Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт
Дата пачатку:
01.11.1934 Віцебск, г.
Кароткая даведка:
установа адукацыі
Скарочаныя назвы:
ВГМУ (рус.)
Назвы на іншых мовах:
L'Universite de medecine de Vitebsk (фра.) (не вызначана); La Universidad Estatal de Medicina de Vitebsk (ісп.) (не вызначана); Vitebsk State Order of Peoples' Friendship Medical University (анг.) (не вызначана); Витебский государственный медицинский университет ордена Дружбы народов (руская); Витебский государственный ордена Дружбы народов медицинский университет (руская);
Папярэднія назвы:
Витебский государственный медицинский институт; Віцебскі дзяржаўны медыцынскі універсітэт; Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі універсітэт; Віцебскі медыцынскі інстытут
6782 сімвалы
Даведка
Падрыхтоўку высокакваліфікаваных урачоў, спецыялістаў-правізараў рыхтуе Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт – адна з найбуйнейшых ВНУ ў Рэспубліцы Беларусь.
Ён быў заснаваны ў 1934 г. як бальніца – медыцынскі інстытут з вочным стацыянарным навучаннем студэнтаў. Установа не мела сваіх памяшканняў. Кафедры былі раскіданы па горадзе, частка размяшчалася на базе Віцебскага ветэрынарнага інстытута. Гэта было нязручна пры падрыхтоўцы і правядзенні заняткаў і навуковых даследаванняў. У 1938 г. установа перайменавана ў Віцебскі медыцынскі інстытут, які размясціўся ў чатырохпавярховым будынку былой казённай палаты. Тут знаходзіліся дырэкцыя і большасць тэарэтычных кафедр. Для выкладання некаторых дысцыплін запрашаліся выкладчыкі з Мінска, Масквы, Ленінграда, Смаленска і інш. Да 1941 г. паспяхова дзейнічалі 33 кафедры, было ажыццёўлена сем выпускаў урачоў. Вялікая Айчынная вайна на доўгія гады спыніла работу навучальнай установы. З 1941 па 1946 г. інстытут працаваў у Чэлябінску, Яраслаўлі, Мінску. Многія выкладчыкі і студэнты пайшлі на фронт і ў партызанскія атрады. У 1946 г. пачалося аднаўленне інстытута. У 1948 г. была адкрыта клінічная ардынатура. У 1955 г. пачала працаваць новая абласная бальніца, дзе размясціліся кафедры шпітальнай тэрапіі і хірургіі, нервовых хвароб, оталарынгалогіі і афтальмалогіі. У чыгуначнай бальніцы разгарнулі дзейнасць кафедры прапедэўтыкі, унутраных хвароб і агульнай хірургіі, у 2-й гарадской бальніцы – кафедры факультэцкай тэрапіі і хірургіі. Увядзенне ў эксплуатацыю інфекцыйнай, псіхіятрычнай і туберкулёзнай бальніц, дзіцячай абласной бальніцы дазволіла ў значнай ступені палепшыць размяшчэнне адпаведных кафедр і павысіць узровень вучэбна-метадычнай і навуковай работы. У 1959 г. уступіў у строй новы адміністрацыйна-вучэбна-лабараторны корпус. У тым жа годзе акрамя ўжо дзеючага лячэбна-прафілактычнага факультэта быў створаны фармацэўтычны факультэт. У 1960 г. адкрыта аспірантура. Навуковы патэнцыял ВНУ ў гэты перыяд дасягнуў высокага ўзроўню, што дазволіла пры інстытуце адкрыць у 1961 г. савет па абароне кандыдацкіх дысертацый. У 1963 г. для забеспячэння навуковых даследаванняў і падрыхтоўкі кваліфікаваных навуковых кадраў пачала дзейнічаць навукова-даследчая лабараторыя (НДЛ), якая ў 1978 г. пераўтворана ў Цэнтральную навукова-даследчую лабараторыю (ЦНДЛ), дзе арганізаваны тры групы – фізіялагічная, біяхімічная і марфалагічная. Асноўнай задачай НДЛ было аказанне дапамогі ў падрыхтоўцы кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый саіскальнікам і аспірантам інстытута. З 1965 па 1979 г. пабудаваны інтэрнаты, лабараторна-тэарэтычны корпус. У 1975 г. адкрыта падрыхтоўчае аддзяленне. З 1981 г. вядзецца навучанне ўрачоў і правізараў для замежных краін. За вялікія заслугі ў падрыхтоўцы кадраў для практычнай аховы здароўя краін Азіі, Афрыкі, Блізкага Усходу і Лацінскай Амерыкі інстытут узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў (1984). У 1985–1990 гг. дзейнічаў факультэт удасканалення ўрачоў, дзе павышалі сваю кваліфікацыю не толькі ўрачы з Беларусі, але і Расіі, Казахстана, Узбекістана, Прыбалтыкі, Украіны. Так паступова былі створаны моцныя медыка-біялагічныя і клінічныя школы, якія і сёння карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам як у нашай краіне, так і за мяжой.
З 1997 па 2005 г. ва ўстанове праведзены глыбокія пераўтварэнні. У 1998 г. інстытут паспяхова прайшоў атэстацыю і акрэдытацыю на статус ВНУ ўніверсітэцкага тыпу і ператвораны ў Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт. Былі адкрыты новыя факультэты, кафедры, арганізаваны курсы павышэння кваліфікацыі спецыялістаў. Распрацавана і ўкаранёна сістэма кантролю якасці ведаў. Створана канкурэнтаздольная сістэма медыцынскай адукацыі на сусветным рынку адукацыйных паслуг.
Сёння ва ўніверсітэце дзейнічаюць сем факультэтаў – лячэбны, фармацэўтычны, стаматалагічны, падрыхтоўкі іншаземных грамадзян, прафарыентацыі і падрыхтоўкі да паступлення ў ВНУ, павышэння кваліфікацыі па педагогіцы і псіхалогіі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Функцыянуюць 63 кафедры, ЦНДЛ, аддзел навукова-медыцынскай інфармацыі, вучэбна-метадычны інфармацыйны цэнтр, медыцынская бібліятэка, музеі, рэдакцыйна-выдавецкі паліграфічны цэнтр, спартыўныя залы і стадыён. Кафедры аснашчаны сучаснымі аўтаматызаванымі сродкамі навучання, наборамі муляжоў і фантомаў, складаным лячэбна-дыягнастычным абсталяваннем. Ёсць батанічны сад, вучэбна-вытворчая аптэка, якія выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі спецыялістаў па фармацыі. Уведзена рэйтынгавая сістэма ацэнкі ведаў студэнтаў (камп’ютарнае тэсціраванне, праверка практычных навыкаў, вусная гутарка). З 2010 г. вядзецца навучанне на другой ступені вышэйшай адукацыі (у магістратуры). Ступені, прысвоеныя па заканчэнні ўніверсітэта, прызнаныя Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, Адукацыйнай камісіяй па замежных медыцынскіх дыпламаваных спецыялістах (Філадэльфія, ЗША), Федэратыўнай службай праверкі дыпломаў (Далас, ЗША), Цэнтрам ацэнкі якасці адукацыі Літоўскай Рэспублікі і інш. Сфарміраваліся і дзейнічаюць навукова-педагагічныя школы па медыка-біялагічных, клінічных і фармацэўтычных дысцыплінах, якія ўносяць значны ўклад у развіццё сучаснай медыцынскай і фармацэўтычнай навукі і ўдасканаленне педагагічнага працэсу ў медыцынскіх ВНУ краіны. Праводзяцца навуковыя даследаванні па наступных кірунках: хірургічныя захворванні; ваенная і экстрэмальная медыцына; лекавыя сродкі; інфекцыі; прафілактыка і лячэнне сардэчна-сасудзістых захворванняў; траўмы; анкалогія; здаровая маці – здаровае дзіця; прафілактыка залежнасці чалавека ад псіхатропных рэчываў; унутраныя захворванні; арганізацыя, кіраванне і эканоміка аховы здароўя. Універсітэт падтрымлівае і развівае рознабаковыя кантакты ў сферы медыцынскай адукацыі і падрыхтоўкі кадраў, навуковых даследаванняў, арганізацыйна-метадычнага і інфармацыйнага забеспячэння, вытворча-практычнай дзейнасці з шэрагам найбуйнейшых устаноў Расіі, краін СНД і далёкага замежжа. Ён з’яўляецца арганізатарам міжнародных акадэмічных сустрэч, стымулюе актыўны ўдзел вучоных і выкладчыкаў у дзейнасці прафесійных міжнародных арганізацый і асацыяцый. Ва ўніверсітэце выдаюцца навукова-практычныя часопісы “Новости хирургии”, “Вестник фармации”, “Иммунология, аллергология и инфектология”, “Вестник ВГМУ”, “Охрана материнства и детства”, газета “Медвузовец”.
За гады працы ВНУ падрыхтавана больш за 14 тыс. урачоў і больш за 6 тыс. правізараў. Яе выхаванцы – гэта арганізатары і кіраўнікі практычнай аховы здароўя, загадчыкі аддзяленняў, галоўныя ўрачы і інш.
У 2009 г. за асобыя заслугі ў сацыяльна-культурнай сферы, вялікі ўклад у развіццё сістэмы аховы здароўя, забеспячэнне яе медыцынскімі, правізарскімі і навуковымі кадрамі ўніверсітэту ўручаны Ганаровы дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.