Да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.

9 мая 2025 г. спаўняецца 80 гадоў з часу Вялікай Перамогі

Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза супраць гітлераўскай Германіі займае асаблівае месца ў гісторыі. Менавіта на яе франтах праходзілі найбольш значныя бітвы, у ходзе якіх войскі Чырвонай арміі цалкам разграмілі асноўныя сілы Трэцяга рэйха і яго саюзнікаў. У барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі прымаў удзел увесь савецкі народ. Рускія, беларусы, украінцы, казахі, армяне, азербайджанцы, малдаване, грузіны, кіргізы, таджыкі, туркмены, узбекі самааддана абаранялі Брэсцкую крэпасць, Севастопаль і Ленінград, знішчалі ворага пад Масквой, Сталінградам і Курскам, змагаліся ў шэрагах Чырвонай арміі, партызанскіх атрадах і падпольных групах, працавалі ў тыле. Савецкія людзі рабілі ўсё, каб выратаваць свет ад фашызму: вызвалілі не толькі сваю Радзіму, але і краіны Заходняй Еўропы.

Кожны беларус жыве з пачуццём глыбокай павагі і ўдзячнасці савецкім воінам, працаўнікам тылу, партызанам і падпольшчыкам – усім, хто набліжаў Перамогу.

 

Ад заходніх граніц да Масквы

 

22 чэрвеня 1941 г. Германія разгарнула шырокае наступленне на тэрыторыю СССР ад Баранцава да Чорнага мора. Пачалася рэалізацыя плана «Барбароса», у ходзе якога да 1 кастрычніка 1941 г. германскія арміі планавалі акупіраваць Беларусь, Украіну і Прыбалтыку, захапіць Ленінград і Маскву. Канчатковай мэтай з’яўлялася стварэнне абарончага бар’ера супраць «азіяцкай Расіі» і выхад на рубеж Астрахань – Волга – Архангельск.

Першымі ў бой з фашыстамі ўступілі савецкія пагранічнікі. Сімвалам гераізму стала абарона Брэсцкай крэпасці, напружаныя баі праходзілі ў раёне Барысава і Бабруйска, на подступах да Віцебска і Гомеля, пад Жлобінам, Рагачовам, Полацкам, Оршай. Савецкія байцы і народныя апалчэнцы 23 дні гераічна абаранялі Магілёў. Чырвоная армія наносіла адчувальны ўрон тэхніцы праціўніка, аднак спыніць яго наступленне не змагла: на працягу лета – восені 1941 г. нямецкія арміі акупіравалі Беларусь, Прыбалтыку, Малдавію, большую частку Украіны, блакіравалі Ленінград і наблізіліся да Масквы. У гэты перыяд савецкае грамадства ператварылася ў моцны ваенны арганізм, што дало магчымасць даць адпор ворагу. За гераізм і мужнасць, праяўленыя ў абарончых баях 1941 г., высокага звання Героя Савецкага Саюза былі ўдастоены 128 чалавек, сярод іх 10 прадстаўнікоў Беларусі: А.К. Антоненка, Ц.П. Бумажкоў, С.А. Гарэлік, М.Ф. Гастэла, Л.М. Даватар, І.А. Каўшараў, А.І. Лізюкоў, Л.З. Муравіцкі, К.Н. Осіпаў, Б.Л. Хігрын.

 

Савецкі тыл у гады вайны

 

Акупацыя найважнейшых прамысловых раёнаў СССР паставіла краіну ў надзвычай цяжкія ўмовы, аднак нягледзячы на цяжкасці, савецкія людзі здолелі ў кароткі тэрмін перавесці эканоміку краіны на ваенныя рэйкі. Асноўнымі рэгіёнамі размяшчэння прамысловасці сталі Урал, Заходняя і Усходняя Сібір, Казахстан, Паволжа і Сярэдняя Азія. Мільёны працаўнікоў тылу пастаўлялі на фронт узбраенне, ваенную тэхніку, боепрыпасы, паліва, лекі, харчаванне, абмундзіраванне і інш. У гады вайны былі распрацаваны і асвоены самалёты-штурмавікі Іл-2, Іл-8, бамбардзіроўшчыкі Пе-2 і Ту-2, знішчальнікі Як-7 і Ла-5. Шырокую вядомасць набылі рэактыўныя мінамёты «Кацюша». Лепшым танкам Вялікай Айчыннай вайны стаў Т-34.

Значны ўклад у ваенную эканоміку СССР зрабілі каля 1,5 млн працоўных з Беларусі, эвакуіраваных на ўсход. Супрацоўнікі беларускіх навукова-даследчых інстытутаў і лабараторый не спынялі даследчыя работы, накіраваныя на распрацоўку важнейшых праблем, звязаных з развіццём народнай гаспадаркі. Значны ўклад у перамогу наж ворагам зрабілі прадстаўнікі культуры: у гады вайны ў вайсковых часцях, шпіталях, на прызыўных пунктах, у тылавых гарадах і вёсках выступалі 3 тыс. 800 франтавых канцэртных брыгад. Сродкі ад іх дзейнасці паступалі ў Фонд абароны.

 

Акупацыйны рэжым

 

У жніўні – кастрычніку 1941 г. на акупіраваных тэрыторыях СССР захопнікі сталі ўкараняць новы парадак – сістэму ваенных, ідэалагічных і эканамічных мерапрыемстваў, заснаваную на чалавеканенавісніцкай тэорыі нацыстаў аб расавай перавазе арыйскай нацыі над іншымі народамі. Нямецкі план «Ост» прадугледжваў прымусовы вываз з акупіраванай тэрыторыі 75% насельніцтва Беларусі за Урал, 10–15% падлягалі анямечанню, астатнюю частку планавалася вынішчыць ці ператварыць у танную рабочую сілу для нацысцкай Германіі. Агрэсары адразу перайшлі да практычнай рэалізацыі гэтага плана, які праявіўся рабаваннем, зверствамі ў лагерах смерці і турмах, утварэннем гета, карнымі аперацыямі і няспыннай дэпартацыяй людзей на прымусовую працу. Першымі ахвярамі фашысцкага рэжыму сталі ваеннапалонныя: за гады акупацыі загінулі каля 3,9 млн чырвонаармейцаў. У гады вайны трагічны лёс напаткаў і яўрэяў. Знішчэнне нацыстамі яўрэйскага насельніцтва Еўропы атрымала назву «халакост». За гады вайны акупантамі і іх памагатымі былі знішчаны на тэрыторыі РСФСР 1 млн 793 тыс. чалавек, Украінскай ССР – 4 млн 497 тыс., Беларускай ССР – 2 млн 198 тыс., Латвійскай ССР – 644 тыс., Літоўскай ССР – 666 тыс., Эстонскай ССР – 125 тыс., Малдаўскай ССР – 64 тыс., што склала ў цэлым па Савецкім Саюзе 9 млн 987 тыс. чалавек.

 

Генацыд беларускага народа

 

Беларусь за гады Вялікай Айчыннай вайны панесла вялікія страты. Акупанты знішчылі больш за 10 тыс. прамысловых прадпрыемстваў, амаль усе электрастанцыі, адправілі ў Германію 90% станочнага і тэхнічнага абсталявання, разрабавалі 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 машынна-трактарных станцый. Было разбурана і спалена 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 11 тыс. вёсак, у тым ліку 5 тыс. 295 населеных пунктаў нацысты знішчылі разам з усім ці часткай насельніцтва. Сімвалам трагедыі беларускага народа стала в. Хатынь, у якой 22 сакавіка 1943 г. загінулі 149 чалавек, з іх 76 дзяцей. Назаўжды ў памяці беларускага народа застанецца трагедыя в. Ала Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці, дзе былі расстраляны і спалены 1 тыс. 758 мірных жыхароў.

Для навядзення і падтрымкі новага парадку на акупіраванай тэрыторыі Беларусі была створана цэлая сістэма турмаў і канцэнтрацыйных лагераў, іх філіялаў і аддзяленняў. Самым буйным не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй акупіраванай тэрыторыі СССР з’яўляўся Трасцянецкі лагер смерці. З верасня 1941 па кастрычнік 1943 г. там было забіта больш за 206 тыс. савецкіх ваеннапалонных, падпольшчыкаў, партызан, жыхароў Мінска, арыштаваных у аблавах, яўрэяў з Беларусі, Аўстрыі, Польшчы, Чэхаславакіі, Францыі і Германіі. У гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь страціла больш за 3 млн чалавек. Дакладная колькасць ахвяр не ўстаноўлена да гэтага часу.

 

Антыфашысцкае супраціўленне на акупіраваных тэрыторыях

 

Сусветная гісторыя не ведае больш шырокамаштабнага супраціўлення народа агрэсарам, чым барацьба з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якая разгарнулася на акупіраванай тэрыторыі СССР. Нягледзячы на жорсткасць рэжыму і рэпрэсіі акупантаў, у кароткі тэрмін у большасці гарадоў, раённых цэнтраў і буйных населеных пунктах краіны пачалі стварацца нелегальныя арганізацыі і групы. Дзясяткі тысяч патрыётаў сталі іх удзельнікамі. На акупіраванай тэрыторыі Беларусі дзейнічалі звыш 70 тыс. падпольшчыкаў. Яны ажыццяўлялі тэрарыстычныя акты і дыверсіі, распаўсюджвалі сярод насельніцтва інфармацыю пра становішча на фронце і ў савецкім тыле, займаліся разведвальнай дзейнасцю, арганізоўвалі сабатаж на прамысловых прадпрыемствах, аказвалі дапамогу чырвонаармейцам, падтрымлівалі сувязь з партызанамі.

Найбольш дзейснай формай антыфашысцкага супраціўлення стаў партызанскі рух, які набыў агульнанародны характар. Стварэнне партызанскіх груп і атрадаў пачалося адразу пасля нападзення Германіі на СССР. У іх склад уваходзілі байцы Чырвонай арміі, партыйныя і савецкія работнікі, якія ў выніку хуткага прасоўвання нямецкіх войск, засталіся за лініяй фронту. Народныя мсціўцы парушалі камунікацыі праціўніка, разбуралі лініі сувязі, падрывалі чыгуначныя вузлы, нападалі на нямецкія гарнізоны, ажыццяўлялі рэйды па варожых тылах, перашкаджалі дэпартацыі насельніцтва, вызвалялі ваеннапалонных. У гады вайны супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў змагаліся больш за 6 тыс. партызанскіх атрадаў, якія аб’ядноўвалі звыш 1 млн чалавек (колькасць беларускіх партызан перавышала 374 тыс.). За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях, звыш 185 тыс. партызан і падпольшчыкаў атрымалі ордэны і медалі СССР, з іх 234 чалавекі ўдастоены звання Героя Савецкага Союза, у тым ліку 91 беларус і ўраджэнец нашай краіны.

 

Маскоўская бітва

 

Нягледзячы на поспехі вермахта ў першыя месяцы вайны, супраціўленне войск Чырвонай арміі значна затрымала нямецкае наступленне на Маскву. Восенню 1941 г. на захоп сталіцы было накіравана 77 дывізій. 30 верасня 1941 г. пачалася Маскоўская бітва. Сіламі чырвонаармейцаў, курсантаў ваенных вучылішчаў і народных апалчэнцаў праціўнік быў затрыманы на подступах да Масквы. 5–6 снежня 1941 г. савецкія войскі перайшлі ў контрнаступленне. Да пачатку студзеня 1942 г. ударныя групоўкі ворага былі разгромлены і адкінуты ад Масквы. Да 20 красавіка 1942 г. байцы Чырвонай арміі вызвалілі 11 тыс. населеных пунктаў. У Маскоўскай бітве вызначыліся вайсковыя часці пад камандаваннем Л.М. Даватара, А.І. Лізюкова, І.В. Панфілава, а таксама воіны-беларусы С.П. Алейнікаў, І.П. Камера, І.І. Казлоўскі, Г.А. Палаўчэня, П.Ф. Сычэнка, А.Д. Церашкоў і інш.; 110 чалавек атрымалі званне Героя Савецкага Саюза.

 

Сталінградская бітва

 

Вясной 1942 г. узнікла пагроза захопу ворагам Сталінграда і Паўночнага Каўказа. Для наступлення на Сталінград нямецкае камандаванне накіравала 6-ю палявую і 4-ю танкавую арміі, а таксама войскі саюзнікаў. Баявыя дзеянні пачаліся 17 ліпеня 1942 г. 19 жніўня войскі вермахта прарвалі фронт, дасягнулі Волгі і пачалі штурм горада, які абаранялі войскі 62-й і 64-й армій. З 13 верасня ўпартыя баі вяліся за кожную вуліцу і дом, праходзілі ў цэхах заводаў, на чыгуначным вакзале і Мамаевым Кургане. Яркім прыкладам стойкасці і мужнасці байцоў Чырвонай арміі стаў дом Паўлава, дзе воіны адбівалі атакі ворага 58 дзён. У абарончых баях савецкія войскі нанеслі значныя страты галоўнай групоўцы праціўніка і стварылі ўмовы для контрнаступлення, якое пачалося 19 лістапада 1942 г. У ходзе Сталінградскай бітвы гітлераўская Германія страціла каля 1,5 млн чалавек.

Перамога пад Сталінградам стала магчымай масаваму гераізму савецкіх байцоў, 112 з якіх атрымалі званне Героя Савецкага Саюза.

 

Курская бітва

 

Важным этапам на шляху да перамогі над ворагам стала Курская бітва, якая адбылася на тэрыторыі сучасных Арлоўскай, Белгародскай, Бранскай, Калужскай і Курскай абласцей Расіі, а таксама Харкаўскай і Сумской Украіны. Летам 1943 г. нямецкае камандаванне сканцэнтравала на невялікім участку фронту 50 дывізій, якія налічвалі больш за 900 тыс. салдат і афіцэраў. Камандаванне Чырвонай арміі разгадала намеры ворага і падрыхтавала эшаланіраваную абарону глыбінёй да 300 км. Каардынацыяй баявых дзеянняў савецкіх войск займаліся маршалы Г.К. Жукаў і А.М. Васілеўскі. 5 ліпеня 1943 г. савецкая артылерыя нанесла апераджальны ўдар па пазіцыях праціўніка. У адказ нямецкія часці пачалі наступленне на Курск. 12 ліпеня 1943 г. каля Прохараўкі адбылася самая буйная сустрэчная танкавая бітва, у якой з абодвух бакоў удзельнічалі да 1 тыс. 200 танкаў і САУ. 5 жніўня вораг пакінуў Арол і Белгарад, 23 жніўня – Харкаў. У выніку Курскай бітвы Германія страціла каля 30 дывізій і шмат баявой тэхнікі.

За ўдзел у Курскай бітве званне Героя Савецкага Саюза атрымалі 20 воінаў-беларусаў. Перамога ў Курскай бітве стварыла ўмовы для пераходу Чырвонай арміі да агульнага наступлення. Савецкім камандаваннем былі распрацаваны і праведзены некалькі вайсковых аперацый, сярод іх – Беларуская аперацыя 1944 (кодавая назва «Баграціён») – адна з найбуйнейшых у Вялікую Айчынную вайну.

 

Вызваленчы паход у Еўропу

 

Асноўныя баявыя дзеянні Чырвонай арміі ў 1944–1945 гг. праводзіліся на тэрыторыі Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы. Савецкім камандаваннем быў распрацаваны і праведзены шэраг буйных наступальных аперацый – Львоўска-Сандамірская, Яска-Кішынёўская, Вісла-Одэрская, Усходне-Пруская, Берлінская, Пражская і інш., у якіх удзельнічалі каля 8 млн савецкіх воінаў, больш за 1 млн з якіх загінулі.

Першай краінай, у якую ўвайшлі савецкія воіны, была Румынія: 31 жніўня чырвонаармейцы ўвайшлі ў Бухарэст. 8 верасня пераможцаў сустракала Балгарыя. 20 кастрычніка 1944 г. часці Чырвонай арміі сумесна з Народна-вызваленчай арміяй Югаславіі вызвалілі Бялград. 13 лютага 1945 г. была вызвалена сталіца Венгрыі. У баях за Будапешт прымаў удзел венгерскі Будайскі добраахвотны полк. 13 красавіка 1945 г. войкі Чырвонай арміі вызвалілі Вену. Баі за Польшчу, якую гітлераўцы разглядалі як апошні бастыён на шляху ў Германію, пачаліся ў ліпені 1944 г. і скончыліся 3 лютага 1945 г. 9 мая 1945 г. савецкія воіны сумесна з 1-м чэхаславацкім армейскім корпусам вызвалілі Прагу.

Вырашальнае значэнне для разгрому Германіі мела Берлінская аперацыя. Наступленне пачалося 16 красавіка 1945 г., а 30 красавіка 1945 г. разведчыкі М.А. Ягораў і М.В. Кантарыя ўзнялі Сцяг Перамогі над рэйхстагам.

У ноч з 8 на 9 мая 1945 г. у Карлсхорсце (прыгарад Берліна) у прысутнасці ваеннага кіраўніцтва армій СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі прадстаўнікі вышэйшага нямецкага камандавання падпісалі акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі.

24 чэрвеня 1945 г. на Краснай плошчы ў Маскве прайшоў Парад Перамогі, якім камандаваў маршал К.К. Ракасоўскі. Прымаў парад намеснік Вярхоўнага Галоўнакамандуючага маршал Г.К. Жукаў.