
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў (БДУКМ) – вядучая ўстанова вышэйшай адукацыі ў сферы культуры і мастацтваў Рэспублікі Беларусь, шматпрофільны навуковы і мастацка-творчы цэнтр, дзе рыхтуюцца спецыялісты для ўстаноў і арганізацый сацыяльна-культурнай сферы і мастацтва. Галоўнымі задачамі ўніверсітэта з’яўляюцца: захаванне і трансляцыя нацыянальнай культурнай спадчыны, распаўсюджванне гуманістычныя ідэалаў, выхаванне агульначалавечых і прафесійных каштоўнасцей.
Гісторыя ўстановы пачынаецца ў 1975 г., калі на базе бібліятэчнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка) і аддзялення культурна-асветнай работы Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў) быў створаны Мінскі інстытут культуры. Першым кіраўніком установы стаў драматург, заслужаны работнік культуры БССР, кандыдат гістарычных навук А.Л. Петрашкевіч. Першапачаткова ў інстытуце дзейнічалі факультэты бібліятэказнаўства і бібліяграфіі, культурна-асветнай работы, завочнага навучання. У 1986 г. быў створаны факультэт самадзейнага музычнага і харэаграфічнага мастацтва. У 1989 г. пры інстытуце адкрылася аспірантура.
30 верасня 1993 г. пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Мінскі інстытут культуры быў пераўтвораны ў Беларускі ўніверсітэт культуры. Карэнным чынам змяніўся змест навучання: была цалкам перапрацавана наменклатура спецыяльнасцей і спецыялізацый, складзены новыя вучэбныя планы, уведзены дысцыпліны культуралагічнай накіраванасці, змяніліся тэхналогіі выкладання, адбылася маштабная рэарганізацыя факультэтаў і кафедр, актывізаваліся міжнародныя сувязі. У 1996 г. паспяхова прайшлі атэстацыя і акрэдытацыя ўніверсітэта, пачала дзейнічаць магістратура. У ліпені 1998 г. адкрыта дактарантура. 26 лістапада 1999 г. загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь універсітэту нададзены статус вядучай ВНУ ў сферы культуры ў нацыянальнай сістэме адукацыі. У падпарадкаванне навучальнай установе былі перададзены Маладзёжны тэатр эстрады, памяшканні на вуліцы Маскоўскай, у якіх размясціўся другі вучэбны корпус. З 2001 г. установа стала называцца Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры. У 2002 г. афіцыйна зацверджана сімволіка, і 30 верасня пачаў святкавацца як дзень сцяга і герба ўніверсітэта. У Палацы Рэспублікі была адкрыта мастацкая галерэя «Універсітэт культуры». На працягу 2003 г. з’явіліся новыя кафедры і факультэты. У кастрычніку 2004 г. універсітэт атрымаў сучасную назву.
Цяпер БДУКМ ‒ інавацыйны цэнтр адукацыі, навукі і творчасці. Прафесарамі і выкладчыкамі ўніверсітэта з’яўляюцца народныя і заслужаныя артысты, заслужаныя работнікі культуры і адукацыі, дактары і кандыдаты навук. Значны ўклад у развіццё культуры, мастацтва і навукі краіны ўнеслі І.С. Папоў, А.В. Пякуцька, С.І. Дробыш (стваральнік і мастацкі кіраўнік у 1979–2013 гг. фальклорнага вакальна-харэаграфічнага ансамбля «Валачобнікі»), Я.Д. Грыгаровіч, Б.У. Святлоў, В.Е. Лявончыкаў, В.П. Пракапцова, Э.К. Дарашэвіч і інш. Адукацыйны працэс ажыццяўляецца на факультэтах культуралогіі і сацыяльна-культурнай дзейнасці, мастацкай культуры, музычнага і харэаграфічнага мастацтва, інфармацыйна-дакументных камунікацый. Структурным падраздзяленнем універсітэта з’яўляецца Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Філіялы кафедр БДУКМ функцыянуюць на базе шэрага ўстаноў сферы культуры. Якаснай арганізацыі навучальнага працэсу садзейнічаюць аснашчаныя камп’ютарныя класы, спецыялізаваныя аўдыторыі і майстэрні, бібліятэка, музей беларускіх народных інструментаў, фанатэка, спартыўна-культурны цэнтр і іншыя падраздзяленні і службы. Імідж універсітэта фарміруюць студэнцкія творчыя калектывы ‒ вакальна-харэаграфічны ансамбль імя С. Дробыша «Валачобнікі», фальклорны ансамбль «Грамніцы», канцэртны аркестр духавых і ўдарных інструментаў «Светач», Вучэбны тэатр, Тэатр дакумента, ансамбль «Tutti NEXT», ансамбль цымбалістаў, хор кітайскіх студэнтаў «Садружнасць», літаратурна-творчае аб’яднанне «БУКет» і інш.
Студэнты БДУКМ штогод становяцца ўладальнікамі ўзнагарод рэспубліканскіх і міжнародных культурных мерапрыемстваў, сярод якіх конкурс маладых талентаў «Зорка ўзышла над Беларуссю», фестываль студэнцкіх тэатраў «Тэатральны куфар», кінафестываль «Лістапад», фестываль мастацтваў «Славянскі базар», фестываль сучаснай харэаграфіі IFMC, фестываль харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод» і інш. Прадстаўнікі творчай моладзі ўніверсітэта былі неаднаразова адзначаны прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Тэматыка навукова-даследчай дзейнасці БДУКМ звязана з прыярытэтнымі напрамкамі гуманітарных даследаванняў краіны ‒ праблемы ўзаемасувязі розных відаў мастацтва, тэорыя і гісторыя культуры, педагагічныя аспекты сацыяльна-культурнай дзейнасці, гісторыя кнігі і кніжнай культуры, тэорыя і практыка музейнай справы, праблемы захавання гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, лічбавая экасістэма бібліятэк і інш. Універсітэт стаў першай беларускай установай вышэйшай адукацыі ў сферы культуры, якая атрымала акрэдытацыю ў якасці навуковай арганізацыі. Паспяхова працуюць навуковыя школы ў галіне педагогікі («Тэорыя, методыка і арганізацыя сацыякультурнай дзейнасці», «Бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства і кнігазнаўства»), мастацтвазнаўства («Кампаратыўнае мастацтвазнаўства»), культуралогіі («Сусветная і айчынная культура»), музеязнаўства («Тэорыя і практыка музейнай справы»). На базе ўстановы праводзяцца міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі «Барышаўскія чытанні», «Культура. Навука. Творчасць», «Культура Беларусі: рэаліі сучаснасці». З 2002 г. выдаецца навукова-метадычны часопіс «Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў». Універсітэт развівае партнёрскія сувязі з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі культуры Азербайджана, Арменіі, Германіі, Казахстана, Кітая, Расіі і інш. Важнымі напрамкамі міжнароднага ўзаемадзеяння з’яўляюцца навучанне замежных студэнтаў, арганізацыя і правядзенне навуковых канферэнцый, сумесных свят, форумаў, фестываляў і конкурсаў, выставак творчых прац моладзі, спартыўных мерапрыемстваў.
Навучальная ўстанова на працягу ўсяго існавання паспяхова выконвае місію прафесійнай падрыхтоўкі нацыянальнай культурнай, творчай, навуковай эліты краіны. Сярод вядомых выпускнікоў універсітэта – Л.П. Гуляка, А.В. Гарбар, У.М. Карачэўскі, Н.У. Карчэўская (рэктар з 2020 г.), эстрадныя выканаўцы І.А. Дарафеева, В.Р. Алешка, артысты балета Л.Г. Бржазоўская, В.У. Саркісьян і многія іншыя выдатныя дзеячы беларускай культуры і мастацтва, вучоныя, педагогі, кіраўнікі аматарскіх калектываў, супрацоўнікі міністэрстваў і ведамстваў, кіраўнікі буйных устаноў сацыяльна-культурнай сферы, заслужаныя і народныя артысты.
За значны ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі, рэалізацыю грамадска-культурных праектаў калектыў універсітэта ўдастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2022), прэміі «За духоўнае адраджэнне» (2024).
Яшчэ больш інфармацыі пра Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў размешчана на афіцыйным сайце ўстановы.