Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы (РІВШ) заснаваны ў 1973 г. як Інстытут павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў грамадскіх навук пры Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У. І. Леніна. У 1991 г. перайменаваны ў Інстытут павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў гуманітарных дысцыплін. У 1992 г. пераўтвораны ў Нацыянальны інстытут гуманітарных навук. З 1993 г. інстытут перададзены ў падпарадкаванне Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У 1994 г. рэарганізаваны ў Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У 1996 г. перайменаваны ў Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 2000 г. – у вучэбна-адукацыйную ўстанову Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта «Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы». У 2004 г. атрымаў сучасную назву – Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы».
Зараз РІВШ з’яўляецца галоўным рэспубліканскім вучэбным навукова-практычным цэнтрам вышэйшай школы, лідэрам па ўкараненні інавацыйных тэхналогій у сістэму адукацыі Беларусі. Галоўныя кірункі дзейнасці інстытута – распрацоўка пытанняў развіцця вышэйшай школы і сістэмы дадатковай адукацыі, арганізацыя павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі і стажыроўкі кадраў, правядзенне фундаментальных и прыкладных даследаванняў па праблемах развіцця нацыянальнай сістэмы вышэйшай адукацыі і сістэмы бесперапыннай прафесійнай адукацыі, распрацоўка вучэбных праграм дысцыплін сацыяльна-гуманітарнага цыкла. Інстытут на пастаяннай аснове праводзіць аптымізацыю сістэмы спецыяльнасцей і кваліфікацый у залежнасці ад патрэб грамадства і нацыянальнай эканомікі. РІВШ каардынуе дзейнасць вучэбна-метадычных аб’яднанняў устаноў вышэйшай адукацыі краіны, паспяхова арганізуе сістэму менеджменту якасці ўcтаноў адукацыі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, суправаджае арганізацыйную, інфармацыйную, метадычную і навуковую падтрымку тэхналогій выкладання сацыяльна-гуманітарных і прыродазнаўчых дысцыплін на ўсіх ступенях адукацыі, аказвае інфармацыйную падтрымку міжнароднага супрацоўніцтва і інш. Адным з кірункаў дзейнасці інстытута з’яўляецца арганізацыйная работа з адоранай моладдзю.
Структура РІВШ уключае факультэт павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, факультэт адукацыйных паслуг, навучальны цэнтр нарматыўна-метадычнага забеспячэння вышэйшай школы, навучальны цэнтр міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, навучальны цэнтр бесперапыннай прафесійнай адукацыі, упраўленне выхаваўчай работы з моладдзю, навуковы цэнтр, цэнтр метадычнага забеспячэння навучальна-выхаваўчага працэсу вышэйшай школы, навукова-адукацыйны цэнтр аховы працы і прамысловай бяспекі, рэдакцыйна-выдавецкі цэнтр па навучальным і метадычным забеспячэнні навучальнага працэсу, цэнтр прызнання дакументаў (Belarus Enic), рэспубліканскі маладзёжны цэнтр, рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр.
Інстытут займаецца павышэннем якасці падрыхтоўкі кадраў сісітэмы адукацыі не толькі на рэспубліканскім, але і на рэгіянальным узроўні. Падраздзяленні РІВШ дзейнічаюць ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, а таксама ў Барысаве, Лідзе, Салігорску. Інстытут паспяхова наладжвае партнёрскія сувязі з замежнымі ўніверсітэтамі, навучальнымі, навуковымі і інфармацыйнымі цэнтрамі, ажыццяўляе навукова-метадычнае суправаджэнне ў сферы адукацыі ў рамках Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, Садружнасці Незалежных Дзяржаў і інш.
Інстытутам выпускаюцца вучэбныя дапаможнікі, курсы лекцый, манаграфіі і штогадовы зборнік «Научные труды Республиканского института высшей школы».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.