Да юбілею Анатоля Васільевіча Луначарскага

23 лістапада 2025 г. спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння дзяржаўнага і палітычнага дзеяча Анатоля Васільевіча Луначарскага

Анатоль Васільевіч Луначарскі нарадзіўся ў Палтаве. Яго бацькам быў сапраўдны стацкі саветнік Аляксандр Іванавіч Антонаў. У 1879 г. разам з маці пераехаў у Ніжні Ноўгарад, дзе ў той час знаходзіўся яго бацька. Пазней месцам жыхарства сям’і стаў Кіеў. Бацька А.В. Луначарскага быў чалавекам радыкальных поглядаў і не хаваў сваіх сімпатый да левага руху. Пад яго ўплывам юнак далучыўся да сацыял-дэмакратаў яшчэ ў час вучобы ў гімназіі. У старэйшых класах больш часу аддаваў самастойным заняткам, вывучаў замежныя мовы, чытаў класікаў рускай белетрыстыкі, «Логіку» Д. Міля і «Капітал» К. Маркса. З сямнаццацігадовага ўзросту займаўся прапагандысцкай работай сярод кіеўскіх чыгуначнікаў і рамеснікаў. У 1895 г. стаў студэнтам універсітэта ў Цюрыху (Швейцарыя), дзе вывучаў філасофію, гісторыю, сацыялогію, анатомію, фізіялогію, палітычную эканомію. Значны ўплыў на фарміраванне светапогляду А.В. Луначарскага аказалі лекцыі Р. Авенарыуса, знаёмства з Г. Пляханавым, В. Засуліч, П. Лаўровым, П. Аксельродам.

У 1897 г. А.В. Луначарскі вярнуўся ў Расію, прымаў актыўны ўдзел у рэвалюцыйным руху: займаўся агітацыяй і прапагандай, некалькі разоў падвяргаўся арышту, некаторы час знаходзіўся ў турме. У 1900–1904 гг. знаходзіўся ў ссылцы ў розных гарадах Расійскай імперыі. У гэты час вёў актыўнае інтэлектуальнае і палітычнае жыццё, займаўся літаратурнай і асветніцкай працай, набыў шырокую вядомасць у шэрагах рускай інтэлігенцыі. Пасля заканчэння ссылкі па запрашэнні У.І. Леніна працаваў у газеце «Вперёд» (пазней «Пролетарий») – выданні Расійскай сацыял-дэмакратычнай партыі. Як прапагандыст ідэй бальшавізму хутка набыў вядомасць у Швейцарыі, Францыі, Бельгіі і Германіі.

У кастрычніку – снежні 1905 г. А.В. Луначарскі знаходзіўся ў Пецярбургу, працаваў у рэдакцыі першай легальнай бальшавіцкай газеты «Новая жизнь». У пачатку 1906 г. быў арыштаваны. Пасля завяршэння тэрміну зняволення выехаў за мяжу. У 1909 г. з’яўляўся адным з арганізатараў сацыял-дэмакратычнай групы «Вперёд» і першай партыйнай школы, утворанай на востраве Капры пры падтрымцы М. Горкага. Да зімы 1911 г. А.В. Луначарскі прымаў непасрэдны ўдзел у дзейнасці Балонскай партыйнай школы, быў яе афіцыйным кіраўніком. З канца 1911 г. па 1915 г. жыў у Парыжы, быў карэспандэнтам рускіх перыядычных выданняў, выступаў з лекцыямі і рэфератамі ў Швейцарыі, Германіі, Бельгіі і Францыі. У 1915–1916 гг. жыў у Швейцарыі, займаўся літаратурай, вывучаў кнігі па педагогіцы, наведваў новыя школы, дзе пазнаёміўся з буйнымі наватарамі ў галіне выхавання.

У маі 1917 г. А.В. Луначарскі прыехаў у Петраград і далучыўся да агітацыйна-прапагандысцкай работы. Летам 1917 г. быў дэлегатам І Усерасійскага з’езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі А.В. Луначарскі увайшоў у склад УЦВК і ўзначаліў Народны камісарыят асветы (Наркамасветы). Гэты орган дзяржаўнай улады займаўся праблемамі навукі, асветы і адукацыі, выдавецкай і бібліятэчнай справы, аховы помнікаў, кіраваў дзейнасцю музеяў, тэатраў, кіно, паркаў культуры і адпачынку, наладжваў міжнародныя культурныя сувязі.

Шмат увагі надаваў наркам Луначарскі павышэнню ўзроўню пісьменнасці насельніцтва. У 1920 г. па яго ініцыятыве была створана Усерасійская надзвычайная камісія па ліквідацыі непісьменнасці (ВЧКЛН). Камісія займалася арганізацыяй настаўніцкіх курсаў, адкрыццём пунктаў па ліквідацыі непісьменнасці і школ для малапісьменных дарослых. Дзякуючы энергічнай працы А.В. Луначарскага да 1928 г. навыкамі чытання і пісьма авалодалі каля 10 млн дарослых. Яго дзейнасць на пасадзе наркама асветы аказала велізарны ўплыў на развіццё савецкай педагогікі. Анатоль Васільевіч з’яўляецца адным з арганізатараў і першых тэарэтыкаў савецкай сістэмы школьнай, прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі. Першы наркам асветы лічыў, што для фарміравання асобы чалавека неабходна наладзіць цесную ўзаемасувязь выхавання і навучання.

 

                   

 

У цяжкіх умовах грамадзянскай вайны А.В. Луначарскі прыкладаў шмат намаганняў для захавання мастацкіх, культурна-гістарычных скарбаў і помнікаў Петраграда і Масквы. Дэкрэт 1919 г. аб прысваенні Вялікаму і Малому тэатрам у Маскве, Александрыйскаму, Марыінскаму і Міхайлаўскаму ў Петраградзе статусу дзяржаўных дазволіў тэатрам працягнуць сваю дзейнасць. Анатоль Луначарскі адыграў значную ролю ў станаўленні савецкай музычнай культуры, актыўна выступаў у абарону класічнай спадчыны, адзначаў лепшыя дасягненні ў музыцы, мастацтве, літаратуры, распрацоўваў тэорыю сацыялістычнага рэалізму.

 

                                                           

 

Неверагодная працаздольнасць А.В. Луначарскага дазволіла яму напісаць і апублікаваць больш за восем соцень літаратурна-публіцыстычных работ у галіне літаратуразнаўства і музыказнаўства, крытыкі і эстэтыкі, гісторыі тэатра, жывапісу і архітэктуры, празаічных і драматычных твораў, шэрага бліскучых перакладаў. Усё жыццё ён прысвяціў будаўніцтву сацыялістычнай культуры – гуманістычнай, эмацыянальнай і мысліцельна багатай.

 

                   

 

Першы наркам асветы цікавіўся пытаннямі адукацыі і культуры саюзных рэспублік. Ён унёс пэўны ўклад у арганізацыю школьнай, прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі ў БССР, спрыяў адкрыццю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, дзейнасці Акадэміі навук БССР, Беларускага дзяржаўнага музея, Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі, Віцебскага мастацкага тэхнікума, клапаціўся пра ахову культурна-гістарычных помнікаў, некалькі разоў наведваў Мінск, Гомель і іншыя беларускія гарады з лекцыямі. Анатоль Васільевіч ведаў і высока ацэньваў творчасць Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, Я. Пушчы.

Бліскучая эрудыцыя і валоданне замежнымі мовамі дапамагалі А.В. Луначарскаму ў вывучэнні творчасці замежных літаратараў. Сяброўскія адносіны звязвалі яго з Р. Раланам, А. Барбюсам, Б. Шоу, Б. Брэхтам і інш. У час замежных паездак наркам асветы спрыяў узнікненню і развіццю міжнародных культурных сувязяў СССР.

Пасаду наркама асветы Анатоль Васільевіч займаў да 1929 г. Потым узначальваў Камітэт па заведаванні вучонымі і вучэбнымі ўстановамі пры Цэнтральным выканаўчым камітэце СССР (Вучоны камітэт ЦВК СССР). У 1930 г. быў абраны акадэмікам АН СССР.

Апошнія гады жыцця А.В. Луначарскі прысвяціў дыпламатычнай рабоце. У пачатку 1930-х гг. быў намеснікам кіраўніка савецкай дэлегацыі на Канферэнцыі па скарачэнні і абмежаванні ўзбраенняў у Лізе Нацый у Жэневе (Швейцарыя), дзе абараняў савецкія прапановы аб раззбраенні.

 

                                                                               

 

У 1933 г. А.В. Луначарскі быў прызначаны паўнамоцным прадстаўніком СССР у Іспаніі, аднак да працы прыступіць не паспеў: 26 снежня 1933 г. ён памёр у французскім г. Ментона. Прах А.В. Луначарскага быў перавезены ў Маскву і знаходзіцца ў Крамлёўскай сцяне.