Петрыкаў – горад у Гомельскай вобласці, цэнтр Петрыкаўскага раёна. Знаходзіцца за 190 км на паўднёвы захад ад Гомеля, у 13 км ад чыгуначнай станцыі Муляраўка на лініі Лунінец – Калінкавічы. Аўтадарогамі злучаны з Мазыром, Калінкавічамі, Жыткавічамі. Размешчаны на рацэ Прыпяці.
Па пісьмовых крыніцах паселішча вядома з XV ст. як мястэчка ў Вялікім Княстве Літоўскім, з канца XV ст. знаходзілася ў Слуцкім княстве, з 1507 г. уваходзіла ў Навагрудскі павет Навагрудскага ваяводства, з’яўлялася ўласнасцю князёў Алелькавічаў. У XVII ст. Петрыкаў належаў магнатам Хадкевічам. У антыфеадальную вайну (1648–1651) у мястэчку размяшчалася база казацка-сялянскіх паўстанцаў, адкуль адпраўляліся боепрыпасы ў суседнія гарады. У 1655 г. у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) тут знаходзіўся гарнізон, які складаўся з навакольнай шляхты і мяшчан.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Петрыкаў далучаны да Расійскай імперыі і стаў цэнтрам воласці Мазырскага павета Мінскай губерні. У 1864 г. у мястэчку было адкрыта народнае вучылішча. У 1866 г. дзейнічалі 3 царквы, 2 сінагогі, 2 вадзяныя млыны, штогод праводзіліся 2 кірмашы. Паводле перапісу 1897 г. у Петрыкаве налічвалася каля 400 двароў, пражывала 5,5 тыс. жыхароў, працавалі 2 пачатковыя школы, бальніца, касцёл, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, 2 майстэрні па апрацоўцы скур і інш.
З 1 студзеня 1919 г. мястэчка ўвайшло ў склад БССР, з 29 жніўня 1919 да 10 жніўня 1920 г. знаходзілася ў Гомельскай губерні РСФСР, з 17 ліпеня 1924 г. да 26 ліпеня 1930 г. і з 21 чэрвеня 1935 г. з’яўлялася цэнтрам раёна ў Мазырскай акрузе. 3 ліпеня 1925 г. Петрыкаў атрымаў статус горада. У 1920-я гг. тут дзейнічалі паравы млын з лесапільняй, кравецкая, шавецкая, суднабудаўнічая майстэрні, хлебапякарня. У 1930-я гг. працавалі цагельны завод, маслазавод, леспрамгас, рыбгас і інш. 20 лютага 1938 г. горад уключаны ў склад Палескай вобласці.
29 ліпеня 1941 г. Петрыкаў быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У горадзе і раёне дзейнічалі Петрыкаўскае антыфашысцкае падполле, падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскія атрады. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, здабывалі звесткі пра варожы гарнізон у Петрыкаве, карныя аперацыі і засылку фашысцкай агентуры ў партызанскія атрады, прымалі ўдзел у дыверсіях. У 1943 г. падарвалі будынак гебітскамісарыята, знішчылі 12 рухавікоў для бранякатэраў, 3 аўтамашыны, вывелі са строю 2 зенітныя гарматы. Горад быў вызвалены 29 чэрвеня 1944 г. воінамі 61-й арміі 1-га Беларускага фронту і маракамі Дняпроўскай ваеннай флатыліі ў ходзе Мінскай аперацыі.
З 8 студзеня 1954 г. Петрыкаў увайшоў у склад Гомельскай вобласці. У 1974 і 2006 гг. былі распрацаваны генеральныя планы яго развіцця. Сучасны горад складаецца з кварталаў капітальнай забудовы. Цэнтральную частку ўтвараюць вуліцы Бумажкова, Гагарына, Камуністычная, Розы Люксембург. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр сфарміраваны на перакрыжаванні вуліц Карла Маркса і Гагарына ў раёне вуліц Камунальнай і Ленінскай.
У 2001 г. Петрыкаў атрымаў афіцыйны герб – на іспанскам шчыце выява залатога і сярэбранага ключоў.
У цяперашні час у горадзе працуюць гімназія, 2 сярэднія агульнаадукацыйныя школы, дзіцячая школа мастацтваў, 4 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, цэнтральная раённая бібліятэка, гісторыка-краязнаўчы музей, раённая бальніца, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Дзейнічаюць лясгас, камбінат бытавога абслугоўвання, прадпрыемствы грамадскага харчавання, гандлю і інш. Выдаецца раённая газета “Петрыкаўскія навіны”.
У Петрыкаве знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў, устаноўлены помнікі народнаму герою, удзельніку партызанскага руху ў Беларусі ў гады грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў В.І. Талашу, воінам-вызваліцелям, ахвярам фашызму. Захаваліся помнікі архітэктуры: Мікалаеўская царква (1839), Вазнясенская царква (1890), Васкрасенская капліца (ХІХ ст.).
Петрыкаў з’яўляецца радзімай народнай артысткі РСФСР В.Д. Пальвінскай, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Л.М. Лейтмана, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара А.Х. Турэцкага, беларускага мастака М.І. Кебеца.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.