Краткая справка:
скульптар, народны мастак Беларусі, лаўрэат Ленінскай прэміі (1970)
Имена на других языках:
Selikhanau Suarghei Ivanavitch (не определен); Селиханов Сергей Иванович (русский);
5021 символ
Справка
Сяргей Іванавіч Селіханаў належыць да пакалення беларускіх скульптараў, якія працавалі ў пасляваенныя гады ХХ стагоддзя.
Ён нарадзіўся ў Санкт-Пецярбугу ў сям’і рабочага. У 1921 г. пасля смерці бацькі маці пераехала ў Оршу, дзе прайшло дзяцінства будучага скульптара. Цікавасць да выяўленчага мастацтва выявілася ў хлопчыка рана. У шэсць гадоў ён пачаў маляваць, у час вучобы ў школе займаўся ў гуртку клуба чыгуначнікаў, дзе пісаў лозунгі, выпускаў насценную газету, маляваў плакаты. У 1933 г. С. Селіханаў паступіў на жывапіснае аддзяленне Віцебскага мастацкага тэхнікума, у якім выкладалі вядомыя мастакі У. Хрусталёў, В. Волкаў, Ю. Пэн, В. Лебедзева, скульптар М. Керзін і інш. Яго настаўнікамі былі Ф. Фогт, Л. Лейтман, У. Дзежыц. У 1937 г. пасля заканчэння вучобы С. Селіханаў паспрабаваў свае сілы ў жывапісе і графіцы: напісаў некалькі карцін і фрэсак, ілюстраваў кнігі. Аднак мастака ўсё больш цікавіла скульптура. У 1940 г. на выстаўцы, прысвечанай У.І. Леніну, ён упершыню прадставіў кампазіцыю «К.Я. Варашылаў на манеўрах» (1940). Каб удасканаліць прафесійнае майстэрства ў скульптуры, С. Селіханаў пераехаў у Мінск.
Работу мастака перапыніла Вялікая Айчынная вайна. 25 чэрвеня 1941 г. пачалася франтавая біяграфія С. Селіханава. Ён удзельнічаў у бітвах пад Масквой, Ржэвам, ваяваў на Калінінскім, Варонежскім франтах, Курскай дузе, фарсіраваў Днепр, адбіваў танкавыя атакі праціўніка на Сандамірскім плацдарме, вайну скончыў у Празе. Сярод баявых узнагарод скульптара – ордэны Айчыннай вайны І і ІІ ступеней, Чырвонай Зоркі, медаль «За адвагу». На фронце зрабіў шмат замалёвак і эскізаў, дзе здолеў перадаць характар савецкага салдата, які прынёс народам Еўропы вызваленне і мір.
У 1946 г. адразу пасля дэмабілізацыі С. Селіханаў вярнуўся ў Мінск. Яго першая скульптурная кампазіцыя «За гонар сцяга» (1947) стала спробай сіл і аднаўленнем творчай формы. У 1948 г. з’явілася новая работа «Вызваленне». У гэтым жа годзе С. Селіханаў стаў членам Беларускага саюза мастакоў. У канцы 1940-х гг. працаваў над серыяй партрэтаў кіраўнікоў дзяржавы, сярод якіх найбольш вядомымі з’яўляюцца скульптуры І.В. Сталіна і С.М. Кірава. Для беларускага павільёна ВДНГ СССР С. Селіханаў выканаў кампазіцыю «Беларусь працоўная» (1950) і стварыў скульптуру Героя Савецкага Саюза К. Заслонава (1951). Праца ў Маскве разам з выдатнымі савецкімі скульптарамі М. Томскім, Я. Вучэцічам, М. Манізерам стала для яго сапраўднай творчай школай. У пачатку 1950-х гг. група беларускіх скульптараў займалася афармленнем новага будынка Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава. У яе склад уваходзілі А. Бембель, А. Глебаў, З. Азгур і С. Селіханаў, які выканаў у бронзе манументальную пяціметровую фігуру рускага вучонага А.Р. Сталетава (1952; помнік устаноўлены каля будынка фізічнага факультэта). З сярэдзіны 1950-х гг. галоўнай тэмай творчасці С. Селіханава стаў подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ён з’яўляецца аўтарам гарэльефнай кампазіцыі «Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай» для манумента Перамогі ў Мінску (1954); помнікаў Героям Савецкага Саюза К. Заслонаву ў Оршы (1955) і М. Казею ў Мінску, партызанцы Л. Чалоўскай у Барысаве (1958), братам І. і М. Цубам каля в. Вялікі Лес Салігорскага раёна (1961) і інш. Творам скульптара характэрны выразная пластыка, яснасць і дакладнасць сілуэта, глыбокая змястоўнасць вобразнага вырашэння. У 1955 г. за заслугі ў развіцці беларускага выяўленчага мастацтва С. Селіханаву было прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, у 1963 г. – званне народнага мастака БССР. Найвышэйшым творчым дасягненнем скульптара стала кампазіцыя «Няскораны чалавек» у мемарыяльным комплексе Хатынь (1969; Ленінская прэмія, 1970). Выразная, экспрэсіўна вылепленая фігура мужчыны з забітым хлопчыкам на руках – сімвал мужнасці і няскоранасці беларускага народа ў час цяжкіх выпрабаванняў.
Пачатак 1970-х гг. у творчасці С. Селіханава адзначаны новымі пошукамі ў галіне партрэта. Многія яго работы выкананы ў шамоце, у некаторыя ўключаны каляровыя мазаічныя элементы, што надавалі скульптуры выразнасць і жывапіснасць. Майстар знаходзіў у кожным сваім героі індывідуальныя рысы, выкарыстоўваў асобныя выяўленчыя сродкі (ракурс, рух, экспрэсіўную лепку), з дапамогай якіх перадаваў характар чалавека. Ён стварыў цэлую галерэю скульптурных партрэтаў герояў вайны і працы, дзеячаў культуры, навукі і простых людзей (калгаснікаў, шахцёраў, рабочых). На працягу 1972–1975 гг. С. Селіханаў працаваў над мемарыяльным комплексам, што быў узведзены ў в. Старыца Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў гонар савецкіх салдат і партызан, якія аддалі жыццё за Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адной з апошніх работ скульптара стала кампазіцыя «Хлеб-соль» (1974). Пасля смерці С. Селіханава засталося некалькі незавершаных тэматычных кампазіцый. Адна з іх прысвечана вобразу У.І. Леніна, другая ўяўляла сабой праект помніка М.В. Фрунзэ для Мінска, трэцяя – манумент у гонар 50-годдзя савецкай улады на Магілёўшчыне.