

Творчасць Яна Скрыгана – празаіка, паэта, крытыка, перакладчыка і публіцыста – вызначаецца індывідуальнасцю, глыбінёй думкі, адметным стылем, тэматычнай разнастайнасцю і выразнай мовай. Яго апавяданні, навелы, вершы, нарысы і артыкулы прыцягваюць увагу гуманістычнай скіраванасцю, шчырым лірызмам і публіцыстычным пафасам.
Нарадзіўся Я. Скрыган (сапраўднае імя Іван Аляксеевіч) у в. Труханавічы Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай царкоўнапрыходскай школе, потым вучыўся ў Слуцку (у духоўным вучылішчы, школах 1-й і 2-й ступені, рэальным вучылішчы, беларускай гімназіі і сельскагаспадарчым тэхнікуме). У 1924 г. Я. Скрыган стаў супрацоўнікам слуцкай акруговай газеты «Вясковы будаўнік». Праз год пераехаў у Расоны, дзе загадваў Народным домам пры выканкаме. У 1926 г. быў запрошаны на пасаду стыльрэдактара ў газету «Чырвоная Полаччына». У 1928 г. паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля заканчэння якога працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» (1933–1936). Быў членам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Літаратурна-мастацкая камуна». У 1934 г. Я. Скрыгана прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР.
У лістападзе 1936 г. пісьменіка арыштавалі і прысудзілі да 10 гадоў зняволення ў лагерах і да 10 гадоў ссылкі. Пакаранне адбываў пад г. Марыінскам (Кемераўская вобласць Расіі), у гарадах Фергана (Узбекістан) і Ківіылі (Эстонія), у Краснаярскім краі (Расія). У снежні 1954 г. Я. Скрыган быў рэабілітаваны і праз год вярнуўся ў Мінск. Працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, часопісе «Полымя». У 1967–1975 гг. загадваў літаратурна-кантрольнай рэдакцыяй выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». З 1975 па 1985 г. быў адказным сакратаром Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.
Літаратурную дзейнасць Я. Скрыган пачаў у 1925 г. як паэт. Яго вершы пад псеўданімамі Пірат, Янка Відук, Аўлас (з П. Броўкам), Крушына былі надрукаваны ў 1920-я гг. у слуцкай газеце «Вясковы будаўнік», альманахах «Наддзвінне», «Росквіт» і «Зарніцы», калектыўным зборніку «Слуцкія песняры». Змястоўную накіраванасць і стыль ранняй творчасці Я. Скрыгана перадаюць самі назвы некаторых яго вершаў: «Перлы дзён», «З лейцамі свежых дум», «Эй, звіні!», «Старонка вольная», «Праспяваў бы і я кіпарысы», «Партызаншчына», «За СССР – на варту», «Кастрычнік» і інш. У 1927 г. у альманаху «Росквіт» былі надрукаваны апавяданні «Таіса» і «Спатканне», створаныя пад уплывам рамантычных тэндэнцый ранняй маладнякоўскай прозы.
Падзеі Першай сусветнай вайны і Кастрычніцкай рэвалюцыі, жыццё беларускай вёскі ў перыяд станаўлення савецкай улады і калектывізацыі адлюстраваны ў творах, што ўвайшлі ў кнігі «Затока ў бурах» (1929, дапрацоўвалася ў 1956 г.), «Каця Лапянкова» (1932), «Сустрэчы» (1935).
Складаны лёс свайго пакалення пісьменнік апісаў у зборніках «Апавяданні» (1956), «Наталя» (1957), «Няпрошаная сляза» (1958), «Скажы адно слова» (1961), «Свая аповесць» (1964), «Кругі» (1986) і інш.
Ян Скрыган з’яўляецца таксама адным з пачынальнікаў нарыса – новага жанру ў беларускай літаратуры. Многія крытыкі лічаць, што гэтая малая літаратурная форма стала ўзорам надзвычай багатай, глыбока нацыянальнай творчасці пісьменніка. Першы – «Новая зямля» быў напісаны ў 1929 г., потым былі выдадзены кнігі нарысаў «Шугае сонца» (1930), «Права на энтузіязм» і «Недапісаны профіль» (1932).
Вядомы Я. Скрыган і як аўтар літаратурных партрэтаў і ўспамінаў. У яго творах, што ўвайшлі ў зборнікі «Ранішнія росы» (1965) і «Некалькі хвілін чужога жыцця» (1979) расказваецца пра К. Чорнага, М. Зарэцкага, Ц. Гартнага, П. Галавача, С. Баранавых, К. Крапіву, П. Броўку і іншых беларускіх пісьменнікаў. У іх аўтар імкнуўся раскрыць няпростыя працэсы фарміравання творчай індывідуальнасці сваіх герояў, стварыць іх высокамастацкі вобраз. У 2014 г. дачка пісьменніка сабрала ўспаміны, напісаныя ім у розныя гады, і выдала кнігу «Добра, што я іх ведаў».
Значнае месца ў творчасці Я. Скрыгана займала перакладчыцкая дзейнасць. Дзякуючы пісьменніку, на беларускай мове былі выдадзены асобныя творы М. Горкага, А. Астроўскага, І. Буніна, Ф. Гладкова, І. Бабеля, К. Федзіна і інш.
За самаадданую працу ў галіне літаратуры і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Я. Скрыган быў адзначаны медалямі, ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР. У 1976 г. за ўдзел у стварэнні «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі» у 12-ці тамах пісьменніку была прысуджана Дзяржаўная прэмія. У 1985 г. ён атрымаў званне «Заслужаны работнік культуры БССР».
16 лістапада 2023 г. каля в. Гарадзішча (Слуцкі раён Мінскай вобласці) Я. Скрыгану быў устаноўлены помнік. У памяць аб жыцці і дзейнасці вядомага празаіка былі выдадзены кнігі ўспамінаў аб ім «Слова пра Яна Скрыгана» (2005), «Ян Скрыган ва ўспамінах» (2010). Дзённікі Я. Скрыгана былі апублікаваны ў 2013 і 2025 гг. Да 115-годдзя з дня нараджэння пісьменніка быў падрыхтаваны фоталетапіс з хатняга архіва Я. Скрыгана.