Дата рождения:
03.01.1944 Кавалі, в., Брагінскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
04.09.1997
Краткая справка:
мастацтвазнавец, этнограф, даследчык народнага мастацтва і матэрыяльнай культуры Беларусі
Имена на других языках:
Ramaniuk Mikhas Fiodaravitch (английский); Романюк Михаил Фёдорович (русский);
4347 символов
Справка
Мастацтвазнавец, этнограф, даследчык народнага мастацтва і матэрыяльнай культуры Беларусі Міхаіл Фёдаравіч Раманюк нарадзіўся ў в. Кавалі Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. Бацька яго загінуў на фронце ў Вялікую Айчынную вайну. Засталася маці адна з чатырма малымі дзецьмі. Матэрыяльнае становішча сям’і было вельмі цяжкім, і таму яна вырашыла пераехаць у в. Старынкі Дзяржынскага раёна да сваякоў. У гэтай вёсцы прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады М. Раманюка. Ён быў вельмі дапытлівым, любіў маляваць, добра вучыўся ў школе, дапамагаў маці па гаспадарцы. Пасля школы скончыў Мінскі тэхналагічны тэхнікум, а ў 1971 г. – Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) па спецыяльнасці мастак-мадэльер. Маючы схільнасць да навукі, М. Раманюк скончыў аспірантуру. У 1975 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. Да 1997 г. працаваў у Акадэміі (з 1989 г. загадчык кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў, з 1995 г. прафесар). У 1982–1984 гг. быў заснавальнікам і галоўным рэдактарам часопіса «Мастацтва Беларусі».
Адначасова з выкладчыцкай дзейнасцю М. Раманюк збіраў, вывучаў нацыянальную спадчыну, звязаную з традыцыйным касцюмам i iншымi вiдамi народнага мастацтва. Даследаваў пытанні народнага мастацтва, матэрыяльнай культуры Беларусі XIX – пачатку XX ст. (вясковая архітэктура, прылады працы, посуд, мэбля, адзенне і г. д.). Ён першым у Беларусі зрабіў мастацтвазнаўча-этнаграфічнае раянаванне беларускага народнага адзення XIX – пачатку XX ст. па рэгіянальных асаблівасцях (альбом «Беларускае народнае адзенне»,1981) і сабраў калекцыю. Збор налiчвае звыш 100 адзiнак унiкальнага этнаграфiчнага матэрыялу. З 1972 г. М. Раманюк прымаў удзел у мастацкіх выстаўках, сярод якіх «Беларускі нацыянальны касцюм» у Мінску (1981, 1996), Парыжы і Ліёне (1981–1982). Дзякуючы ім многія еўрапейцы ўпершыню адкрылі для сябе Беларусь. Знаходзіў даследчык час і для напісання кніг, якія ствараліся па матэрыялах шматлікіх этнаграфічных экспедыцый па Беларусі. Ён аўтар кніг «Народны касцюм Чачэрска і ваколіц, канец XIX – сярэдзіна XX стст.» (1993), «Песні і строі Піншчыны» (1994, з В. Д. Ліцьвінкам, У. І. Раговічам), камплекта паштовак (1981), серый буклетаў-плакатаў «Беларускі нацыянальны касцюм» (1989–1992), а таксама паштовых марак (1995–1997) і інш. Шматлікія артыкулы М. Раманюка былі змешчаны ў такіх выданнях, як «Беларуская Савецкая энцыклапедыя», «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі», «Этнаграфія Беларусі», у часопісах «Мастацтва», «Беларусь». Яго публікацыі не толькі канкрэтызавалі навуковыя высновы пра існаванне народнага беларускага касцюма як поліварыянтнай сістэмы лакальных комплексаў касцюмаў – рэгіянальных строяў, але і змяшчалі іх каштоўныя аўтарскія малюнкі-рэканструкцыі. Менавіта гэта адметнасць – арганічнае спалучэнне ў яго асобе рыс узнёслай натуры мастака і натуры скрупулёзнага даследчыка-збіральніка, этнографа – вызначала той новы якасны ўзровень, які надаў вывучэнню нацыянальнага касцюма М. Раманюк сваімі малюнкамі амаль усіх вызначальных ім жа рэгіянальных строяў.
Асобая старонка ў дзейнасці М. Раманюка – збор матэрыялаў па беларускіх крыжах і пахавальных абрадах беларусаў, якія з'яўляюцца неад’емнай часткай народнай культуры і звычаяў. Гэтай дзейнасці ён прысвяціў амаль 25 гадоў. Такіх поўных звестак пра беларускія крыжы, надмагіллі і пахавальныя абрады не было раней у навуковай літаратуры ні ў Беларусі, ні, наогул, ва ўсім былым Савецкім Саюзе.
Як спецыялiст па касцюме, мастак-мадэльер М. Раманюк стварыў сцэнiчныя строі для Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча, Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь і некаторых самадзейных калетываў. Ён прадставіў на сцэне амаль дакладна аўтэнтычныя беларускія касцюмы, увасобіў найбольш выразныя лакальныя строі ўсіх этнаграфічных абласцей. Таксама выступаў кансультантам многiх мастацкiх фiльмаў кінастудыі «Беларусьфiльм», дапамагаў у стварэнні экспазіцый Заслаўскага музея народных промыслаў і рамёстваў.
За сваю творчую шматгранную працу М. Раманюк узнагароджаны шматлікімі дыпломамі, ён быў лаўрэатам прэміі 1996 г. у галіне мастацтва. Многія даследчыкі, навукоўцы адзначаюць, што па шырыні і маштабнасці даследаванняў у галіне этнаграфіі М. Раманюк і сёння не мае сабе роўных.