Дата пачатку:
сярэдзіна ХV ст. Жабінкаўскі раён, Брэсцкая вобласць
Кароткая даведка:
вёска ў Жабінкаўскім раёне Брэсцкай вобласці, дзе знаходзілася адна з сядзіб роду Касцюшак
Назвы на іншых мовах:
Малые Сехновичи (руская);
4507 сімвалаў
Даведка
Вёска Малыя Сяхновічы (зараз Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобласці) мае права называцца малой радзімай славутага беларускага земляка Тадэвуша Касцюшкі. Як вялікакняжыцкае ўладанне Сяхновічы ўтвораны каля сярэдзіны ХV ст. і спачатку былі ўласнасцю роду Каранеўскіх. У 1509 г. прывілеем караля Жыгімонта I Старога за добрую службу былі падараваны Фёдару Касцюшку (1480 – каля 1561 г.). Першым поўнаўладным гаспадаром у Малых Сяхновічах быў Ян Рыгоравіч Касцюшка (1600?–1647). Ад яго маёнтак па спадчыне перайшоў сыну Стэфану, які прадаў Малыя Сяхновічы М. Целяціцкаму. У 1656 г. маёнтак зноў вярнуўся да Касцюшкаў, яго гаспадарамі сталі Аляксандр Ян (1629–1711) і Амброжы Казімір (1667 – каля 1720 г.), пры апошнім Сяхновічы прыйшлі ў заняпад. Аляксандр Ян Касцюшка пабудаваў невялікі дом. Паводле інвентара 1768 г., апублікаванага гісторыкам З. Глогерам, ён быў драўляны, аднапавярховы, меў высокі ламаны дах, накрыты саломай, ганак на чатырох слупах. Усяго было пяць жылых пакояў і сенцы. У памяшканні меліся печы з белай і зялёнай кафлі. Перад хатай стаяла ўязная брама з варотамі. З правага боку двара стаяў флігель, накрыты гонтам. Побач з ім – хатка з чатырма вокнамі, печчу і пякарняй. Далей – некалькі гаспадарчых пабудоў (хлеў, свіран). Двор быў агароджаны плотам. За паркам рос альховы лес.
У 1722 г. быў складзены інвентар на сямейную капліцу, вакол якой Аляксандр Ян Касцюшка залажыў могілкі. У 1729 г. у выніку значнай запазычанасці Л. Касцюшка (сын Амброжыя Казіміра) прадаў маёнтак у Сяхновічах. Пасля яго смерці апекуном сыноў – Юзафа і Тадэвуша – стаў Давыд Караль Касцюшка (каля 1700 – 1773 г.). Па яго дамоўленасці з маці Т. Касцюшкі гэты фальварак пасля смерці Давыда павінен быў перайсці ў спадчыну Тадэвушу. Вярнуўшыся ў 1784 г. у чыне генерала амерыканскіх войск на радзіму, Т. Касцюшка пяць гадоў гаспадарыў у Сяхновічах. Маёнтак знаходзіўся ў заняпадзе, захаваўся ва ўласнасці Касцюшкаў толькі дзякуючы фінансавай падтрымцы сястры Ганны і яе мужа П. Эсткі. У доме былі сталовая, спальня і месца для варштата (у вольны час Т. Касцюшка вырабляў на ім прыгожыя падносы і блюды з яблыневага дрэва). За домам знаходзіліся агарод, невялікі фруктовы сад, арэшнік. Нягледзячы на матэрыяльныя цяжкасці, ён паменшыў аброк і паншчыну, жанчын увогуле вызваліў ад цяжкай працы на полі. Унёс шмат новага ў развіццё маёнтка: распачаў вытворчасць галандскіх сыроў, побач з сядзібным домам разбіў парк з модным на той час лабірынтам, пабудаваў альтанку. Не забываў і пра кнігі, заўсёды клапаціўся аб набыцці новых выданняў для сваёй бібліятэкі. Успамінамі і ўражаннямі ад перажытага любіў дзяліцца з моладдзю, часта з ёй арганізоўваў вясёлыя забавы, у якіх сам прымаў удзел. 2 красавіка 1817 г. Т. Касцюшка склаў завяшчанне, згодна з якім адпісаў Сяхновічы наследнікам Ганны з умовай вызвалення сялян ад прыгонніцтва. У другой палове ХIХ ст. маёнтак перайшоў да роду Булгакаў, якія былі гаспадарамі Сяхновічаў да 1939 г.
Да нашых дзён захавалася толькі частка парку. Яе агульная плошча разам з сялянскімі дамамі, пабудаванымі на гэтым месцы значна пазней, складае 8 га. Існуюць ліпавая алея працягласцю 350 м, бярозавы гай, растуць клёны, дубы, каштаны, а таксама экзатычныя расліны. Сяхновіцкі парк мае мемарыяльнае значэнне. Захаваўся і адзіны гістарычны аб'ект тых часоў – будынак сыраварні з глыбокімі мураванымі скляпеннямі.
У 1988 г. каля Сяхновіцкай базавай школы быў устаноўлены помнік-бюст герою, а ў школьным памяшканні створаны мемарыяльны куток. У 1996 г., да 250-годдзя з дня яго нараджэння, куток пашырыўся і заняў цэлы пакой. Мясцовы мастак М. Карнееў аформіў экспазіцыю з невялікіх стэндаў, на якіх былі паказаны радавод, герб роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, адлюстраваны асноўныя этапы жыцця і дзейнасці Т. Касцюшкі. Экспазіцыя праіснавала да 2002 г., затым з'явілася ідэя значна пашырыць яе за кошт архіўных матэрыялаў і асобных экспанатаў, некаторыя з якіх перададзены Брэсцкай Радай абласнога фонду Т. Касцюшкі. Агульнае кіраўніцтва працай па стварэнні музейнага пакоя ажыццяўляла намеснік старшыні Жабінкаўскага райвыканкама С. Майсейчык. Былі таксама добраўпарадкаваны тэрыторыі школы і Касцюшкаўскага парку. Афіцыйнае адкрыццё адбылося 3 лютага 2003 г. Музейны пакой разам з шэрагам помнікаў (бюст героя, рэшткі парку, ліпавая алея) складаюць у Малых Сяхновічах сапраўдны музейна-гістарычны асяродак беларускай культуры. У мемарыяльным пакоі Т. Касцюшкі праходзяць розныя патрыятычныя мерапрыемствы, святы.