Кароткая даведка:
помнік абарончага дойлідства, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка–культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варыянты назвы:
"Белая вежа"; Белая вежа; Камянеці стоўп
Назвы на іншых мовах:
Белая вежа (руская); Каменецкая башня (руская); Каменецкий столп (руская);
3387 сімвалаў
Даведка
Камянецкая вежа (Камянецкі стоўп, Белая вежа) – унікальны помнік абарончага дойлідства канца XIII ст., узор ваенна-інжынернага мастацтва. Гэта адзіная ацалелая пабудова з групы так званых валынскіх вежаў, што некалі існавалі ў шэрагу беларускіх гарадоў (Брэсце, Тураве, Полацку, Гродне, Навагрудку і інш.) і служылі месцам апошняй абароны і ўкрыцця пры нападзе ворага.
Гісторыя вежы цесна звязана з Камянцом, які ўзнік як горад-крэпасць на паўночных граніцах Уладзіміра-Валынскага княства. Дакладная дата яе збудавання невядома. Паводле Іпацьеўскага летапісу вежа ўзводзілася паміж 1271 і 1289 гг. дойлідам Алексам і з’яўлялася галоўным абарончым рубяжом сістэмы ўмацаванняў старажытнага Камянца. Паселішча з трох бакоў было акружана земляным валам і ровам, з чацвёртага яго надзейна ахоўвала рака. Камянецкая вежа размешчана ў цэнтры. У плане яна круглая, вонкавы дыяметр – 13,6 м. Таўшчыня сцен – 2,5 м. Агульная вышыня вежы (ад фундамента да верху зубцоў) – 30 м. Стаіць на магутным падмурку з бутавага каменю, перасыпанага чыстым дробным пяском. Сцены складзены з двухколернай цэглы – цёмна-чырвонай і жаўтаватай. У іх звонку і ўнутры – вялікая колькасць прамавугольных адтулін і прарэзаных байніц, паміж якімі размешчаны плоскія нішы. Усе пяць ярусаў злучаны паміж сабой драўлянымі лесвіцамі, наверх вядуць цагляныя ўсходы (з пятага яруса), што выходзяць на баявую пляцоўку, акружаную 14 зубцамі. Тут днём і ноччу стаялі дазорныя, якія ўважліва сачылі за ворагам. Як абарончая пабудова Камянецкая вежа характарызуецца простымі і строгімі формамі. Аднак пояс з чатырох радоў цаглін на паверхні фасада, чаргаванне стрэльчатых вокнаў і дэкаратыўных ніш у верхнім ярусе, а таксама аркі над праёмамі чацвёртага яруса надаюць вежы сціплую прыгажосць.
На долю Камянца і яго абарончай вежы выпала нямала выпрабаванняў. Неаднаразова з 1373 г. горад падвяргаўся нападам рыцараў-крыжакоў. У 1382 г. быў захоплены польскім князем Янушам Мазавецкім, а праз год сюды ўвайшлі пасля сямідзённай асады воіны вялікага князя літоўскага Ягайлы. У перыяд зацяжной міжусобіцы з Вітаўтам Ягайла ў 1392 г. зноў асаджаў горад і ўзяў яго штурмам.
З цягам часу Камянецкая вежа страціла сваё абарончае значэнне. У 1897 г. яе як старажытны помнік вырашана было рэстаўрыраваць, і ў 1899 г. па заданні Імператарскай археалагічнай камісіі вежу даследаваў і склаў праект аднаўлення акадэмік У. В. Суслаў. Работы былі выкананы ў 1903–1905 гг. пад кіраўніцтвам архітэктара П. П. Пакрышкіна. Назва “Белая вежа” ўзнікла ў XIX ст., калі помнікам зацікавіліся царскія ўлады і сам цар, які часта ездзіў у Белавежскую пушчу на паляванне. У 1903 г. выйшла кніга Г. П. Карцова “Беловежская пуща”, дзе памылкова было напісана, што Камянецкая вежа стаіць не на рацэ Лясной, а на Белай – адсюль і назва. Адпаведна другой версіі, прыдуманай мясцовым свяшчэннікам, яе назвалі Белай, калі ў старажытнасці пабялілі. У 1970 г. каля вежы праводзіліся раскопкі, якімі кіраваў беларускі археолаг М. А. Ткачоў. Гісторыя тады папоўнілася новымі цікавымі звесткамі.
Камянецкая вежа абвешчана помнікам гісторыі і культуры, узята пад ахову дзяржавы. Тут з 1960 г. размешчаны філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, які штогод наведваюць турысты з усіх куткоў свету. У 2004 г. вежа ўключана ў папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА як помнік абарончага дойлідства.