Варыянты назвы:
Першы Статут ВКЛ; Першы Статут Вялікага Княства Літоўскага
Назвы на іншых мовах:
Первый Статут Великого Княжества Литовского (руская); Первый Статут ВКЛ (руская); Статут Великого Княжества Литовского (руская); Статут Великого Княжества Литовского 1529 (руская);
5025 сімвалаў
Даведка
Да XVІ ст. правасуддзе на беларускіх землях, якія ўваходзілі ў гэты перыяд у склад Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), у асноўным кіравалася звычаем, разважаннямі і сумленнем кожнага суддзі паасобку. Часам вялікім князем і іншымі паўнамоцнымі асобамі выдаваліся розныя граматы і прывілеі, якія забяспечвалі абарону правоў у асобных выпадках, аднак усеагульнага закону не існавала. Пачаткам новага этапу ў развіцці прававой думкі і спробай усталяваць адзінства прававых норм на ўсёй тэрыторыі дзяржавы стала складанне ў 1468 г. Судзебніка Казіміра IV. Далейшае ўдасканаленне правасуддзя завяршылася выданнем Статута ВКЛ 1529 г. – зводу законаў феадальнага права.
Работа па яго падрыхтоўцы вялася на працягу некалькіх гадоў у першай чвэрці XVI ст. Асоб, якія ўдзельнічалі ў гэтым, устанавіць з абсалютнай дакладнасцю ў наш час немагчыма, але вядома, што над праектам працавала спецыяльная камісія пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ А. Гаштольда. Таксама ў даследчыкаў ёсць меркаванне, што ў яго складанні і рэдагаванні прымаў удзел Ф. Скарына, а асноўныя палажэнні Статута абмяркоўваліся з вялікім князем Жыгімонтам Старым. Першы варыянт праекта дакумента падрыхтаваны ў 1522 г., але зацверджаны і ўведзены ў дзеянне ён быў толькі 29 верасня 1529 г. Першапачаткова дакумент меў назву «Права писаные даны панству Великому Князьству Литовскому, Рускому, Жомойтскому и иных через наяснейшого пана Жикгимонта, з Божее милости короля полского, великого князя литовского, руского, пруского, жомойтского, мазовецкого и иных». Назва «Статут» з’явілася пазней, калі ўступілі ў дзеянне два наступныя Статуты.
За аснову дакумента былі ўзяты кадыфікаваныя і сістэматызаваныя нормы мясцовага звычаёвага права, Судзебнік 1468 г., пастановы судовых і дзяржаўных устаноў, прывілеі. Тэкст складаўся з 13 раздзелаў і 244 артыкулаў, колькасць якіх пасля ўнясення дапаўненняў павялічылася да 283. Прававыя нормы былі размешчаны ў залежнасці ад іх зместу: нормы дзяржаўнага права і прынцыповыя палажэнні іншых галін права (раздзелы 1–3), шлюбна-сямейнае, апякунскае і спадчыннае права (раздзелы 4 і 5), судова-працэсуальнае (раздзел 6), крымінальнае (раздзел 7), зямельнае (раздзел 8), лясное і паляўнічае (раздзел 9), цывільнае (раздзел 10), крымінальнае і крымінальна-працэсуальнае права (раздзелы 11–13). Статут юрыдычна замацаваў асновы грамадскага і дзяржаўнага ладу, прававое становішча класаў, саслоўяў і сацыяльных груп насельніцтва, парадак утварэння, склад і паўнамоцтвы некаторых органаў дзяржаўнага кіравання і суда. Вялікі князь абавязваўся захоўваць тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы, не дапускаць чужаземцаў на дзяржаўныя пасады, не даваць ім маёнткаў, не адбіраць у мясцовых феадалаў пасады і маёмасць без суда, прытрымлівацца ўсіх старых законаў і звычаяў. Былі абвешчаны прынцыпы публічнасці правасуддзя, фармальнай роўнасці бакоў у працэсе, права абвінавачанага на абарону з удзелам адваката. Зроблена спроба абмежаваць халопства: вольны чалавек за здзейсненае злачынства не мог быць аддадзены ў вечную няволю. Адначасова былі захаваны прывілеі і льготы для феадалаў, што на практыцы замацоўвала бяспраўе простых людзей і захоўвала паўнату правоў толькі для вышэйшых саслоўяў. Шмат увагі аддавалася шлюбна-сямейнаму праву. Змяшчаліся нормы, якія вызначалі маёмасныя правы жанчын і дзяцей: парадак выдачы дзяўчат замуж, падрабязна рэгламентавалася назначэнне апекуноў непаўналетнім, якія засталіся без бацькоў.
Тэкст Статута складзены на старабеларускай мове і запісаны лацінскім шрыфтам. Былі зроблены яго пераклады на лацінскую (1530) і польскую (1532) мовы. Тэкст распаўсюджваўся ў рукапісным выглядзе. Да нашых дзён захаваліся чатыры перапісаныя копіі на старабеларускай мове (так званыя спісы Фірлееўскі, Замойскіх, Дзялынскіх і Слуцкі), два спісы на лацінскай мове (Лаўрэнцьеўскі, або Пфорцкі, Пулаўскіх), а таксама Альшэўскі спіс на польскай мове. У друкаваным выглядзе Статут ВКЛ 1529 г. убачыў свет у 1841 г.: яго тэкст на беларускай мове лацінскім шрыфтам быў змешчаны ў выданні «Зборы літоўскіх законаў з 1389 да 1529» (г. Познань, Польшча). У 1854 г. дакумент на беларускай мове кірылічным шрыфтам надрукаваны ў 18-й кнізе «Временника Московского общества истории и древностей российских».
Складанне першага Статута стала своеасаблівым феноменам у феадальным праве Еўропы XVІ ст. і вывела ВКЛ на адно з першых месцаў у свеце па развіцці права і прававой культуры. Нормы дзяржаўнага права, выкладзеныя ў Статуце, у сваёй сукупнасці склалі своеасаблівую феадальную канстытуцыю, у якой упершыню вызначалася структура і характар дзейнасці органаў дзяржаўнай улады, замацоўваліся асноўныя правы і прывілеі пануючага класа. У перыяд феадалізму такое абвяшчэнне ідэі правапарадку стала значным крокам наперад. Дакумент адыграў значную ролю ў далейшай кадыфікацыі і сістэматызацыі права, паслужыў базай і крыніцай для распрацоўкі наступных Статутаў. Статут ВКЛ 1529 г. мае важнае значэнне не толькі як юрыдычны дакумент, але таксама і як помнік мовы беларускага народа.