Дата рождения:
17.01.1904 Чурылава, в., Уздзенскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
15.01.1979
Краткая справка:
пісьменнік, адзін з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1974)
Псевдонимы:
Павадыр Алесь; Разак А.; Чурылавец А.
Варианты имени:
Якімовіч Алесь
Имена на других языках:
Якимович Александр Иванович (русский); Якимович Алесь (русский);
Криптонимы:
А.Ч.; А.Я-віч; А.Я.
5292 символа
Справка
Юным і дарослым чытачам добра вядомы шматлікія творы старэйшага беларускага дзіцячага пісьменніка, цудоўнага казачніка, аўтара шматлікіх апавяданняў і аповесцей, выдатнага перакладчыка Алеся (Аляксандра Іванавіча) Якімовіча.
Нарадзіўся ён у в.Чурылава Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Уздзенскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Пасля заканчэння мясцовай школы вучыўся ў Вышэйшым пачатковым вучылішчы ў мястэчку Узда і скончыў пры ім у 1921 г. двухмесячныя настаўніцкія курсы. У гэтым жа годзе паступіў у Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум. Яго сакурснікамі былі А. Александровіч, П. Глебка, П. Трус. Пад уплывам Я. Коласа, які выкладаў у тэхнікуме курс методыкі беларускай мовы, А. Якімовіч пачаў пісаць вершы. У 1923 г. ён стаў членам літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Праз год быў запрошаны на работу ў рэдакцыю часопіса «Беларускі піянер» у якасці адказнага сакратара, потым стаў галоўным рэдактарам. Працаваць было цяжка, але набываўся вопыт, пашыраліся і паглыбляліся веды. У 1926 г. А. Якімовіч скончыў тэхнікум. Адукацыю працягваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта, якое скончыў у 1930 г. Вучобу сумяшчаў з абавязкамі рэдактара часопіса «Іскры Ільіча». Некаторы час працаваў сакратаром педагагічнага часопіса «Асвета», выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў вячэрнім тэхнікуме вогнетрывальнага будаўніцтва. У 1934 г. А. Якімовіч прымаў удзел у рабоце Першага з’езда савецкіх пісьменнікаў. У гэтым жа годзе стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР.
У першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны А. Якімовіч знаходзіўся ў эвакуацыі ў г. Чыстапаль (Татарская АССР). Працаваў настаўнікам у адной з сярэдніх школ горада. Потым пераехаў у Казахстан. У сяле Шаманаіха быў адказным сакратаром раённай газеты. Адтуль у 1942 г. накіраваны на курсы малодшых лейтэнантаў у г. Андыжан (Узбекская ССР), праз некалькі месяцаў трапіў на фронт. Камандаваў стралковым узводам, потым ротай, у баях пад Харкавам у 1943 г. быў цяжка паранены. Пасля лячэння ў шпіталі і звальнення ў запас з 1943 па 1944 г. жыў у Маскве, дзе займаўся рэдактарскай справай. Потым працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР (1944–1945 і 1948–1954), быў адказным рэдактарам часопіса «Бярозка» (1945–1948), літкансультантам Саюза пісьменнікаў БССР (1955–1960). У 1968 г. А. Якімовіч атрымаў званне заслужанага дзеяча культуры БССР. У 1974 г. стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР. Ён узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.
Пачатак творчай дзейнасці А. Якімовіча прыпадае на 1920-я гг. Гэта быў перыяд станаўлення беларускай савецкай дзіцячай літаратуры. Яго першы верш «Вясна», напісаны ў час вучобы ў тэхнікуме, апублікавалі на старонках часопіса «Маладняк» у 1923 г. У 1925 г. выйшаў паэтычны зборнік «Вершы». Творы А. Якімовіча прызначаліся для дзяцей розных узростаў. Для самых маленькіх ён напісаў вершы «Улетку» (1947), кнігі для чытання «Слухай – запамінай: азбука ў вершах і малюнках» (1948), «Звяры нашых лясоў» (1951), аповесць «Прыгоды хлопчыка Іларыка» (1965) і іншыя, якія маюць пазнавальнае значэнне, прывіваюць любоў да роднага краю. Школьнікам сярэдняга і старэйшага ўзросту адрасаваны празаічныя творы, што ўвайшлі ў зборнікі «Залаты зуб» (1937), «Помста» (1946), «Сябры» (1948), «Новы год» (1958) і інш. З аповесцей найбольш вядомыя «Незвычайны мядзведзь» (1934), «Базылёў курган» (1954), «Смелыя людзі» (1960), «Адкуль ліха на свеце» (1963), «Канец сервітуту» (1968), «Цяжкі год» (1976) і інш. Героямі твораў з’яўляюцца равеснікі юных чытачоў, якім аўтар дапамагае асэнсаваць важныя гістарычныя падзеі, што адбываліся ў нашай краіне. Многія даваенныя апавяданні і аповесці маюць выразныя адзнакі часу: у іх адлюстравана жыццё дзяцей (сірот, парабкаў, беспрытульных) у заходніх губернях Беларусі ў 1920–1930-я гг. Значная частка твораў пасляваеннага часу прысвечана гераізму дзяцей і падлеткаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Апавяданні і аповесці А. Якімовіча вызначаюцца праўдзівасцю адлюстравання жыцця, багаццем мовы. У іх ставяцца надзённыя праблемы, вырашаюцца пазнавальныя і выхаваўчыя задачы.
Шмат зрабіў пісьменнік у галіне апрацоўкі беларускіх народных казак, якія надрукаваны асобнымі выданнямі, а таксама ўвайшлі ў зборнікі «Каток – залаты лабок» (1955), «Бацькаў дар» (1957), «З рога ўсяго многа» (1959), «Андрэй за ўсіх мудрэй» (1975), «Людзей слухай, а свой розум май» (1980) і інш. Шырокую вядомасць набылі яго вершаваныя і празаічныя казкі «Каваль Вярнідуб» (1936), «Казка пра смелага вожыка» (1937), «Вераб’ёвы госці» (1945), «Адкуль пайшлі паны на Палессі» і «Стары бацька» (1955), «Браты Лазоўскія» (1965) і іншыя, у якіх пісьменнік працягвае традыцыі вуснай народнай творчасці. Алесь Якімовіч з’яўляецца аўтарам падручніка для другога класа пачатковай школы «Роднае слова» (1932), разам з Е. Гародкінай у 1933 г. склаў і выдаў кнігу для дзяцей «Чытанка». Ён пісаў таксама артыкулы па пытаннях развіцця дзіцячай літаратуры, якія друкаваліся ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях. Плённа працаваў і як перакладчык твораў рускіх і замежных аўтараў на беларускую мову. На вершы А. Якімовіча кампазітары Н. Сакалоўскі і А. Багатыроў напісалі песні. Яго імем названа Зенькавіцкая сярэдняя школа, дзе ў 1985 г. быў створаны літаратурны музей пісьменніка.