У кожнага ёсць тая дарога, якая ўвабрала вопыт і мудрасць папярэдніх і стала для чалавека на ўсё жыццё вызначальнай. Для Георгія Уладзіміравіча Шыловіча ёю стала дарога пісьменніка, журналіста. Яму падуладны розныя літаратурныя жанры: апавяданні, аповесці, нарысы, эсэ, рэпартажы.
Нарадзіўся пісьменнік у сям'і служачых. Рос цікаўным, дапытлівым, захапляўся тэхнікай і матэматыкай, шмат чытаў, уваходзіў у склад рэдакцыйнай калегіі школьнай насценнай газеты. Да вайны Г. Шыловіч скончыў сярэднюю школу і першы курс Мінскага будаўнічага тэхнікума. У 1941–1943 гг. быў у складзе падпольнай групы У. Яцэвіча ў Мінску. «Гэта 457 дзён і начэй бясстрашнай хады па крутым абвальным беразе падпольнай барацьбы» (А. Вялюгін). З сакавіка 1943 па жнівень 1944 г. Георгій Шыловіч уваходзіў у дыверсійную групу 6-га партызанскага атрада брыгады «Жалязняк». У 1944–1945 гг. ён – старшына роты 45-га стралковага запаснога палка. За мужнасць і адвагу, праяўленыя ў гады вайны, Г. Шыловіч быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі.
Пасля дэмабілізацыі з радоў Чырвонай Арміі скончыў аддзяленне журналістыкі філфака БДУ. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1951) працаваў літсупрацоўнікам рэдакцыі газеты «Мінская праўда», з 1953 па 1964 г. загадваў аддзелам рэдакцыі газеты «Зорька», з 1964 г. працаваў у рэдакцыі часопіса «Беларусь»: быў загадчыкам грамадска-палітычнага аддзела, адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара.
Апавяданне «Толіна бярозка», апублікаванае ў газеце «Зорька» ў 1948 г., стала першым друкаваным творам Г. Шыловіча. На яго творчым рахунку шэраг дзіцячых аповесцей, апавяданняў і казак. Першая кніга пісьменніка «Твая дарога» ўбачыла свет у 1957 г. Затым выйшлі кнігі апавяданняў і аповецей для дзяцей: «Запіска на шыбе» (1960), «Школа ля крэпасці», «Піянерская адвага» (абедзьве 1962), «Праз полымя вайны» (1963), «Сшытак у чорнай вокладцы» (1965), «Чарапаха без панцыра» (1966), «Святло далёкага Алькора» (1973), «Сустрэча з сонейкам, альбо Аповесць пра Пецьку-флібусцьера і некаторых яго сяброў» (1981). У 1986 г. у выдавецтве «Юнацтва» быў надрукаваны аднатомнік выбраных твораў Г. Шыловіча «Школа каля крэпасці». У асноўным галоўнымі героямі твораў Г. Шыловіча з’яўляюцца падлеткі, таму творы пісьменніка змяшчаюць шмат пазнавальнага матэрыялу, які ўзбагачае чытачоў ведамі, пабуджае іх да пазнання. У цэнтры ўвагі аўтара – актуальныя і надзённыя праблемы школы і школьнікаў, клопат настаўніцтва аб тым, каб школа была асяродкам чуласці, справядлівасці, узаімаразумення, станоўча ўплывала на працэс выхавання вучняў.
Георгій Шыловіч пэўны час аддаў працы над перакладамі з рускай і ўкраінскай моў. Шэраг твораў пісьменніка былі перакладзены на рускую, украінскую, латышскую, казахскую ды іншыя мовы. Георгій Шыловіч – аўтар трох сцэнарыяў дакументальных фільмаў: «Родныя бярозы не спяць» (1965), «Зялёны патруль» (1966), «Трэба марыць» (1967).
«Аўтар, які піша для дзяцей і юнацтва, абавязкова павінен быць педагогам», –сцвярджаў вядомы беларускі пісьменнік В. Вітка. У творах Георгія Шыловіча выразна выяўляецца яго асоба – захопленага жыццялюба, рамантыка, мастака-псіхолага, удумлівага педагога.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.