Дата пачатку: 1498 Гродзенская вобласць
Кароткая даведка: цэнтр раёна Гродзенскай вобласці
Назвы на іншых мовах: Дятлово (руская);
Папярэднія назвы: Здзяцел
Сучасны раённы цэнтр Дзятлава (Гродзенская вобласць), узнік на скрыжаванні дарог, што вялі да старажытных беларускіх гарадоў – Слоніма, Навагрудка і Ліды. Некаторыя вучоныя лічаць, што яго назва пайшла ад назвы возера Зьято, якое знаходзілася непадалёку ад паселішча.
Упершыню Дзятлава ўпамінаецца ў актах Літоўскай Метрыкі ў 1440–1450-х гг. Вядома, што каля 1492 г. вялікі князь літоўскі Казімір IV фінансаваў там будаўніцтва Успенскага касцёла. У 1498 г. князь Аляксандр падараваў воласць Здзецел (з правам заснавання мястэчка) гетману К. Астрожскаму, які пабудаваў там у пачатку ХVІ ст. замак (упамінаецца ў дакументах як «двор Здетело») і Спаса-Праабражэнскую царкву. У канцы XV – першай палавіне XVІ ст. Дзятлава ўваходзіла ў Трокскае ваяводства, у 1566 г. стала мястэчкам ў Слонімскім павеце. На працягу XVI ст. было ўласнасцю князёў Астрожскіх. Складалася з рынка, некалькіх вуліц (Гальшанская, Дворная, Дубатоўкаў, Памарайка, Саменая) і налічвала 118 двароў. У 1608 г. гаспадаром Дзятлава стаў канцлер Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) Л.І. Сапега, які яшчэ пры жыцці перадаў мястэчка малодшаму сыну Казіміру Льву. Пад яго кіраўніцтвам у 1624 г. пачалося будаўніцтва мураванага касцёла. У 1646 г. на рыначнай плошчы з'явіўся велічны храм Успення Багародзіцы (захаваўся да нашых дзён). Пры касцёле былі заснаваны шпіталь і бібліятэка, якая стала адной з лепшых у Гродзенскай губерні. Казімір Сапега валодаў Дзятлавым да 1655 г. і незадоўга да смерці адпісаў яго пісару ВКЛ князю А. Палубінскаму. З 1685 г. мястэчка стала ўласнасцю Радзівілаў. У 1699 г. там налічвалася больш за 1000 жыхароў, было 26 двароў, 9 вуліц, рынак. У час Паўночнай вайны (1700–1721) яго спалілі шведы, а замак, пабудаваны яшчэ пры К. Астрожскім, разбурылі. У 1708 г. у Дзятлаве стаялі на зімовых кватэрах галоўныя сілы рускай арміі на чале з А. Д. Меньшыкавым. Сюды ў студзені 1708 г. прыязджаў рускі цар Пётр І. У 1743 г. значная частка Дзятлава была знішчана пажарам. Згарэла і бібліятэка Радзівілаў. У 1751 г. на месцы разбуранага замка Радзівілы ўзвялі палац-сядзібу ў стылі позняга барока. Вакол быў разбіты парк у англійскім стылі з круглай сажалкай і архітэктурнымі масткамі, павільёнамі. У некалькі змененым выглядзе палац захаваўся да нашый дзён. Мястэчка хутка адбудоўвалася і павялічвала свае межы. У 1778 г. там было 168 двароў, у 1784 г. 5 вуліц, 3 завулкі, рынак, 176 двароў, 3 млыны, школа, шпіталь, лазня.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Дзятлава ўвайшло ў склад Расійскай Імперыі як мястэчка Слонімскага павета (з 1797 г. – Літоўскай, з 1801 г. – Гродзенскай губерняў). З канца XVIII ст. уладанне графа С. Солтана, потым яго сына, які пабудаваў там невялікую папяровую фабрыку, цагляны завод, паштовую станцыю. Пасля паўстання 1830–1831 гг. мястэчка стала дзяржаўнай уласнасцю. Адмена прыгоннага права і рэформы 1860-х гг. стварылі ўмовы для больш хуткага эканамічнага развіцця Дзятлава. У 1880-я гг. там дзейнічалі драўляная царква, мураваны касцёл, капліца, 2 сінагогі. Працавалі шпіталь, школа, аптэка, 2 млыны, 2 фарбавальні, некалькі дробных гарбарняў, крамы, паштовая станцыя. У 1890-я гг. – 2 цісавыя фабрыкі, 2 медаварні, больш за 40 невялікіх майстэрняў (у кожнай было па 2-3 чалавекі), штогод праводзіліся 2 кірмашы. У пачатку ХХ ст. на базе 3-х мясцовых аптэк было створана аптэкарскае і крэдытна-ашчаднае таварыствы, адкрылася майстэрня па апрацоўцы жалеза, працавалі ватная фабрыка, лесапільня, цагельня, 2 гарбарныя заводы.
У Першую сусветную вайну Дзятлава з 1915 г. да лістапада 1918 г. было акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі. З 1 студзеня 1919 г. увайшло ў склад БССР. У час Польска-савецкай вайны (1919–1920) Дзятлаўшчына апынулася ў цэнтры фронту, што праходзіў па лініі Вільня – Ліда – Слонім – Баранавічы. У лютым 1919 г. мястэчка акупіравалі польскія войскі. У канцы ліпеня 1920 г. вызвалена часцямі Заходняга фронту пад кіраўніцтвам М.Н. Тухачэўскага. З 1921 г. Дзятлава зноў у складзе Польшчы, цэнтр гміны Слонімскага павета Навагрудскага ваяводста. У лістападзе 1939 г. увайшло ў БССР. У снежні гэтага ж года адбыўся новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел і 15 студзеня 1940 г. быў утвораны Дзятлаўскі раён, які далучыўся да Баранавіцкай вобласці. Мястэчка стала гарадскім пасёлкам, цэнтрам гэтага раёна. За два гады мірнага жыцця (да 1941 г.) многае ў Дзятлаве змянілася. У пасёлку дзейнічалі 17 прадпрыемстваў, 5 арцелей, былі адкрыты 2 бальніцы (у тым ліку інфекцыйная), зубалячэбная амбулаторыя, аптэка, працавалі клуб, 3 сярэднія школы, бібліятэка. У Вялікую Айчынную вайну з 30 чэрвеня 1941 г. Дзятлава акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, супраць якіх адразу разгарнулася ўсенародная барацьба. Арганізатарамі партызанскага руху на Дзятлаўшчыне былі камуністы, актывісты мясцовага насельніцтва і ваеннаслужачыя Чырвонай Арміі, якія апынуліся ў акружэнні. Для правядзення падпольнай работы ў варожым гарнізоне лютым 1944 г. быў створаны Дзятлаўскі антыфашысцкі камітэт, які ўзначаліў Г.П. Русін. Ён аказваў дапамогу камандаванню партызанскіх атрадаў і брыгад, забяспечваў агентурнымі звесткамі, прадуктамі харчавання, вопраткай, зброяй, медыкаментамі. У гэты час дзейнічала таксама Дзятлаўскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Гарадскі пасёлак быў вызвалены 9 ліпеня 1944 г. часцямі 3-й арміі 2-га Беларускага фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі.
За гады вайны і акупацыі Дзятлава было амаль разбурана, пасёлак панёс незваротныя страты ў людзях. Нягледзячы на вялікія цяжкасці, яго жыхары прыступілі да аднаўлення гаспадаркі. У хуткім часе ў Дзятлаве пачалі працаваць цагельны завод, райбыткамбінат, кравецкая і галаўных убораў майстэрня, бальніца, амбулаторыя і аптэка, хлебазавод, віназавод, перасоўная механізаваная калона, раённая бібліятэка, электрастанцыя. 4 мая 1945 г. цэнтр Дзятлаўскага раёна быў перанесены ў г. п. Наваельня. З 8 студзеня 1954 г. увайшоў у склад Гродзенскай вобласці. З 25 снежня 1962 г. у Слонімскім раёне. З 6 студзеня 1965 г. зноў цэнтр раёна. 21 верасня 1990 г. пасёлак атрымаў статус горада, флаг і герб якога былі зацверджаны 1 снежня 2004 г.
На 1 студзеня 2017 г. у Дзятлаве налічвалася 7 тыс. 667 чалавек. Там працуюць прадпрыемствы харчовай, дрэваапрацоўчай прамысловасці, будаўнічых матэрыалаў. У горадзе знаходзіцца раённая база турызму і краязнаўства, гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікамі архітэктуры з'яўляюцца касцёл Успення Багародзіцы (1624–1646), Дзятлаўская сядзіба (1751), капліца-пахавальня (1813), Спаса-Праабражэнская царква (1839). З помнікаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны найбольш вядомыя – І.Ю. Філідовічу, які ў снежні 1942 г. паўтарыў подзвіг І. Сусаніна; дзецям з Ленінграда, Прыбалтыкі, Беларусі, Смаленскай і Арлоўскай абласцей і з міжнароднага лагера «Наваельня», якія загінулі ад голаду, эпідэмій, былі закатаваны фашыстамі ў 1943–1944 гг.; яўрэйскія могілкі, дзе ў брацкіх магілах пахаваны вязні дзятлаўскага гета. У горадзе ёсць таксама помнік тым, хто загінуў у Афганістане. У 1998 г. устаноўлены памятны знак у гонар 500-годдзя Дзятава.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.