Афіцыйны орган Магілёўскай праваслаўнай духоўнай кансісторыі, часопіс “Могилёвские епархиальные ведомости”, пачаў сваю гісторыю з 1 ліпеня 1883 г. Напачатку выходзіў у Магілёве на рускай мове 3 разы ў месяц (з 1907 г. – 2 разы, у 1917 г. выйшла толькі 2 нумары).
Складаўся з афіцыйнай і неафіцыйнай частак. З красавіка 1917 г. замест апошняй выходзіў двухтыднёвы рэлігійна-маральны часопіс “Воскресение”. У афіцыйнай частцы друкаваліся пастановы і распараджэнні ўрада і мясцовых улад па царкоўных справах, рашэнні і справаздачы Сінода і службовых асоб, аб’явы і распараджэнні кансісторыі. Часопіс змяшчаў на сваіх старонках звесткі аб бягучых справах царквы: адкрыцці царкоўных устаноў і навучальных устаноў пры іх, важных падзеях у епархіі і інш. У выглядзе дадаткаў да афіцыйнай часткі выходзілі розныя акты з’ездаў, рэвізіі ўстаноў епархіі і іншыя матэрыялы.
У неафіцыйнай частцы друкаваліся артыкулы царкоўна-гістарычнага характару: дзённікі і пратаколы епархіяльных з’ездаў, справаздачы епархіяльных арганізацый, звесткі пра дзейнасць Богаяўленскага брацтва, царкоўна-прыходскіх школ і іншых навучальных устаноў, артыкулы па гісторыі Магілёўскай епархіі, гістарычныя нарысы пра асобныя манастыры, мемуарныя матэрыялы магілёўскіх святароў і інш. Змяшчаліся матэрыялы ў дапамогу святарам: як праводзіць гутаркі са стараверамі, як весці барацьбу з забабонамі і г. д. У кожным нумары вёўся летапіс бягучых падзей, што тычыліся розных бакоў грамадскага жыцця.
Многія матэрыялы “Ведомостей” друкаваліся асобнымі выданнямі ў друкарнях Магілёва. Рэдактарамі часопіса ў розныя гады працавалі П. Сахараў, І. Пятніцкі, Д. і В. Ціхаміравы, А. Малевіч.
У красавіку 1991 г. Магілёўскай епархіяй Беларускай праваслаўнай царквы быў адноўлены выпуск “Могилёвских епархиальных ведомостей” спачатку як газеты, а з 2000 г. – як часопіса. У 1991–1995 гг. ведамасці выходзілі штомесячна, з 1995 г. – 1 раз у квартал. Матэрыялы ў часопісе друкуюцца на рускай, беларускай і царкоўна-славянскай (у богаслужэбных тэкстах) мовах. Афіцыйная частка часопіса складаецца з рубрык: “Агульнацаркоўныя падзеі”, “У Беларускім экзархаце”, “Інфармацыя Епархіяльнага ўпраўлення”. Тут публікуюцца пасланні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, епархіяльнага архіерэя, выпіскі з пастаноў Свяшчэннага Сінода Рускай праваслаўнай царквы і Сінода Беларускага экзархата, указы аб прызначэннях і перамяшчэннях святароў па Магілёўскай епархіі, звесткі аб архіерэйскіх служэннях.
У неафіцыйнай частцы часопіса змяшчаюцца артыкулы і заметкі аб важнейшых падзеях епархіяльнага жыцця, весткі з манастыроў, прыходаў, брацтваў і сястрыцтваў, пропаведзі, жыція святых, урыўкі з твораў святых айцоў, гісторыка-краязнаўчыя апісанні прыходаў, храмаў, манастыроў, святынь епархіі, матэрыялы аб персаналіях, богаслужэбна-каляндарныя заметкі і інш.
Матэрыял падрыхтаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У. І. Леніна ў 2011 г.