Інстытут прыкладной фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАН Беларусі) ўваходзіць у склад Дзяржаўнага навукова-вытворчага аб'яднання «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па матэрыялазнаўству». Найважнейшым навуковым напрамкам інстытута традыцыйна з'яўляецца распрацоўка фізічных асноў, новых метадаў і сродкаў неразбуральнага кантролю якасці прамысловых вырабаў і тэхнічная дыягностыка. Яго гісторыя пачалася ў 1963 г., калі на базе лабараторыі фізічных праблем Фізіка-тэхнічнага інстытута АН БССР вядомым фізікам-магнітолагам М. С. Акуловым быў створаны Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю АН БССР. Пашырэнне навуковай тэматыкі даследаванняў паслужыла асновай для прыняцця Урадам у 1980 г. пастановы аб пераўтварэнні Аддзела фізікі неразбуральнага кантролю ў Інстытут прыкладной фізікі.
Інстытут прыкладной фізікі НАН Беларусі з'яўляецца адзіным як у рэспубліцы, так і за мяжой акадэмічным інстытутам, які спецыялізуецца ў галіне фізікі неразбуральнага кантролю і тэхнічнай дыягностыкі.У інстытуце ёсць лабараторыі металафізікі, радыётамаграфіі, кантактна-дынамічных метадаў контролю, магнітных метадаў контролю, ультрагукавога і капілярнага контролю, фізікі электрамагнітных страт, вылічальнай дыягностыкі і інш. Тут вядзецца праца па падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў аспірантуры і дактарантуры. Асноўнымі кірункамі даследаванняў з'яўляюцца: развіццё навуковых асноў, даследаванне фізічных прынцыпаў, стварэнне метадаў і сродкаў неразбуральнага кантролю рэчыва, вырабаў і тэхналагічных працэсаў галін машынабудавання і энергетыкі; фізічныя і матэматычныя асновы вылічальнай дыягностыкі аб'ектаў і сістэм з неаднароднай і зменлівай структурай. Вядомасць інстытуту прынеслі вынікі даследаванняў па развіцці навуковых асноў тэорыі магнетызму, электрамагнітных, ультрагукавых, радыёхвалявых, кантактна-дынамічных, капілярных і іншых метадаў неразбуральнага кантролю. Прыкладныя распрацоўкі інстытута характарызуюцца шырокім спектрам навукова-тэхнічных задач, якія носяць шматгаліновы характар, а распрацаваныя сучасныя метады і сродкі неразбуральнага кантролю і тэхнічнай дыягностыкі знаходзяць сваё прымяненне ў энергетыцы, металургіі, аўта-, трактара- і сельгасмашынабудаванні, маторабудаванні, будаўніцтве, зварачнай вытворчасці, электроніцы, нафтахіміі, чыгуначным і аўтамабільным транспарце, трубаправодным транспарце, мостабудаванні, авіябудаванні, рамонтных службах. Навукоўцамі інстытута створана больш за 100 відаў новых, абароненых аўтарскімі пасведчаннямі і патэнтамі вядучых краін свету, спосабаў і сродкаў кантролю, укаранёных на шматлікіх прамысловых прадпрыемствах рэспублікі і за мяжой.
У цяперашні час найважнейшым вынікам дзейнасці інстытута з'яўляецца паспяховае выкананне і каардынацыя фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў у рамках Дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых даследаванняў «Тэхнічная дыягностыка», шэрагу дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм і праграм Саюзнай дзяржавы, а таксама навуковых даследаванняў у рамках шэрагу праектаў Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. Штогод навукоўцамі інстытута публікуецца каля 100 артыкулаў і дакладаў у зборніках канферэнцый, новыя распрацоўкі інстытута абараняюцца 15–20 патэнтамі, паспяхова выконваецца некалькі дзясяткаў гаспадарчых дагавораў і кантрактаў з арганізацыямі і прадпрыемствамі Рэспублікі Беларусь, краін блізкага і далёкага замежжа па распрацоўцы і пастаўцы сродкаў неразбуральнага кантролю і тэхнічнай дыягностыкі.
Інстытут падтрымлівае актыўныя міжнародныя сувязі, з'яўляцца адным з заснавальнікаў Сусветнай федэрацыі цэнтраў неразбуральнага кантролю (штаб-кватэра Сусветнай федэрацыі знаходзіцца ў ЗША).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.