Мемуарыст, пісьменнік, крытык, падарожнік Леан Патоцкі нарадзіўся ў мястэчку Коханава Аршанскага павета (цяпер г. п. Коханава Талачынскага раёна Віцебскай вобласці). Паходзіў з магнацкага роду Патоцкіх. Яго бацька Станіслаў Патоцкі – расійскі генерал ад інфантэрыі, сенатар-ваявода Польскага каралеўства – прымаў актыўны ўдзел y палітычным жыцці Рэчы Паспалітай. Дзяцінства і маладосць Л. Патоцкі правёў у Варшаве, вучыўся ў школе піяраў, Варшаўскім універсітэце. Канікулы праводзіў у маёнтках айчыма ў Літве, Вільні, Свіслачы. Скончыўшы вучобу, ажаніўся і застаўся жыць у маёнтку Рудава непадалёк ад Свіслачы, які атрымала яго жонка ў пасаг. Тут ён пабудаваў вялікі дом, разбіў сад, заклаў парк. Трагічным для Л. Патоцкага стаў 1828 г. Нечакана памерла маці, а потым дзве яго дачкі. У 1831 г. пераехаў у Літву, дзе разам з айчымам Т. Тышкевічам прыняў актыўны ўдзел y паўстанні 1830–1831 гг., пасля падаўлення якога Л. Патоцкі эмігрыраваў за мяжу. Жыў у Дрэздэне, Парыжы, дзе наведваў бібліятэкі, шмат чытаў і пісаў, знаёміўся з прадстаўнікамі навуковага і літаратурнага свету. У 1836 г. пераехаў у Варшаву, пачаў актыўна супрацоўнічаць з часопісам «Biblioteka Warszawska». Працаваў у камісіі публічнай асветы, у навуковым аддзеле Варшаўскай акругі. Пасля смерці другой жонкі ў 1855 г. Л. Патоцкі пераехаў да дачкі ў маёнтак Павермень Панявежскага павета. Праз год вырашыў адправіцца ў падарожжа. Даследаваў наваколле Упіты, Панявежа, Коўна, Шаўлі. Занатоўваў мясцовыя традыцыйныя абрады, паданні, народныя песні, якія потым былі змешчаны ў творах. Вярнуўшыся з падарожжа, Л. Патоцкі дапрацоўваў пачатыя ў Варшаве «Успаміны маёй маладосці», якія сталі першай часткай «Успамінаў пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружану» (1860, беларускі пераклад у 1997 г.). У 1857 г. ён зноў адправіўся ў падарожжа па наваколлях Вілкаміра, Браслава, Біржэй, Пінян. У 1863 г. ён разам з сям'ёй дачкі пераехаў у Рыгу, дзе праз год памёр.
Леан Патоцкі з'яўляўся аўтарам вершаў, апавяданняў, нарысаў. Свае працы падпісваў крыптанімам «Л. П.» або карыстаўся псеўданімам «Банавентура з Коханава». Пачынаў з вершаў і перакладаў. Два зборнікі вершаў (1830 і 1836 гг.) былі выдадзены ў Познані. Друкаваў артыкулы, рэцэнзіі ў часопісе «Biblioteka Warszawska» і іншых выданнях. Галоўнымі ў творчай спадчыне Л. Патоцкага з'яўляліся мемуары. Дэбют адбыўся ў 1854 г., калі выйшла кніга «Свянцонэ, або Палац Патоцкіх у Варшаве» (перавыдавалася ў 1860 і 1861 гг. ). Аўтар апісваў, як прымалі ў палацы Напалеона, сцэны 1831 г. пасля прыходу паўстанцаў, велікодныя святы 1839 г. У 1859 г. выйшлі яго «Успаміны пра Коўна» і «Нарысы грамадскага жыцця г. Варшавы». У першай расказваецца пра гісторыю горада, сустрэчу з экс-прэфектам школы Дабравольскім, які распавядаў пра настаўніцтва А. Міцкевіча ў Коўна. У другой змешчаны звесткі пра свецкае жыццё людзей у Варшаве: апісваюцца карнавалы, забавы, кірмашы, скачкі, жахлівыя эпізоды халеры ў горадзе і інш. Двухтомная праца Л. Патоцкага «Вінцэнты Вільчак і пяць яго сыноў» (1859) прысвечана перыяду праўлення Аўгуста III. Падзеі 1831 г. разглядаюцца ў кнізе «Казімір з Трускава, ці Першы і апошні літоўскі паўстанец» (1876). Яркія дзіцячыя ўспаміны аўтар апісаў ва «Урыўку з успамінаў аб першай маёй маладосці» (1876). Найбольш вядомы трохтомны твор «Мемуары пана Камертона»(завершаны ў 1860 г.), выдадзены ўжо пасля смерці аўтара, дзе ён апавядае пра гістарычныя мясціны i помнікі, паданні, песні, звычаі i абрады народа на тэрыторыі Літвы і Беларусі. Кніга выклікае інтарэс да гісторыі буйных магнацкіх рэзідэнцый канца XVIII – першай трэці XIX ст. Гэта Свіслач, што належала графам Тышкевічам, Дзярэчын i Ружаны, якія былі ва ўладанні князёў Сапегаў. Аўтар расказвае таксама пра Нясвіж князёў Радзівілаў, Ляхавічы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю гетмана М. Масальскага. Леан Патоцкі ўспамінае не толькі пра свае асабістыя сустрэчы з уладальнікамі маёнткаў, але праўдзіва i дакладна раскрывае іх станоўчыя якасці i недахопы, норавы, падрабязна апісвае ix рэзідэнцыі, грамадскае i прыватнае жыццё, нарэшце, забавы, баляванні, з'езды, паляванні. Успаміны Л. Патоцкага чытаюцца з не меншай цікавасцю, чым іншыя авантурныя раманы таго часу.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.