Краткая справка:
вучоны ў галіне эканомікі, акадэмік НАН Беларусі, АН СССР, УАСГНІЛ, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946), Ленінскай прэміі (1965), узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна (1939, 1946, 1964), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1940, 1944 г.), Чырвонай Зоркі (1945)
Имена на других языках:
Немчинов Василий Сергеевич (русский);
3301 символ
Справка
Вучоны ў галіне эканомікі Васіль Сяргеевіч Нямчынаў нарадзіўся ў в. Грабава Пензенскай вобласці (Расія). Скончыўшы Чэлябінскае рэальнае вучылішча ў 1913 г., паступіў на эканамічнае аддзяленне Маскоўскага камерцыйнага інстытута. Да 1926 г. працаваў у статыстычных установах Масквы, Чэлябінска, Свярдлоўска. З 1926 па 1930 г. быў членам калегіі ЦСУ СССР. У 1928–1948 гг. В.С. Нямчынаў загадваў кафедрай статыстыкі Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі імя К.А. Ціміразева, з 1940 па 1948 г. быў дырэктарам акадэміі. У гэты перыяд ён стаў доктарам эканамічных навук (1935), прафесарам (1930), акадэмікам НАН Беларусі (1940), акадэмікам АН СССР (1946), акадэмікам УАСГНІЛ (1948). У 1949–1963 гг. В.С. Нямчынаў кіраваў Саветам па вывучэнні прадукцыйных сіл АН СССР, распрацоўцы тэорыі іх развіцця і размяшчэння; па комплексным вывучэнні прыродных рэсурсаў і прадукцыйных сіл усходніх раёнаў. Адначасова з 1947 па 1957 г. быў прафесарам кафедры палітэканоміі Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС. У 1954–1958 гг. ён акадэмік-сакратар Аддзялення эканамічных, філасофскіх і прававых навук АН СССР. У 1958 г. арганізаваў першую ў краіне лабараторыю эканоміка-матэматычных метадаў АН СССР, на базе якой ў 1963 г. быў створаны Цэнтральны эканоміка-матэматычны інстытут АН СССР. З 1962 г. загадваў кафедрай матэматычных метадаў аналізу эканомікі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1954 г. быў адказным рэдактарам часопіса «Ученые записки по статистике», які выдаваўся Аддзяленнем эканамічных навук АН СССР, з 1964 г. – галоўным рэдактарам часопіса «Экономика и математические методы». У 1958 г. выбраны сапраўдным членам Міжнароднага статыстычнага інстытута, у 1961 г. стаў членам Каралеўскага статыстычнага таварыства Вялікабрытаніі, у 1964 г. – ганаровым доктарам Бірмінгемскага ўніверсітэта (Вялікабрытанія, 1964).
Васіль Сяргеевіч з'яўляецца адным з заснавальнікаў эканоміка-матэматычнага напрамку савецкай эканамічнай навукі. Яго працы прысвечаны пытанням тэорыі і практыкі статыстыкі, праблемам развіцця прадукцыйных сіл і структуры грамадскай вытворчасці, метадалогіі вывучэння прадукцыйнасці працы і распрацоўцы мадэлей планавай эканомікі. У 1946 г. за навуковую працу «Сельскохозяйственная статистика с основами общей теории» (1945) В.С. Нямчынаву была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР. У 1963 г. выйшла яго кніга «Экономико-математические методы и модели», якая стала значным укладам у развіццё эканамічнай навукі. За ўдзел у распрацоўцы метада лінейнага праграмавання і эканамічных мадэлей была прысуджана Ленінская прэмія (1965). Вучоны з'яўляецца аўтарам каля 330 навуковых прац, у тым ліку 9 манаграфій, сярод якіх – «О перспективах развития экономики Восточной Сибири» (1959), «Экономико-математические методы и модели» (2-е перапрац. і дап. выд., 1965), «О дальнейшем совершенствовании планирования и управления народным хозяйством» ( 2-е выд., 1965), «Экономика и математика» (1965) і інш. У 1967–1969 гг. былі выдадзены «Избранные произведения» (у 6 т.).
Ён узнагароджаны ордэнамі Леніна (1939, 1946, 1964), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1940, 1944 г.), Чырвонай Зоркі (1945), медалямі. У 1993 г. Расійская акадэмія навук заснавала прэмію імя В.С. Нямчынава за выдатныя работы ў галіне эканоміка-матэматычных мадэлей і метадаў.