Воін-інтэрнацыяналіст, палкоўнік у адстаўцы, прафесійны ваенны журналіст Рыгор Васільевіч Сакалоўскі прысвяціў ваеннай службе больш за 30 гадоў свайго жыцця. Увесь гэты час займаўся літаратурнай творчасцю, якая дапамагала выразна перадаваць думкі і пачуцці.
Нарадзіўся ён у сяле Багданаўка Палтаўскай вобласці (Украіна). Пісаць вершы пачаў яшчэ ў школьныя гады, дасылаў іх у раённую газету. Потым з’явіліся і нататкі, у якіх побач з імем аўтара стаяла слова «юнкар». Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў літсупрацоўнікам раённай газеты. Ваенную службу праходзіў у Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акрузе – 147-й зенітна-ракетнай брыгадзе (Бабруйск), у час якой пісаў нататкі аб буднях ваеннаслужачых, уборцы ўраджаю, правядзенні паркава-гаспадарчых мерапрыемстваў у вайсковай часці і інш. У 1971 г. Р. Сакалоўскі скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча, служыў у паветрана-дэсантных войсках. У складзе рэдакцыі салдацкай шматтыражкі 103-й Віцебскай гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане (1979–1980). У далейшым скончыў рэдактарскі факультэт Ваенна-палітычнай акадэміі імя У. І. Леніна ў Маскве (1982), працаваў у рэдакцыі беларускай ваеннай газеты «Во славу Родины» спачатку ў аддзеле партыйнага жыцця, а ў 1989–1999 гг. быў яе галоўным рэдактарам. Сумяшчаў літаратурную творчасць з рэдактарскімі абавязкамі. Выйшаўшы ў запас у 1999 г., Р. Сакалоўскі з’яўляўся старшынёй Мінскай абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў, з 2000 г. быў першым намеснікам старшыні Беларускага саюза журналістаў, а ў 2005 г. узначаліў Мінскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Прымаў удзел у рабоце таварыства «Веды», часта ездзіў па рэспубліцы, сустракаўся з журналістамі і літаратарамі. Актыўна ўдзельнічаў у справах ДТСААФ Рэспублікі Беларусь. За вялікі асабісты ўклад у прапаганду дзейнасці таварыства, плённую працу па патрыятычным выхаванні моладзі быў удастоены звання «Ганаровы член ДТСААФ».
Рыгор Сакалоўскі з’яўляецца аўтарам шматлікіх паэтычных зборнікаў, тэматычная амплітуда якіх шырокая і шматгранная. Гераізм, патрыятызм, любоў да роднай зямлі – асноўныя тэмы яго кніг «Звезды и сердца» (2005), «Звенят подковами года» (2011), «Отзвук радости и боли» (2012) і інш. Значнае месца ў творчасці паэта адведзена лірычным разважанням над сэнсам чалавечага жыцця, аб маральнасці, любові. У вершах аб Радзіме, якіх у Р. Сакалоўскага дзве – Палтаўшчына і Беларусь, – успаміны аб зямлі, дзе ён нарадзіўся і вырас, прысвячэнні прыгажосці беларускай прыроды (зборнікі «Зарево души» (1995), «Счастье земное» (2002), «Мозаика чувств» (2006) і інш.). Афганская тэма займае асаблівае месца ў творчасці паэта (кнігі «Афганская тетрадь» (1994), «Память и боль» (1999), «Афганское эхо» (2009) і інш.). На вайне ён бачыў смерць, мужнасць і адданасць аднапалчан. І ў сваіх вершах праўдзіва і лірычна аддае даніну глыбокай павагі пабрацімам і схіляе галаву перад іх подзвігам. На словы Р. Сакалоўскага вядомыя беларускія кампазітары І. Лучанок, Э. Ханок, Э. Зарыцкі, Л. Захлеўны напісалі музыку. Песні «Армия моя», «Граница», «Походная», «Первопроходцы», «Суворовский вальс», «Не грустите, девчата...» і іншыя зараз уваходзяць у рэпертуар прафесійных і самадзейных харавых калектываў.
Рыгор Сакалоўскі – заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1998), лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва» (1999), прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2003) за кнігу паэзіі «Счастье земное», прэміі Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро». Узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі», іншымі медалямі СССР і Беларусі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.