
Яркую старонку ў гісторыю авіяцыі ўпісаў выдатны авіяканструктар, заснавальнік савецкай рэактыўнай і звышгукавой тэхнікі, стваральнік самалётаў Павел Восіпавіч Сухі.
Нарадзіўся ён у г. Глыбокае Дзісенскага павета (зараз Віцебская вобласць) у сям’і настаўніка. У 1897 г. разам з бацькамі пераехаў у Гомель. У 1914 г. скончыў гімназію і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Імператарскага Маскоўскага ўніверсітэта, аднак праз год перавёўся ў Маскоўскае вышэйшае тэхнічнае вучылішча. З 1916 г. служыў у арміі, быў удзельнікам Першай сусветнай вайны. У 1918–1919 гг. працаваў настаўнікам матэматыкі ў школах Лунінца і Гомеля. У 1920–1925 гг. працягваў вучобу ў Маскоўскім вышэйшым тэхнічным вучылішчы. Пасля яго заканчэння П.В. Сухі атрымаў запрашэнне ад выбітнага авіяканструктара А.М. Тупалева і стаў інжынерам-канструктарам Цэнтральнага аэрагідрадынамічнага інстытута. За кароткі час прафесіяналізм маладога спецыяліста значна ўзрос. У 1927 г. ён стварыў свой першы самалёт І-4 які вызначаўся вялікай хуткасцю і манеўранасцю.
Затым былі спраектаваны новыя мадыфікацыі самалёта. Павел Восіпавіч прымаў удзел у распрацоўцы самалётаў РД (АНТ-25) і “Радзіма” (АНТ-37біс).
На самалёце АНТ-25 у 1937 г. экіпаж В. Чкалава ўпершыню здзейсніў беспасадачны пералёт Масква – Портленд (ЗША) цераз Паўночны полюс.У тым жа годзе П.В. Сухі перамог у конкурсе канструктараў на лепшы шматмэтавы самалёт (шыфр “Іваноў”): лёгкі бамбардзіроўшчык ББ-1 (АНТ-51 “Сталінскае заданне”) – у далейшым Су-2 прымаў удзел у Вялікай Айчыннай вайне.
У 1939–1949 гг. П.В. Сухі – галоўны канструктар аб’яднанага канструктарскага бюро-29 (АКБ-29), а таксама дырэктар доследнага авіязавода № 134. Пад яго кіраўніцтвам створаны браніраваны штурмавік Су-6 (1943), рэактыўны франтавы знішчальнік-бамбардзіроўшчык Су-9 з тармазным парашутам і катапультай (1946), звышгукавы рэактыўны знішчальнік-перахопнік з герметычнай кабінай Су-15 (1948) і інш.
Пры праектаванні баявых машын П.В. Сухі імкнуўся давесці самалёты да дасканаласці, шукаў новыя, незвычайныя рашэнні, абапіраўся на новыя матэрыялы і тэхналогіі. У 1949–1953 гг. з’яўляўся намеснікам галоўнага канструктара, у 1953 г. галоўным, а з 1956 г. генеральным канструктарам АКБ Тупалева. У 1953–1975 гг. пад кіраўніцтвам П.В. Сухога пабудаваны шэраг унікальных серыйных самалётаў, якія на доўгі час сталі асновай савецкай франтавой знішчальна-бамбардзіровачнай і штурмавой авіяцыі па праграмах “С” і “Т” (са стрэлападобнымі і трохвугольнымі крыламі). У 1966 г. быў створаны першы савецкі знішчальнік-бамбардзіроўшчык са зменнай геаметрыяй крыла і яго мадыфікацыі Су-17, дзе П.В. Сухі ўпершыню паставіў крэсла-катапульту. Гэта быў новы ўклад канструктара ў развіццё баявой авіяцыі.
У 1970 г. створаны ўсепагодны франтавы бамбардзіроўшчык Су-24 з сістэмай аўтаматычнага агінання рэльефу мясцовасці. Выдатным дасягненнем АКБ Сухога сталі стратасферны стратэгічны звышгукавы разведчык-ракетаносец Т-4 і яго далейшыя мадыфікацыі.
За сваё творчае жыццё П.В. Сухі разам з супрацоўнікамі канструктарскага бюро стварылі больш за 50 мадэлей самалётаў, з якіх больш за 20 выпускаліся серыйна. На самалётах яго канструкцыі ўстаноўлены рэкорды свету па працягласці, вышыні і хуткасці палёту.
Імя доктара тэхнічных навук, двойчы Героя Сацыялістычнай Працы (1957, 1965), дэпутата Вярхоўнага Савета СССР, лаўрэата Ленінскай прэміі (1968), Дзяржаўнай прэміі СССР (1943, 1975) і Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі (1996) назаўсёды ўвайшло ў гісторыю авіяцыі. За выдатныя дасягненні ў галіне авіяцыйнай навукі і тэхнікі П.В. Сухому быў пасмяротна прысуджаны Залаты медаль імя А.М. Тупалева АН СССР (1975).
У памяць аб выбітным авіяканструктары ў 1976 г. канструктарскаму бюро было нададзена яго імя. Помнікі П.В. Сухому пастаўлены ў Глыбокім, Гомелі і Лунінцы. Мемарыяльныя дошкі размешчаны ў Маскве на доме, у якім жыў авіяканструктар, на адным з будынкаў, дзе размяшчалася канструктарскае бюро П.В. Сухога і будынку былога вышэйшага тэхнічнага вучылішча. Памятная дошка ўсталявана і на будынку былой мужчынскай гімназіі г. Гомеля.
У Віцебску, Гомелі, Глыбокім, Лунінцы і Маскве ёсць вуліцы, якія былі названы ў гонар П.В. Сухога. Імя выбітнага авіяканструктара прысвоена Гомельскаму дзяржаўнаму тэхнічнаму ўніверсітэту, сярэдняй школе № 1 г. Глыбокае. У горадзе і яго ваколіцах усталяваны знішчальнік-бамбардзіроўшчык Су-17МЗ, цяжкі знішчальнік Су-27 і франтавы бамбардзіроўшчык Су-24М. У маі 2019 г. бамбардзіроўшчык Су-24 быў усталяваны каля галоўнага корпуса Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В. Сухога.