Нарадзіўся Мікола Ваданосаў 4 студзеня 1923 г. у Мінску ў сям'і ваеннаслужачага. Калі бацька памёр, маці з двума сынамі пераехала на Барысаўшчыну, дзе і прайшло дзяцінства будучага пісьменніка. Да роднага кутка, маляўнічыя мясціны якога абудзілі ў юнака творчы талент, ён звяртаўся ў шматлікіх сваіх творах.
У 1939 г. Мікола скончыў сямігодку і паступіў у Мінскі дарожна-механічны тэхнікум. Не абмінулі М. Ваданосава цяжкасці ваеннага ліхалецця: у час Вялікай Айчыннай вайны ён з'яўляўся радыстам партызанскага злучэння на Маладзечаншчыне, быў тройчы паранены. Пасля дэмабілізацыі з радоў Савецкай Арміі працаваў тэхнікам у Беларускім радыёцэнтры, але гэта работа не прыносіла Міколу Ваданасаву задавальненне. У 1959 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, пасля чаго назаўсёды звязаў свой лёс з творчай працай: працаваў рэдактарам аддзела прозы ў выдавецтвах «Беларусь» (1966–1972) і «Мастацкая літаратура» (1972–1982).
Упершыню ў друку пісьменнік выступіў у 1948 г. з вершам «Лясны лагер». Творы паэтычнага жанру, па меркаванні самога аўтара, не мелі вялікай мастацкай вартасці, але далі творчы зарад і магчымасць праявіць свае здольнасці ў прозе. М. Ваданосаў працаваў у жанрах аповесці і апавядання, якія знайшлі сабе дарогу да сэрцаў чытачоў розных узростаў. Ён пісаў пра жыццё і працу лесарубаў, радыстаў, разведчыкаў, гераізм беларускага народа ў час вайны, пра рабочы клас, інтэлігенцыю вёскі, моладзь («У Баркоўскай пушчы», «Пераломнае лета», «Надзеі і здзяйсненні», «Адзінай маці сыны», «Пад чужым паролем» і інш.).
Мікола Ваданосаў напісаў шмат кніг для дзяцей: «Першае знаёмства», «Аднагодкі», «Пабярэжцы», «Рачны госць», «Апошні вадзянік», «Хатабыч-малодшы», «Здарэнне на Сцюдзёнцы», «Двайная памылка», «Лясныя прыгоды» і інш. Стварыў зборнікі гумарыстычных апавяданняў «Прынцыповы аратар» (1966), «Сам сябе падвёў» (1973), «Левыя ногі» (1983). Дзіцячыя творы пісьменніка вылучаюцца займальным сюжэтам, элементамі прыгодніцтва і маралі, у іх нямала паэтычных, цёплых малюнкаў, добрых псіхалагічных знаходак, якія раскрываюць прывабны свет дзяцей.
Апавяданні і аповесці М. Ваданосава друкаваліся ў часопісах «Бярозка», «Беларусь», альманаху маладых аўтараў «На сонечных сцежках». Пісьменнік быў ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені і медалямі, атрымаў званне «Заслужаны работнік культуры БССР» (1982).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.