Савелій Міронавіч Рубашоў нарадзіўся ў мястэчку Чашнікі Лепельскага павета Віцебскай губерні (цяпер г. Чашнікі Віцебскай вобласці). Вучыўся ў гімназіі ў Варонежы. Скончыў медыцынскі факультэт Харкаўскага ўніверсітэта (1907). Пасля атрымання дыплома застаўся ва ўніверсітэце ў якасці ардынатара клінікі шпітальнай хірургіі (1907‒1910). У 1910‒1914 гг. быў ардынатарам хірургічнай клінікі Імператарскага Маскоўскага ўніверсітэта. У 1912 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Хирургическое лечение эмфиземы легких в связи с ее патогенезом». Вучоны шмат стажыраваўся за мяжой, што дазволіла яму напісаць сваю першую навуковую працу, прысвечаную практыцы па ферментным лячэнні туберкулёзу. У 1914‒1923 гг. працаваў хірургам у ваенных шпіталях, займаўся арганізацыяй ваенна-санітарнай службы Чырвонай арміі, вывучаў праблемы ваеннай хірургіі. У 1923 г. прызначаны дацэнтам кафедры агульнай хірургіі медыцынскага факультэта Харкаўскага ўніверсітэта. У 1923‒1924 гг. быў загадчыкам 1-й хірургічнай клінікі медыцынскага факультэта і кафедры агульнай хірургіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ). У 1924 г. яму прысвоена вучонае званне прафесара. У 1924‒1934 гг. працаваў загадчыкам кафедры факультэцкай хірургіі медыцынскага факультэта БДУ (з 1930 г. Беларускага медыцынскага інстытута). Адначасова быў дэканам факультэта (1925‒1927), першым загадчыкам кафедры хірургіі Беларускага дзяржаўнага інстытута ўдасканалення ўрачоў (1932‒1934) і дырэктарам Беларускага навукова-даследчага інстытута пералівання крыві (1932‒1933). У 1934‒1941 гг. загадваў кафедрай агульнай хірургіі 2-га Ленінградскага медыцынскага інстытута. У час Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваўся ў Омск, займаў пасаду галоўнага хірурга ў шпіталі для параненых. Адначасова аказваў кансультацыйную дапамогу шпіталям у Ленінградзе. У 1942‒1944 гг. знаходзіўся ў Новасібірску, быў загадчыкам кафедрай агульнай хірургіі Новасібірскага медыцынскага інстытута. У 1944‒1945 гг. з’яўляўся загадчыкам кафедры агульнай хірургіі Кіславодскага медыцынскага інстытута, які ў 1945 г. пераведзены ў Кішынёў. Дзякуючы вучонаму ў клініцы інстытута было праведзена больш за 1200 складаных аперацый, распрацаваны пытанні выкарыстання пеніцыліну пры лячэнні хірургічных захворванняў. З 1945 г. кіраваў заснаванымі ім кафедрамі факультэцкай хірургіі (1945) і аператыўнай хірургіі (1950) Кішынёўскага медыцынскага інстытута. У якасці галоўнага анколага Малдаўскай ССР правёў вялікую работу па прафілактыцы анкалігічных захворванняў.
Савелій Міронавіч ‒ аўтар больш за 200 навуковых прац у галіне хірургічных умяшанняў пры захворваннях брушной поласці (апендыцыту, халецыстыту, панкрэатыту, язвавай хваробы страўніка, грыж), абязбольвання, ваенна-палявой хірургіі (агнястрэльных пашкоджанняў суставаў, грудной клеткі, сцягна, інфіцыраваных ран), уралогіі (злаякасных новаўтварэнняў мужчынскіх палавых органаў). Сярод іх ‒ «Об огнестрельных ранениях грудной полости» (1916), «Аппендицит в его влиянии на заболевания других органов брюшной полости» (1928), «Краткое руководство по хирургии» (1934) і інш. Пад яго рэдакцыяй у 1932 г. быў выдадзены першы вучэбны дапаможнік па хірургіі на беларускай мове. Вучоны адным з першых апісаў прыроджаныя ангіядысплазіі (сіндром Паркса-Вебера-Рубашова, 1928), пухліны вілачкавай залозы (1911), прапанаваў мадыфікацыю метаду гастраскапіі (1912). Быў старшынёй навуковага таварыства хірургаў БССР (1930‒1934), старшынёй Кішынёўскага хірургічнага таварыства, галоўным хірургам і галоўным анколагам Малдаўскай ССР.
У 1930 г. Савелій Міронавіч упершыню сярод беларускіх вучоных удастоены звання заслужанага дзеяча навукі БССР.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.