Выдатны арганіст і музыказнавец, кампазітар і публіцыст, педагог і грамадскі дзеяч Браніслаў Руткоўскі нарадзіўся ў в. Камаі Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і. Мясцовы касцёл для хлопца быў не толькі сакральным месцам, але і храмам мастацтва, дзе ён міжволі далучыўся да музыкі і спеваў, авалодаў азамі арганнай музыкі. Меў незвычайныя музычныя здольнасці і бацькі вырашылі адправіць яго вучыцца ў Дзісенскую прагімназію (1910–1914). Пасля заканчэння вучобы Б. Руткоўскі прадоўжыў навучанне ў польскай гімназіі святой Кацярыны ў Санкт-Пецярбургу. Грунтоўную адукацыю набыў у Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі (1915–1918) і Варшаўскай кансерваторыі (1921–1924), вучыўся на гуманітарным аддзяленні Віленскага ўніверсітэта (1919–1921). Атрымаўшы спецыяльную двухгадовую стыпендыю, ён апынуўся ў Францыі, дзе меў магчымасць працягнуў вучобу ў Парыжы. Займаўся ў вядомага арганіста сабора Парыжскай Божай Маці Л. Вернэ, пазнаёміўся з выканальніцкім майстэрствам М. Дзюпрэ і А. Марашаля.
Далейшы лёс Б. Руткоўскага звязаны з Польшчай. Сваю педагагічную дзейнасць пачаў у Варшаўскай кансерваторыі, адначасова служыў арганістам у касцёле святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве. Актыўна супрацоўнічаў з Польскім радыё. Валодаючы шырокай эрудыцыяй і аратарскімі здольнасцямі, пачуццём гумару і артыстызмам, рыхтаваў шматлікія музычныя праграмы. Займаўся музычнай апрацоўкай народных, у тым ліку і беларускіх, спеваў і твораў для аргана. Яны заўсёды мелі поспех у эфіры, які вёў Б. Руткоўскі. Быў ініцыятарам стварэння Таварыства старажытнай музыкі і з’яўляўся яго старшынёй. Займаўся арганізацыяй канцэртаў, выдавецкай дзейнасцю і папулярызацыяй музыкі сярод моладзі. Шмат намаганняў прыклаў Б. Руткоўскі па рэдагаванні і ўдасканаленні выданняў «Квартальнік музычны», «Польская музыка», «Музычная газетка» – важкіх носьбітаў музычна-эстэтычнай думкі. Напярэдадні Другой сусветнай вайны Б. Руткоўскі выступіў ініцыятарам стварэння ў Крэменьцы, дзе яму давялося жыць і працаваць на працягу 12 гадоў, летніх настаўніцкіх курсаў, на якіх праводзілі своеасаблівыя майстар-класы знакамітыя дзеячы музычнага мастацтва. У час Вялікай Айчыннай вайны прымаў удзел у Варшаўскім паўстанні 1944 г. Пасля яго разгрому трапіў у канцэнтрацыйны лагер, адкуль быў вызвалены войскамі саюзнікаў, і адразу выехаў у Італію. Пасля вайны, вярнуўшыся з Італіі, застаўся ў Кракаве, дзе жыў і працаваў да канца жыцця. З 1946 г. быў прафесарам Дзяржаўнай вышэйшай музычнай школы ў Кракаве (цяпер Кракаўская акадэмія музыкі). З 1955 па 1964 г. з'яўляўся яе рэктарам. Браніслаў Руткоўскі лічыцца стваральнікам пасляваеннай Кракаўскай арганнай школы, якая стала фундаментам не толькі польскай арганістыкі, але і распаўсюдзілася на іншыя краіны Усходняй Еўропы. У 1957 г. заснаваў кафедру арганаў і клавесіна ў Кракаве, якая каардынавала працу ўсіх арганных класаў іншых ВНУ Польшчы. Таксама выкладаў у Ягелонскім універсітэце, быў мастацкім кіраўніком Кракаўскай філармоніі, членам Праграмнай калегіі Музычнага выдавецтва, членам савета Кракаўскага опернага таварыства, працаваў журналістам і галоўным рэдактарам часопіса «Рух музычны». Ён з'яўляўся адным з заснавальнікаў Міжнароднага фестывалю арганнай музыкі, які штогод адбываецца ў Гданьску. Паспяхова гастраляваў з канцэртамі па Еўропе, Савецкім Саюзе. Раптоўна памёр ад інфаркту ў касцёле святога Томаша ў Лейпцыгу у час працы ў журы Міжнароднага Бахаўскага конкурсу.
На яго радзіме, у в. Камаі ў прылеглым да касцёла скверы, які названы ў гонар славутага земляка, устаноўлены памятны знак. У памяць Б. Руткоўскага ў касцёлах Пастаўскага раёна кожны год праходзіць фестываль «Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.