
Яўген Піліпавіч Алонаў унёс значны ўклад у развіццё айчыннай ветэрынарнай навукі і адукацыі, распаўсюджванне ветэрынарных ведаў. Нарадзіўся ён у Гарадоцкім павеце Віцебскай губерні (цяпер Гарадоцкі раён Віцебскай вобласці) у сялянскай сям’і. Вучыўся ў Віцебскай духоўнай семінарыі. У 1903 г. скончыў Варшаўскі ветэрынарны інстытут. У 1903‒1909 гг. працаваў ветэрынарным урачом у Гарадоцкім павеце. У 1911 г. стаў старшым губернскім ветэрынарным урачом пры Віцебскім губернскім земскім упраўленні, у 1912 г. ‒ загадчыкам Віцебскага губернскага ветэрынарнага аддзела. У 1913 г. стварыў у Віцебску першую ў Беларусі губернскую земскую ветэрынарна-бактэрыялагічную лабараторыю, якая ў далейшым была ператворана ў Віцебскі ветэрынарна-бактэрыялагічны інстытут. У 1914 г. арганізаваў экспедыцыйнае абследаванне жывёлагадоўлі Віцебскай губерні. У 1917 г. атрымаў пасаду асобаўпаўнаважанага па барацьбе з чумой буйной рагатай жывёлы. У 1920‒1924 гг. працаваў выкладчыкам заалогіі Віцебскага сельскагаспадарчага тэхнікума імя В.І. Леніна. У 1924 г. атрымаў вучонае званне прафесара. Па ініцыятыве Я.П. Алонава ў 1924 г. быў адкрыты Беларускі дзяржаўны ветэрынарны інстытут, першым рэктарам якога ён стаў (адначасова ўзначальваў Ветэрынарнае ўпраўленне Наркамата земляробства БССР). Яўген Піліпавіч шмат увагі ўдзяляў фарміраванню высокакваліфікаванага выкладчыцкага саставу навучальнай установы, развіццю яе матэрыяльна-тэхнічнай базы і інш. Дзякуючы вучонаму ў 1925‒1926 гг. пры інстытуце былі арганізаваны курсы павышэння кваліфікацыі для ветэрынарных фельчараў. У 1927 г. Я.П. Алонаў з’яўляўся рэктарам нядзельнага рабочага ўніверсітэта, які дзейнічаў пры інстытуце. З 1928 г. быў прафесарам кафедры грамадскай ветэрынарыі.
Адначасова з навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю Я.П. Алонаў актыўна займаўся грамадскай работай. Ён стаў ініцыятарам распрацоўкі «Ветеринарного статута БССР», стварэння ў Віцебску ветэрынарна-заалагічнага музея, батанічнага сада, музея анатоміі, арніталогіі і энтамалогіі. У розны час Я.П. Алонаў кіраваў Віцебскім таварыствам па барацьбе з туберкулёзам, быў старшынёй губернскай зоатэхнічнай камісіі, статыстычнага савета, кааператыўнай камісіі, гарадскога харчовага камітэта, таварыства ветэрынарных урачоў Віцебскай губерні. У 1920-я гг. з’яўляўся членам Віцебскага губернскага выставачнага камітэта і займаўся зборам экспанатаў для Усерасійскай сельскагаспадарчай і Саматужна-прамысловай выставак.
Яўген Піліпавіч ‒ аўтар каля 60 навуковых прац па ветэрынарыі. Самая галоўная сярод іх ‒ «Витебская губерния в ветеринарно-санитарном отношении (1903‒1910)» (1912), у якой аналізуецца ветэрынарна-санітарны стан і прычыны масавых захворванняў сельскагаспадарчых жывёл. Пад яго кіраўніцтвам выдаваліся часопісы «Ветеринарная хроника Витебской губернии» (1912‒1915) і «Белорусская ветеринария» (1924‒1929). У 1924 г. вучоны атрымаў ганаровае званне «Герой Працы».