Да юбілею Валенція Ваньковіча

У маі 2025 г. спаўняецца 225 гадоў з дня нараджэння выбітнага мастака Валенція Мельхіёравіча Ваньковіча

Яркай постаццю беларускага выяўленчага мастацтва першай паловы ХІХ стагоддзя з’яўляецца Валенцій Мельхіёравіч Ваньковіч.

Валенцій Ваньковіч нарадзіўся ў маёнтку Калюжыца Ігуменскага павета Мінскай губерні. Яго бацька Мельхіёр Аляксандравіч належаў да старажытнага шляхецкага роду Ваньковічаў. Акрамя Калюжыц у яго ўласнасці меліся маёнткі Вялікая Сляпянка і Малая Сляпянка непадалёк ад Мінска. Маці Валенція Схаластыка паходзіла са шляхецкага роду Гарэцкіх.

У 1811 г. В. Ваньковіч стаў навучэнцам Полацкага езуіцкага калегіума (з 1812 г. – Полацкая езуіцкая акадэмія) і ўвесь час навучання ўваходзіў у лік лепшых вучняў. Выкладчыкі малюнка Я. Перлінг і Я. Журдэн заўважылі выдатныя мастацкія здольнасці В. Ваньковіча, і ён прыняў рашэнне прысвяціць сябе прафесіі мастака. У 1818 г. юнак стаў студэнтам Віленскага ўніверсітэта і трапіў у асяроддзе адораных, адукаваных і творчых асоб. Вялікі ўплыў на фарміраванне светапогляду В. Ваньковіча аказалі выкладчыкі ўніверсітэта: гісторыкі І. Лялевель і І. Даніловіч, жывапісец Я. Рустэм, скульптар К. Ельскі, правазнавец Ш. Малеўскі, філолаг Г. Гродэк, архітэктар К. Падчашынскі, прафесар рускай славеснасці І. Лабойка, філосафы і астраномы Я. Снядэцкі і Ю. Галухоўскі. Студэнтамі ўніверсітэта ў той час з’яўляліся: Т. Зан, Я. Чачот, Ю. Корсак, А. Ходзька, М. Маліноўскі, І. Дамейка, А. Адынец, Ф. Малеўскі, В. Смакоўскі. З імі у В. Ваньковіча склаліся вельмі добрыя адносіны. Самымі блізкімі сябрамі маладога мастака сталі А. Міцкевіч і А. Тавяньскі.

У час вучобы ва ўніверсітэце В. Ваньковіч наведваў лекцыі па вывучэнні польскай, лацінскай і французскай літаратур, нямецкай і італьянскай моў, займаўся малюнкам, жывапісам і скульптурай, вывучаў оптыку і ўласцівасці святла. У вольны ад заняткаў час ён працаваў у сваёй мастацкай майстэрні. На здольнага студэнта звярнуў увагу майстар партрэтнага жывапісу Я. Рустэм. Дзякуючы яму В. Ваньковіч захапіўся жанрам партрэта. Спачатку рабіў копіі работ свайго настаўніка, потым стаў пісаць сяброў і родных. Да гэтага перыяду адносяцца зробленыя ім партрэты А. Міцкевіча, Ф. Малеўскага, А. Адынца, музыканта К. Ліпіньскага, сястры Станіславы. У 1824 г. адміністрацыя Віленскага ўніверсітэта прыняла рашэнне накіраваць  таленавітага студэнта ў Імператарскую Акадэмію мастацтваў.

У пачатку 1825 г. В. Ваньковіч стаў студэнтам Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Навучаннем мастакоў займаліся А. Ягораў, В. Шабуеў і А. Іваноў. У час вучобы малады мастак зарэкамендаваў сябе як таленавіты рысавальшчык: яго экзаменацыйныя работы былі адзначаны залатымі і сярэбранымі медалямі, што давала права працягваць адукацыю ў Еўропе за казённы кошт. На жаль, грошай на замежную паездку не знайшлося.

У вольны ад заняткаў час В. Ваньковіч падтрымліваў блізкія адносіны з А. Міцкевічам і Ф. Малеўскім, пасябраваў з мастакамі І. Аляшкевічам і А. Арлоўскім, піяністкай М. Шыманоўскай, пазнаёміўся з А. Пушкіным, В. Жукоўскім, П. Вяземскім. У Пецярбургу В. Ваньковіч напісаў партрэты А. Пушкіна, М. Шыманоўскай, стварыў адну са сваіх лепшых карцін “Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг” (1828).

 

                                                                                         

 

У 1829–1839 гг. В. Ваньковіч жыў у маёнтку Малая Сляпянка (цяпер у межах Мінска). Мастак прыязджаў у Мінск, гасцяваў у доме свайго стрыечнага брата Э. Ваньковіча, сустракаўся з Я. Дамелем, працаваў у майстэрні мастака-аматара Ч. Манюшкі. Некалькі разоў В. Ваньковіч наведваў Вільню і Санкт-Пецярбург. У гэты час ён напісаў партрэты родных і блізкіх яму людзей – жонкі з дзецьмі, бацькі, маці, брата, сястры і яе мужа Г. Гарноўскага, свайго дзядзькі – паэта А. Гарэцкага, мужа і жонкі Тавяньскіх, мужа і жонкі Пясецкіх, В. Пуслоўскага, А. Радзівіла, К. Ліпіньскага, Т. Зана, А. Манюшкі і інш.

 

                                                           

 

У 1832 г. савет Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў за партрэты, напісаныя В. Ваньковічам з натуры, пастанавіў выбраць яго ў “прызначаныя” акадэмікі, што давала магчымасць з часам атрымаць званне сапраўднага акадэміка жывапісу. Па нейкіх прычынах мастак не выкарыстаў яе. У 1834 г. В. Ваньковіч працаваў над вялікай карцінай “Напалеон ля вогнішча” (карціну яшчэ называлі “Напалеон перад бітвай пад Ватэрлоо”).

У 1839 г. мастак пакінуў радзіму. Ён наведаў Дрэздэн, Мюнхен, Страсбург, Берлін і Парыж. Пазнаёміўся з творамі заходнееўрапейскіх майстроў, зрабіў шэраг копій шэдэўраў сусветнага жывапісу. За мяжой В. Ваньковіч зноў звярнуўся да вобраза Напалеона. Напісаў палотны “Напалеон над разарванай картай Еўропы” і “Апафеоз Напалеона”.

 

                                                                                          

 

Біблейская тэма знайшла сваё адлюстраванне ў створаных ім абразах “Святая Клара” і “Евангеліст Іаан”. Апошнім творам В. Ваньковіча стаў абраз “Маці Божая Вастрабрамская”, якую ён перадаў у парыжскую царкву Сен-Севярын. Памёр мастак у Парыжы у 1842 г.у дзень свайго нараджэння.

У 2000 г. да двухсотгадовага юбілею жывапісца ў Мінску быў адкрыты музей “Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХІХ стагоддзя” – філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. У 2010 г. на тэрыторыі музея была ўсталявана скульптурная кампазіцыя “Раніца мастака” (помнік В. Ваньковічу), аўтарамі якой з’яўляюцца скульптар У. Слабодчыкаў і архітэктар Ю. Казакоў.

Творы В. Ваньковіча захоўваюцца ў прыватных замежных калекцыях, музеях Парыжа, Варшавы, Кракава, Вільнюса, Пецярбурга, Турына. У 2015 г. для карпаратыўнай калекцыі ААТ “Белгазпрамбанк” быў набыты “Партрэт Тамаша Зана”, створаны В. Ваньковічам у канцы 1830-х гг. Гэта адзіны арыгінальны твор знакамітага мастака ў Беларусі.