1944 г. з выпускнікоў Маскоўскага гарадскога тэатральнага вучылішча (курс народнага артыста РСФСР У. Гатоўцава). Яго першым кіраўніком стаў таленавіты рэжысёр М. Міцкевіч. Напачатку рэпертуар складалі падрыхтаваныя ў гады вучобы спектаклі “Вечар старадаўніх вадэвіляў” (“Пазычаныя жонкі”, “Зачараваная яешня”, “Запалка паміж двух агнёў”), “Кароль Алень” К. Гоцы, “Мяшчане” М. Горкага і іншыя, якія паказвалі ў клубах Масквы. У кастрычніку 1945 г. п’есай французскага драматурга П. Марыво “Гульня кахання і выпадку” тэатр адкрыўся ў Брэсце.
Творчае жыццё маладога калектыву пачыналася ў цяжкіх пасляваенных умовах. Будынак тэатра быў разбураны, і спектаклі праходзілі ў майстэрнях, кінатэатрах, клубах. 8 сакавіка 1947 г. пастаноўкай “Старыя сябры” Л. Малюгіна адбылося адкрыццё адноўленага тэатра. У першыя гады работы на яго сцэне ішлі спектаклі героіка-рамантычнага кірунку – “Маладая гвардыя” паводле А. Фадзеева, “Як гартавалася сталь” паводле М. Астроўскага, “Канстанцін Заслонаў” А. Маўзона і інш. Праграмным стаў спектакль “Брэсцкая крэпасць” К. Губарэвіча (пастаўлены ў 1953 г. рэжысёрам А. Міронскім, адзначаны ў 1967 г. прэміяй Ленінскага камсамола). Тэатр пастаянна звяртаўся да твораў беларускай класікі і сучаснай драматургіі. Запамінальныя, эмацыянальныя, насычаныя вобразы стварылі акцёры Н. Ганчарэнка, У. Кулішаў, А. Логінаў, Р. Семічава, Я. Палосін, К. Перапяліца, У. Пестунаў, А. Самараў, Г. Токараў і інш. Адметнае месца ў беларускім рэпертуары займалі спектаклі “Хамуціус” паводле драматычнай паэмы А. Куляшова, “Сэрца на далоні” паводле І. Шамякіна (адзначаны дыпломам на Усесаюзным конкурсе, прысвечаным 50-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі), “Саламея Русецкая” С. Кавалёва (“Залаты дыплом” Міжнароднага тэатральнага фестывалю ў г. Трабзоне, Турцыя, 2000).
Яркую старонку ў творчым жыцці тэатра складала сцэнічная інтэрпрэтацыя рускіх і замежных класічных твораў. П’есы А. Астроўскага, М. Булгакава, М. Гогаля, Л. Талстога, А. Чэхава, П. Бамаршэ, Лопэ дэ Вэгі, Ф. Шылера, У. Шэкспіра спрыялі ўдасканаленню выканаўчага майстэрства, далучалі акцёраў і гледачоў да высокіх маральных каштоўнасцей. Значны грамадскі рэзананс набылі спектаклі “Злачынства і пакаранне” паводле Ф. Дастаеўскага, “Месяц у вёсцы” І. Тургенева (галоўны прыз Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая вежа”, Брэст, 1996). Яны зачароўвалі вытанчанай эстэтыкай, драматызмам, тонкім перапляценнем чалавечых лёсаў.
Найбольш плённыя перыяды ў творчасці тэатра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў А. Міронскага, І. Папова, Г. Волкава. Менавіта гэтыя майстры сцэны паставілі лепшыя спектаклі, адзначаныя вострым пачуццём сучаснасці, дакладнай рэжысёрскай думкай, высокай выканальніцкай культурай, добрым мастацкім густам, глыбокім спасціжэннем характараў і выразным выяўленнем. Іх традыцыі працягвае заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі А. Козак, які з 1994 г. з’яўляецца дырэктарам і мастацкім кіраўніком тэатра. За некалькі гадоў ён кардынальна змяніў рэпертуар. На сцэне атрымалі жыццё зусім нечаканыя работы. Значна палепшылася і мастацкая якасць спектакляў. Рэжысёр імкнецца зрабіць іх сучаснымі, відовішчнымі. Ён стварае на сцэне спектаклі-гульні, у якіх прымаюць удзел гледачы. Побач з рускай класікай – беларуская і замежная драматургія, ідуць таксама пастаноўкі для дзяцей. Значнае месца ў рэпертуары тэатра займаюць спектаклі “Чорны анёл з белымі крыламі” Д. Балыка, “На дне” М. Горкага, «Беспарадак класа “люкс”, ці Скокі з мерцвяком» Р. Куні, “Дарагая Памэла” Д. Патрыка, “Над безданню ў жыце” Д. Сэлінджэра і інш. Калектыў шмат гастралюе. Яго спектаклі бачылі ў Мінску, Маскве, краінах блізкага і далёкага замежжа. Тэатр з’яўляецца адным з арганізатараў Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая вежа” (праводзіцца з кастрычніка 1996 г. у Брэсце). У ім прымаюць удзел калектывы з Беларусі і многіх краін свету.
За значны ўклад у культуру і мастацтва Беларусі тэатр у 2005 г. атрымаў ганаровае званне “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”, у 2009 г. за дасягненні ў галіне тэатральнага мастацтва яму прысвоены статус акадэмічнага.