Адкрытае акцыянернае таварыства “Мінскі завод колавых цягачоў” з’яўляецца сучасным машынабудаўнічым прадпрыемствам.
Адпраўной кропкай у яго развіцці прынята лічыць 23 ліпеня 1954 г., калі быў падпісаны загад дырэктара Мінскага аўтамабільнага завода аб стварэнні на базе завода спецыяльнага канструктарскага бюро (СКБ-1) і цэха вопытнай вытворчасці (ЦВВ) па выпуску спецыяльных колавых цягачоў для буксіроўкі артылерыйскіх сістэм. Да канца 1980-х гг. асноўнай прадукцыяй СКБ-1 былі шасі і цягачы, якія выпускаліся для патрэб Міністэрства абароны СССР. Яны сталі транспартнай базай цяжкіх комплексаў узбраенняў, у тым ліку ракетных комплексаў аператыўна-тактычнага прызначэння: “Тэмп-С”, “Эльбрус”, комплексаў супрацьпаветранай абароны “С-300”, ракетных сістэм залпавага агню “Смерч”, комплексаў берагавой абароны “Бераг”, “Рубеж”, ракетных стратэгічных “Тэмп 2 С”, “Піянер”, “Топаль”, “Топаль-М”. Прадукцыя прадпрыемства стала таксама транспартнай базай для камандна-штабных пунктаў, размяшчэння і транспарціроўкі радыёлакацыйных сродкаў і рухомых РЛС.
Працяглы час СКБ-1 узначальваў выдатны канструктар Барыс Львовіч Шапашнік – лаўрэат Дзяржаўнай і Ленінскай прэмій, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі, доктар тэхнічных навук. У 1958 г. у Бруселі (Бельгія) унікальнасць і якасць канструкцыі саракатоннага МАЗ-530, створанага на аснове яго распрацовак, былі адзначаны Гран-пры Сусветнай прамысловай выстаўкі. Імя Б. Л. Шапашніка назаўсёды ўвайшло ў гісторыю айчыннага аўтамабілебудавання.
У пачатку 1990-х гг. прадпрыемства перапрафіліравала частку сваіх магутнасцей на выпуск машын для народнай гаспадаркі. Новыя мадэлі распрацоўваліся з улікам вопыту працы на ваенны комплекс. У выніку была асвоена вытворчасць цэлай гамы аўтамабільнай тэхнікі павышанай праходнасці пазадарожнага класа і дарожнага габарыту для будаўнічай галіны і нафтагазавага комплексу. Новае пакаленне аўтамабіляў, якія выпускае завод, атрымала таварны знак “Волат”. Уся тэхніка Мінскага завода колавых цягачоў выгадна адрозніваецца высокай праходнасцю, павышанай прадукцыйнасцю, здольнасцю перавозіць цяжкія, буйнагабарытныя, непадзельныя грузы ў любых дарожных умовах. Галоўная яе вартасць – арыгінальная рама і шасі, якія дасталіся ў спадчыну ад ваеннай тэхнікі. Як вядома, “ваенная прыёмка” для арміі жорсткая і бескампрамісная: як мага больш надзейнасці і эфектыўнасці.
У цяперашні час ААТ “Мінскі завод колавых цягачоў” распрацоўвае і вырабляе аўтатранспартныя сродкі пазадарожнага і дарожнага тыпаў: шасі для мантажу рознага спецыяльнага абсталявання (бетоназмяшальнікаў, бетонанасосаў, цэмента-, вада-, і бензавозаў, кантэйнеравозаў), шасі для мантажу кранавага абсталявання, седлавыя цягачы і аўтапаязды, баластныя цягачы для транспарціроўкі грузаў да 400 тон, прычэпы і паўпрычэпы, самазвалы, шасі для мантажу спецыяльнага сервіснага абсталявання для нафтавых і газавых радовішчаў і інш. У складзе прадпрыемства працуюць 10 вытворчых і 3 дапаможных цэхі, 25 функцыянальных упраўленняў, 10 аддзелаў, гандлёвыя прадстаўніцтвы ў краінах СНД і Кітаі. Агульная колькасць работнікаў прадпрыемства складае больш за 4 тыс. чалавек.
За свае вытворчыя дасягненні Мінскі завод колавых цягачоў узнагароджаны Прэміяй Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2017).
Матэрыял падрыхтаваны ААТ “Мінскі завод колавых цягачоў” у 2010 г., актуалізаваны ў 2024 г.