Адным з буйнейшых вытворцаў мясных прадуктаў у Беларусі з'яўляецца ААТ «Барысаўскі мясакамбінат» – сучаснае мясаперапрацоўчае прадпрыемства, аснашчанае ўсім неабходным абсталяваннем для выпуска якаснай прадукцыі шырокага асартыменту. Пачаткам дзейнасці мясакамбіната лічыцца 1933 г., калі на месцы былой жывёлабойні з’явілася невялікае прадпрыемства па вытворчасці мяса і каўбасных вырабаў для жыхароў Мінска і Міншчыны. Прадукцыя мясакамбіната адрознівалася высокай якасцю і карысталася вялікім попытам, што прывяло да неабходнасці яго ўзбуйнення. На 1941 г. было запланавана будаўніцтва харчовага камбіната павялічанай магутнасці, аднак гэтым планам не давялося здзейсніцца – пачалася Вялікая Айчынная вайна. Адразу пасля вызвалення Барысава ўзнікла неабходнасць у аднаўленні мясакамбіната: будынак прадпрыемства быў знішчаны нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў чэрвені 1944 г.
У 1965 г. у паўднёвай частцы Барысава пачалося будаўніцтва новых карпусоў камбіната, 1 студзеня 1968 г. прадпрыемства было ўведзена ў эксплуатацыю. Вытворчая моц мясакамбіната складала 30 тон мяса і 5 тон каўбасных вырабаў у змену. Напрыканцы 1970-х гг. Барысаўскі мясакамбінат стаў адным з лепшых у краіне, і яго прадукцыя пачала рэгулярна паступаць у Маскву і Ленінград. У канцы снежня 1970 г. быў падпісаны акт уводу ў эксплуатацыю адзінага ў краіне цэха па выпуску сыравэнджаных каўбасных вырабаў. Дзякуючы сваёй выключнай якасці вялікім попытам карысталіся «Польская», «Сервелат», «Столичная», «Майкопская», «Зернистая» і іншыя гатункі каўбасы. У 1975–1980 гг. на Барысаўскім мясакамбінаце быў пабудаваны новы корпус першаснай апрацоўкі жывёл магутнасцю да 50 тон мяса ў змену, была павялічана магутнасць халадзільніка, пачаў дзейнасць новы мясатлушчавы цэх, магутнасць каўбаснага цэха склала больш за 10 тон каўбасных вырабаў у суткі. На прадпрыемстве штогод пашыраўся асартымент прадукцыі, вырабляліся новыя яе віды і гатункі, павялічваўся працэнт каўбасных вырабаў, адзначаных дзяржаўным Знакам якасці.
У 2000-я гг. працэс аднаўлення парку тэхналагічнага абсталявання мясакамбіната быў працягнуты: адбылося тэхнічнае пераўзбраенне каўбаснага цэха і цэха па выпуску сыравэнджаных каўбасных вырабаў (2002), была ўведзена ў эксплуатацыю новая пельменная лінія з тэхналогіяй дамашняй лепкі (2005), канвееры для абвалкі і кліматычныя сушыльныя камеры для каўбас (2008), адбылася мадэрнізацыя вытворчай лабараторыі (2010–2011). Дзякуючы тэхнічнаму пераўзбраенню Барысаўскі мясакамбінат не страціў лідзіруючых пазіцый на рынку мясных прадуктаў: сёння аб’ём прадукцыі складае каля 40 тон каўбасных вырабаў і 13 тон паўфабрыкатаў у суткі. Візітнай карткай прадпрыемства застаюцца сыравэнджаныя каўбасы «Брауншвейгская», «Советская», «Столичная», «Майкопская», «Раубичская», «Богатырская», «Огненская» і інш. У склад вытворчых магутнасцяў Барысаўскага мясакамбіната ўваходзяць чатыры асноўныя цэхі: каўбасны, спецыялізаваны цэх па выпуску сыравэнджаных каўбасных вырабаў, мясатлушчавы цэх і халадзільнік. На прадпрыемстве вырабляецца больш за 400 найменняў вырабаў. Адной з прычын поспехаў прадпрыемства з’яўляецца высокая якасць сыравіны. Тэхналагічная служба мясакамбіната ўвесь час працуе над пашырэннем асартыменту выпускаемай прадукцыі, якая праходзіць неабходныя біяхімічныя, санітарна-хімічныя і арганалептычныя выпрабаванні. З 2003 г. на Барысаўскім мясакамбінаце дзейнічае сістэма менеджменту якасці ІSO 9001–2001, які выкарыстоўваецца падчас распрацоўкі, захавання і паставак мясной прадукцыі. У 2007 г. камбінат атрымаў экалагічны сертыфікат адпаведнасці патрабаванням СТБ ISO 14001–2005.
За гады існавання прадпрыемства неаднаразова ўдзельнічала ў розных прэстыжных форумах, выставах, ярмарках і конкурсах. Напружаная праца калектыву Барысаўскага мясакамбіната неаднойчы адзначалася дзяржаўнымі ўзнагародамі самага высокага кшталту. Толькі ў 2012–2013 гг. прадпрыемства стала лаўрэатам Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці, перамагло ў конкурсе «Прадукт года-2012», атрымала своеасаблівы Гран-пры конкурсу-дэгустацыі «ГУСТ» – дыплом «Залаты ГУСТ», стала ўладальнікам трох Гран-пры конкурсу-дэгустацыі «Чемпион вкуса-2013» і інш.
Сёння ў структуру Барысаўскага мясакамбіната ўваходзяць паляўнічая гаспадарка «Королевская охота» і рэстаран з аднайменнай назвай, сталовая, дзіцячы аздараўленчы лагер «Салют» і сацыяльна-бытавы комплекс: інтэрнат, гасцініца, салон-парыкмахерская «Miss», трэнажорны зал. Прадпрыемства мае сетку магазінаў фірменнага гандлю па ўсёй краіне, дзейнічае прадстаўніцтва мясакамбіната, якое займаецца рэалізацыяй прадукцыі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.
ААТ «Барысаўскі мясакамбінат» – сучаснае высокатэхналагічнае прадпрыемства, якое ўносіць важкі ўклад у эканоміку нашай краіны.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.