Да юбілею Міхася Васілька

14 лістапада 2025 г. спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння паэта Міхася Васілька

Пад псеўданімам Міхась Васілёк у сярэдзіне 1920-х гг. у заходнебеларускім друку выступіў Міхаіл Восіпавіч Касцевіч. Яго творы сталі значным укладам у беларускую савецкую літаратуру.

Нарадзіўся М. Васілёк у в. Баброўня Гродзенскага павета (цяпер Гродзенскі раён) у сям’і лесніка. У час Першай сусветнай вайны выехаў з бацькамі на Паволжа. Пасля заканчэння ў 1921 г. школы 2-й ступені ў г. Казлове (цяпер Мічурынск) працаваў на чыгунцы. У 1922 г. вярнуўся на радзіму і ўключыўся ў вызваленчы рух у Заходняй Беларусі. Ён уваходзіў у актыў Скідзельскай павятовай арганізацыі Беларускай сялянска-работніцкай грамады, арганізоўваў гурткі Таварыства беларускай школы, праводзіў культурна-масавую работу, удзельнічаў у пастаноўках аматарскіх спектакляў і вечарах, на якіх выступаў з прамовамі і вершамі. У другой палове 1920-х гг. працаваў сакратаром часопіса «Маланка», у рэдакцыях газет «Народная справа», «Сіла працы» і інш. Пісаў пра змены, што адбываліся ў вясковым асяроддзі, рост грамадска-патрыятычнай актыўнасці моладзі і інш. У 1930-я гг. М. Васілёк зблізіўся з камуністычным рухам. Ён падтрымліваў Літаратурны фронт рабоча-сялянскіх пісьменнікаў, сябраваў з В. Таўлаем і М. Танкам, з’яўляўся супрацоўнікам газет «Наша воля», «Poprostu» («Папросту»), часопісаў «Беларускі летапіс», «Калоссе» (выданні антыфашысцкага народнага фронту). У 1936 г. М. Васілёк стаў членам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. У 1939 г. быў мабілізаваны ў польскае войска. Пасля нападзення Германіі на Польшчу 1 верасня 1939 г. у адным з першых баёў ён трапіў у нямецкі палон, адкуль уцёк. Дабраўся да родных мясцін і ўключыўся ў барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Быў сакратаром Скідзельскага падпольнага антыфашысцкага камітэта, потым знаходзіўся ў партызанах. У час гітлераўскай акупацыі М. Васілёк пад псеўданімам Язэп Гром пісаў вершы, якія друкаваліся ў партызанскіх газетах. Яны прысвячаліся загінуўшым сябрам, камсамольцам-падпольшчыкам, закатаваным у турмах. Пранікліва гучаць радкі верша «Успомню цяжкi час…»

 

Успомню цяжкi час: як сонечны палетак,

Як нiвы родныя крывёю заплылi,

Як на вачах у матак катавалi дзетак,

Каб потым закапаць жыўцом iх у зямлi…

Не выкраслiць радкоў з гiсторыi нiкому,

Накрэсленых крывёй замучаных ахвяр…

 

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў паэт працаваў у скідзельскай раённай газеце «Чырвоны сцяг» (1944–1946), пазней – у «Гродзенскай праўдзе». У 1945 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР.

Прыход М. Васілька ў літаратуру стаў значнай падзеяй у духоўна-культурным жыцці Заходняй Беларусі. Друкавацца ён пачаў у 1926 г. Першыя вершы «Пакараў», «Прыйдзе пара», «Наша доля», «Да моладзі», «Прачніся, беларус!», «Слава вам», «Дай адказ», «Над магілай таварыша Валодзі», «Дзе ты, доля?» былі апублікаваны ў часопісе «Маланка», газетах «Беларуская справа», «Народная справа» і інш.

 

                                                                          

 

У 1929 г. у Вільні з дапамогай Р. Шырмы выйшаў лірычны зборнік «Шум баравы», дзе былі змешчаны вершы, у якіх паэт адгукнуўся на актуальныя падзеі грамадскага жыцця і сялянскай рэчаіснасці, з падкрэсленай увагай, душэўнай цеплынёй і спачуваннем пісаў пра цяжкі лёс, клопаты і турботы працаўніка-земляроба, раскрыў багаты і непаўторны свет яго думак і пачуццяў, надзей і спадзяванняў. Гэты зборнік быў канфіскаваны польскай паліцыяй. Рукапіс другой кнігі ўлады забаранілі і знішчылі ў 1935 г. У 1937 г. выйшаў лірычны зборнк «З сялянскіх ніў», у якім паэт паўстаў перад чытачамі ў новай якасці. Узбагаціўся і стаў разнастайным праблемна-тэматычны змест яго твораў, змянілася іх ідэйна-эстэтычная вобразнасць, узнялася напружанасць эмацыянальнага гучання паэтычнага радка. Вершы М. Васілька ведалі і чыталі на сходах, мітынгах, яны гучалі са сцэны вясковых гурткоў самадзейнасці, некаторыя («У бой на акупанта» і «Нашто, каб вы нас баранілі») сталі песнямі. Свае творы паэт прысвяціў адной галоўнай мэце – вызваленню Заходняй Беларусі ад польскага прыгнёту, аб’яднанню беларускіх зямель.

 

 

Талент М. Васілька ярка праявіўся і ў жанры сатыры. Паэт крытыкаваў польскія ўладныя структуры і чыноўнікаў, іх законы і парадкі, маральныя асновы жыцця. Вершы «З кісельным берагам рака…», «Стары і смерць», «Эх, каб грошы…», «Перад выбарамі», «Як я пана перанёс» і іншыя напоўнены глыбокай іроніяй і вострым жартам.

 

 

У пасляваенныя гады былі выдадзены «Выбраныя вершы» (1950) і «Выбраныя творы» (1955); пазней – зборнікі «Зоры над Нёманам» (1963) і «Вершы» (1973).

 

                   

 

Памёр М. Васілёк 3 верасня 1960 г. у Гродне. Пахаваны на праваслаўных гарадскіх могілках. На будынку філіяла «Белжылпраект», што знаходзіцца на месцы, дзе быў дом, у якім ён жыў, у 1986 г. устаноўлена мемарыяльная дошка. У 1992 г. у Скідзелі адкрыты музей паэта. У Гродне ёсць вуліца, названая імем Міхася Васілька.