Краткая справка:
мастак тэатра, педагог, народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Таджыкістана, Літвы і Расіі, акадэмік Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1949)
Имена на других языках:
Tchamadurau Yaughen Rygoravich (не определен); Чемодуров Евгений Григорьевич (русский);
4622 символа
Справка
Адным з самых выдатных майстроў сцэнічнага мастацтва Беларусі з’яўляецца Яўген Рыгоравіч Чамадураў. Мастак высокага ўзроўню, ён прытрымліваўся ў творчасці прынцыпа спалучэння ў адзінае цэлае сутнасці музычнага твора, рэжысёрскай задумы, акцёрскага выканання і вобразнага дэкарацыйнага афармлення спектакля.
Нарадзіўся Я. Чамадураў на станцыі Шуміха Чэлябінскага павета Арэнбургскай губерні (цяпер Курганская вобласць, Расія) у сям’і чыгуначніка. У хуткім часе бацькі пераехалі ў Кастраму, дзе ён паступіў у 1929 г. у прыватнае мастацкае вучылішча М. П. Шлеіна. Вывучаў малюнак і жывапіс, кампазіцыю і гісторыю мастацтваў. Пасля заканчэння працягваў адукацыю ў Ленінградскім інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры. Яго выкладчыкамі былі К. Рудакоў, М. Бобышаў, Я. Лансерс, Г. Астраумава-Лебедзева і інш. У 1938 г. Я. Чамадураў абараніў дыплом (эскізы да спектакля «Зямля» па п’есе М. Вірты). Працаваў у тэатрах Масквы, Душанбэ, Чэлябінска, Кіева і іншых гарадоў. У 1959 г. быў запрошаны галоўным мастаком у Беларускі дзяржаўны тэатр оперы і балета.
У Мінску Я. Чамадураў, з уласцівай яму цікаўнасцю і імкненнем да дасканаласці, пачаў вывучаць беларускае мастацтва і культуру, што дазволіла ў хуткім часе стварыць яркія запамінальныя дэкарацыі ў нацыянальных балетах «Мара» (1961), «Альпійская балада» (1967) і «Выбранніца» (1969) Я. Глебава, «Святло і цені» Г. Вагнера (1963), а таксама ў операх «Калючая ружа» (1960), «Калі ападае лісце» (1968) і «Зорка Венера» (1970) Ю. Семянякі, «Яснае світаннне» А. Туранкова»(1964), «Алеся» Я. Цікоцкага (1967), «Андрэй Касценя» М. Аладава (1970) і інш. Знакавымі сталі таксама аформленыя мастаком спектаклі з класічнага рускага і замежнага рэпертуараў. Гэта оперы «Пікавая дама» П. Чайкоўскага (1960, 1972), «Заручыны ў манастыры» С. Пракоф’ева (1962), «Арэстэя» С. Танеева (1963), «Сельскі гонар» П. Масканьі (1973); балеты «Балеро» на музыку М. Равеля (1963), «Папялушка» С. Пракоф’ева (1965), «Лебядзінае возера» П. Чайкоўскага (1967), «Пер Гюнт» на музыку Э. Грыга і «Жызэль» А. Адана (1966) і інш. Спектаклі з класічнага рэпертуару, што ішлі на беларускай сцэне, Я. Чамадураў афармляў і ў іншых тэатрах, але як высокі прафесіянал ніколі не паўтараў дэкарацый і заўсёды па-новаму распрацоўваў іх, знаходзіў зусім іншае сцэнаграфічнае рашэнне. Усяго мастак стварыў звыш 200 дэкарацый да розных пастановак. Сярод іх – сцэнаграфіі спектакляў «Манон» Ж. Маснэ (1951) і «Сарочынскі кірмаш» М. Мусаргскага (1952) Вялікага тэатра ў Маскве, «Аіда» Дж. Вердзі (1955) тэатра оперы і балета Румыніі (Бухарэст) і «Сказ пра каменную кветку» С. Пракоф’ева (1967) Фінскай нацыянальнай оперы (Хельсінкі), «Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага (1975) і «Залаты пеўнік» М. Рымскага-Корсакава (1979) тэатра «Калон» (Буэнас-Айрэс) і інш. У Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі Беларусі мастак аформіў аперэты «Сільва» І. Кальмана (1971) і «Чацвёрты пазванок» М. Ларні (1973), працаваў над дэкарацыямі да цыркавых і эстрадных праграм, масавых відовішчаў. З 1960 па 1991 г. (з перапынкамі) выкладаў у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Сярод яго вучняў – такія вядомыя майстры, як Б. Герлаван, М. Апіёк, Я. Ждан, А. Салаўёў, У. Гардзеенка, Ю. Тур, Б. Казакоў і інш.
Творчай манеры Я. Чамадурава ўласцівы відовішчнасць, маштабнасць, эпічная і манументальная выразнасць вобразаў, што дасягалася спалучэннем графічнай лаканічнасці малюнка з дэкаратыўнасцю колеру. З асаблівай патрабавальнасцю адносіўся да стварэння сцэнічных касцюмаў. Мастак лічыў, што ў пабудове спектакля яны маюць не толькі канкрэтнае месца, але і з’яўляюцца разам з выканаўцамі жывымі знакамі, сімваламі ў прадстаўленай прасторы, а таксама вызначальнымі вобразамі той ці іншай эпохі. Касцюм у пастаноўках Я. Чамадурава – неад’емны элемент сцэнічнай пластыкі. Многія яго работы можна параўноўваць з вядомымі творамі А. Бенуа. На эскізах Я. Чамадурава зафіксавана не толькі адзенне таго ці іншага персанажа, але перш за ўсё яго вобраз, характар, уменне насіць убор, прапанаваны сцэнографам. Касцюмы мастака складаюць асобную калекцыю ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, філіяле «Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры».
За вялікія заслугі ў развіцці тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва Я. Чамадураў узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэнам «Знак Пашаны», медалямі і ганаровымі граматамі. Ён з’яўляецца заслужаным дзеячам мастацтваў Таджыкістана (1945), Літвы (1954) і Расіі (1958), лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР (1949). У 1963 г. стаў народным мастаком Беларусі. У 1994 г. выбраны акадэмікам Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў.