Цікавае і багатае на падзеі жыццё пражыў рускі паэт, празаік і перакладчык Якаў Хелемскі. Якаў Аляксандравіч (Айзікавіч) Хелемскі з’явіўся на свет у Васількаве – горадзе непадалёк ад Кіева. Дзіцячыя і юнацкія гады правёў у Кіеве, там жа атрымаў сярэднюю адукацыю. Падчас вучобы ў школе наведваў студыю верша Мікалая Ушакова і з цягам часу сам стаў пісаць вершы і карэспандэнцыі. 1930 год быў багаты на падзеі: дзеткор газеты «Киевский пионер» Хелемскі прымаў удзел у І Усесаюзным злёце дзцяцей-карэспандэнтаў, слухаў «Песню-молнию» ў выкананні самога У. Маякоўскага, у часопісах «Пионер» і «Молодая гвардия» былі надрукаваны яго першыя паэтычныя творы: «Весенняя армия», «Баллада о пароходе и ненависти», «Отцы и дети». У гэты час маладому паэту было 16 гадоў.
У пачатку 1930-х гадоў юнак пераехаў у Маскву і стаў карэспандэнтам газет «Пионерская правда», «Комсомольская правда». 17 верасня 1939 г. у якасці спецыяльнага карэспандэнта «Пионерскай правды» адным з першых апынуўся на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Праз некалькі дзён у перыядычным друку з'явіўся верш «В тридцать девятом…» («…Мальчонка шёл, не помню, сколько суток…») – верш пра хлопчыка-беларуса, які спяшаўся насустрач Чырвонай Арміі. Зімой 1939–1940 гг. у час самавольнай камандзіроўкі на «фінскую» ў лясах Суомі ўпершыню спазнаў трагедыю вайны. З восені 1941 г. Я. Хелемскі з'яўляўся карэспандэнтам франтавой газеты «На разгром врага». Разам з воінскімі часцямі Бранскага і 2-га Прыбалтыйскага франтоў прайшоў шлях ад Яльца да Кёнінгсберга, быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі. Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны цалкам прысвяціў сябе літаратурнай працы, пісаў вершы, вершаваныя пуцявыя дзённікі, займаўся перакладамі.
Пісаць Я. Хелемскі пачаў яшчэ падчас вучобы ў школе і напярэдадні вайны першы зборнік яго вершаў рыхтваўся ў выдавецтве “Советский писатель”, аднак вайна ўнесла свае карэктывы – набор быў рассыпаны. У 1944 г. убачыла свет першая кніга Я. Хелемскага “По орловской земле”, якая складалася з франтавых вершаў. Ваенная лірыка паэта друкавалася ў зборніках “В пути” (1948), «Ветераны» (1957), «Неприкосновенный запас» (1965) і інш.
У мірны час Я. Хелемскі шмат працаваў: ён аўтар 23 паэтычных зборнікаў, двух кніг прозы, трох кніг, прысвечаных пытанням літаратуры і мастацтва. Яго паэтычным творам былі ўласцівыя выразнасць мовы, глыбіня пачуцця, добры гумар, дабрыня і мудрасць. Паэтычныя нарысы аб падарожжах, вершаваныя рэпартажы і франтавыя дзённікі чытаюцца з захапленнем. Шмат вершаў Я. Хелемскага сталі песнямі: «Злата Прага», «Пани Варшава», «В нашем старом городке», «Маленькие корабли», «Песня ветеранов», «Белая, несмелая», «Когда поёт далёкий друг» і інш. Сярод выканаўцаў былі знакамітыя эстрадныя спевакі: М. Бернес, Э. П’еха, Л. Уцёсаў, У. Трошын, Г. Отс, А. Вядзішчава, Г. Веліканава і інш.
Моцныя сяброўскія адносіны, якія ўзніклі яшчэ на фронце, звязвалі Якава Хелемскага з беларускімі паэтамі. У пасляваенны час творчыя стасункі з П. Броўкам, А. Куляшовым, П. Панчанкам, А. Вялюгіным, А. Пысіным толькі ўзмацніліся. Беларусі і беларусам паэт прысвяціў шэраг вершаў («Люблю поэтов белорусских», «Белорусским поэтам», «Немига», “Белорусские реки” і інш., кнігу ўспамінаў «Чистота звучания» (1988).
Важнае месца ў творчасці Я. Хелемскага займалі паэтычныя пераклады з беларускай, украінскай, польскай, балгарскай, чэшскай, яўрэйскай і іншых моў. Найбольшую вядомасць атрымалі пераклады твораў беларускіх паэтаў. У 1939 г. Я. Хелемскі пачуў народную рэвалюцыйную пря Сяргея Прытыцкага. Песня вельмі ўзрушыла маладога паэта і ён адразу пераклаў яе на русскую мову. «Песня о Сергее Притыцком» – першы пераклад Я. Хелемскага з беларускай. Ён – аўтар перакладаў кніг вершаў П. Броўкі («А дни идут...» (1961), «Труби, мой бор» (1965), «Как поднимается солнце» (1977) і інш); А. Куляшова («Грозная пушча» (1956), «Новая кніга» (1964), «На полумиллиардном километре» (1974); М. Танка («Стихи с дороги» (1958), «Мой хлеб насущный» (1964), «Нарочанские сосны» (1972). Дзякуючы перакладам Я. Хелемскага рускамоўныя чытачы адкрылі для сябе паэзію П. Панчанкі, Е. Лось, Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна, А. Вялюгіна, Н. Гілевіча, К. Кірэенкі, М. Лужаніна і інш. Лепшыя пераклады вершаваных твораў гэтых паэтаў увайшлі ў зборнікі «Перевожу стихи товарища» (1962), «Ключ» (1968), «Четыре мастера» (1984), «Из речи в речь» (1987). Крытыкі, мовазнаўцы і беларускія паэты высока ацэньвалі мастацкія пераклады Я. Хелемскага. Перакладчык з пашанаю і любоўю ставіўся да беларускай мовы, быў нястомны ў пошуках дакладных, адзіна неабходных слоў, заўсёды стараўся захаваць эмацыянальны строй верша, яго актыўны зарад, выступаў супраць рамесніцкай абыякавасці, не сагрэтай шчырасцю гульні ў словы і рыфмы.
Як запавет гучаць словы Я. Хелемскага:
Перевожу стихи товарища,
Раздумываю над строкой,
А подлинник неостывающий,
Как птица, бьётся под рукой.
………………………………...
Сфальшивишь – меркнет оперение
И вместо пенья слышен хрип,
Разрушено стихотворение
И чей-то замысел погиб.
Отыщешь ключ – и птица вскинется
И снова ринется в полёт.
Счастливая, как именинница,
Она по-русски запоёт.
Ты слился с нею, ввысь взмывающей,
Летящей в новые края.
И в этот миг судьба товарища
Тебе дороже, чем своя.
(«Перевожу стихи товарища…», 1958).
На беларускую мову асобныя вершы Я. Хелемскага перакладалі П. Броўка, А. Куляшоў, М. Танк, П. Панчанка, Р. Барадулін, У. Паўлаў і інш.
Сумленная нястомная праца Я. Хелемскага атрымала высокую ацэнку: у 1968 г. яму было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР», у 1980 г. паэт-перакладчык быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа. Перакладчык узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» (1960), ордэнам Дружбы народаў (1984).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.