Размясціўся Жлобінскі раён на паўночным усходзе Гомельскай вобласці на плошчы ў 2100 квадратных кіламетраў. Мяжуе з Рагачоўскім, Буда-Кашалёўскім, Рэчыцкім і Светлагорскім раёнамі Гомельскай вобласці, Бабруйскім раёнам Магілёўскай вобласці. У складзе раёна 151 вёска і 12 аграгарадкоў, якія ўваходзяць у 16 сельсаветаў.
Гэтыя землі на гандлёвым шляху “з варагаў у грэкі” здаўна засяляліся людзьмі. Археалагічныя раскопкі сведчаць, што паселішчы дрыгавічоў існавалі тут яшчэ ў ІХ–ХІІІ стст. У свой час тэрыторыя раёна належала Вялікаму Княству Літоўскаму, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі была заснавана Жлобінская воласць, якая ўваходзіла ў РСФСР, а 17 ліпеня 1924 г. быў утвораны Жлобінскі раён у складзе БССР.
Праз тэрыторыю раёна праходзяць чыгункі Мінск – Гомель і Магілёў – Калінкавічы, аўтамабільныя дарогі Бабруйск – Гомель, Рагачоў – Светлагорск. Па рэках Дняпро і Бярэзіна ажыццяўляецца суднаходства.
З карысных выкапняў тут маюцца торф, гліны, пяскі. Пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі занята каля 55% тэрыторыі, пад лясамі – каля 28%. У раёне знаходзіцца гідралагічны заказнік “Выдрыца”, ландшафтны заказнік “Смычок”.
У Вялікую Айчынную вайну са жніўня 1941 г. да канца чэрвеня 1944 г. Жлобінскі раён быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. За час акупацыі Жлобіншчына панесла вялікія страты: гітлераўцы расстралялі, адправілі на катаржныя работы ў Германію тысячы жыхароў раёна, спалілі шэраг вёсак, жылых дамоў і грамадскіх збудаванняў, знішчылі больш за 80% прамысловых прадпрыемстваў, 2 электрастанцыі, паравознае дэпо і чыгуначны вакзал, разрабавалі маёмасць калгасаў і машынна-трактарных станцый. На акупіраванай тэрыторыі дзейнічалі Жлобінскае патрыятычнае падполле, партызанскія брыгады “Жалязняк”, імя Панамарэнкі, імя Чапаева, асобныя партызанскія атрады. Яны ўнеслі вялікі ўклад у разгром ворага. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, дзесяці ўраджэнцам Жлобіншчыны прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У пасляваенны час жыхары раёна прыклалі шмат намаганняў па наладжванні мірнага жыцця, аднаўленні разбуранай гаспадаркі. Былі адбудаваны населеныя пункты, адноўлены і пабудаваны новыя прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, навучальныя, культурна-асветніцкія і медыцынскія ўстановы.
Закранула Жлобінскі раён і аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі 26 красавіка 1986 г. 53 населеныя пункты аказаліся забруджанымі радыяцыяй. З іх, а таксама з іншых забруджаных раёнаў Гомельскай вобласці на бяспечныя тэрыторыі Жлобіншчыны было пераселена 3200 чалавек. У гарадскім пасёлку Стрэшын быў створаны Цэнтр сацыяльна–псіхалагічнай рэабілітацыі насельніцтва.
Зараз ў раёне дзейнічае каля двух дзясяткаў прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі, якія спецыялізуюцца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі і птушкагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, ільну, бульбы. Прамысловыя прадпрыемствы лёгкай, харчовай, паліўнай прамысловасці сканцэнтраваны ў Жлобіне. Буйнейшым і адным з лепшых вытворцаў металургічнай прадукцыі ў свеце з’яўляецца Беларускі металургічны завод, прадукцыя якога пастаўляецца ў 66 краін свету.
Медыцынскую дапамогу насельніцтву раёна аказваюць больш за 50 самастойных лячэбна-прафілактычных устаноў і структурных падраздзяленняў цэнтральнай раённай бальніцы, куды ўваходзяць паліклінікі, сельскія ўчастковыя бальніцы, фельшарска-акушэрскія пункты і інш. установы.
Сістэма адукацыі прадстаўлена 4 каледжамі, сеткай агульнаадукацыйных школ і вучэбна–педагагічных комплексаў. Працуцюць клубы і Дамы культуры, больш за 30 бібліятэк, 2 школы мастацтва, кінатэатр, заапарк, шэраг спартыўных збудаванняў. Традыцыйным стала правядзенне абласного фестывалю афганскай песні “Час выбраў нас”, конкурсу юных піяністаў “Ступень да Парнаса”.
Архітэктурная спадчына Жлобінскага краю прадстаўлена Свята-Пакроўскай царквой у Стрэшыне, пабудаванай у 1807 г., царквой Усіх Святых у вёсцы Пірэвічы (1902 г.), драўляным ветраным млынам ХІХ ст. ля вёскі Ляды. На ўскраіне вёскі Чырвоны Бераг знаходзіцца маёнтак Козел-Паклеўскіх, пабудаваны ў 1890–1893 гг. паводле праекта архітэктара В. Шротара – помнік палацава-паркавай архітэктуры. З 2015 г. тут працуе музей. Побач з палацам захаваўся пейзажны парк у англійскім стылі, які з’яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Тут жа, у Чырвоным Беразе, на месцы дзіцячага канцлагера ў 2007 г. адкрыты мемарыяльны комплекс “Дзецям – ахвярам Вялікай Айчыннай вайны”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г.