Раймунд Кольбэ нарадзіўся ў г. Здунска-Воля (Лодзінскае ваяводства, Польшча) у сям’і ўладальніка ткацкай майстэрні. У трынаццацігадовым узросце паступіў у Малую духоўную семінарыю францысканцаў у Львове. Праз тры гады адбыў навіцыят ордэна францыскацаў і атрымаў імя Максімілян. У 1912 г. малады манах быў накіраваны ў Рым, дзе працягваў адукацыю ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце і міжнародным Серафімскім калегіуме. Падчас знаходжання ў Італіі склаў апошнія манаскія абеты пад імем Максімілян Марыя (1914), атрымаў ступень доктара філасофіі (1915) і тэалогіі (1919), быў пасвячоны ў ксяндза (1918). У 1917 г. стаў заснавальнікам рэлігійнай арганізацыі Militia Immaculatae (Рыцарства Беззаганнай), якая займалася апостальскай дзейнасцю.
Пасля заканчэння навучання святар вярнуўся ў Польшчу. Некаторы час выкладаў у Кракаўскай францысканскай семінарыі, у 1922–1927 гг. служыў у Гродзенскім кляштары францысканцаў. Адначасова актыўна займаўся пашырэннем ідэй Рыцарства Беззаганнай. З гэтай нагоды ў 1922 г. пачаў выданне часопіса “Rycerz Niepokalanej” (“Рыцар Бязгрэшна Зачаўшай”). У 1927 г. каля в. Папротня (Лодзінскае ваяводства) заснаваў Непакалянаў – адзін з найбуйнейшых у свеце францысканскіх комплексаў. З 1930–1936 гг. айцец Максімілян Марыя займаўся місіянерскай дзейнасцю ў Кітаі і Японіі. У г. Нагасакі заснаваў кляштар “Сад Беззаганнай”, выдаваў на японскай мове “Rycerz Niepokalanej”.
Пасля вяртання ў Польшчу працягваў працу па развіцці Непакалянава, які паступова ператварыўся ў сапраўдны горад. Дзякуючы намаганням святара, на тэрыторыі комплексу былі абсталяваны храм, часоўні, манастырскія келлі, дом для паслушнікаў, рэдакцыя часопіса, семінарыя, радыёстанцыя, тыпаграфія, чыгуначная станцыя, аўтастаянка, пажарная каманда, склады, цэхі, майстэрні і невялікі аэрадром. Працягвалася выданне газеты “Maly Dziennik” (“Малая газета”), якая ў даваенны перыяд стала адной з найбуйнейшых польскіх газет. Да 1939 г. колькасць манахаў Непакалянава складала каля 800 чалавек. Кожны з іх валодаў нейкім майстэрствам ці спецыяльнасцю, дзякуючы гэтаму там былі свае лётчыкі, машыністы, журналісты, радысты, токары, цесляры, краўцы і інш.
У пачатку Другой сусветнай вайны ў Непакалянаве размясціўся шпіталь Чырвонага крыжа. У ім айцец Максімілян Марыя арганізаваў усё для прыёму бежанцаў, уладкаваў лячэбніцу, аптэку; хаваў там людзей, якіх шукалі акупацыйныя ўлады. У лютым 1941 г. быў арыштаваны гестапа і праз некаторы час адпраўлены ў канцлагер Асвенцым. Там настаяцель Непакалянава добраахвотна прапанаваў сябе замест аднаго з прызначаных да пакарання. Апынуўшыся ў бункеры смерці, святар прабыў там разам з іншымі вязнямі без ежы і піцця два тыдні. 14 жніўня 1941 г. яму была зроблена смяротная ін’екцыя.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны пачаўся збор інфармацыі аб жыцці і дзейнасці айца Максіміляна Марыі. 17 кастрычніка 1971 г. ён быў беатыфікаваны, 10 кастрычніка 1982 г. Папа Рымскі Ян Павел II прылічыў яго да ліку Святых Пакутнікаў. Дзень памяці Святога адзначаецца 14 жніўня. Максімілян Марыя з’яўляецца дадатковым апекуном Гродзенскай дыяцэзіі, пакравіцелем журналістаў і зняволеных. У гонар яго ўстаноўлены помнік у Непакалянаве, мемарыяльная дошка ў Гродзенскім кляштары францысканцаў, імя святога прысвоена многім парафям і храмам у Польшчы і іншых краінах. Рашэннем польскага сената 2011 год быў абвешчаны Годам святога Максіміляна. Яго духоўнаму подзвігу прысвечаны мастацкі фільм “Жыццё за жыццё. Максімілян Кольбэ” (1990, рэжысёр К. Зануссі).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.