Дата рождения: 07.01.1899 Смілавічы, г. п., Чэрвеньскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти: 25.09.1975
Краткая справка: мастак, ілюстратар, дызайнер, паэт, прадстаўнік "Парыжскай школы" мастакоў
Варианты имени: Зарфін Файбіш Шрага; Зарфін Файбіш-Шрага; Зарфін Шрага; Царфін Сэм; Царфін Файбіш-Шрага; Царфін Шрага
Имена на других языках: Зарфин Сэм (русский); Зарфин Файбиш Шрага (русский); Зарфин Файбиш-Шрага (русский); Царфин Файбиш-Шрага (русский);
У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. многія таленавітыя маладыя мастакі з усяго свету накіроўваліся ў Заходнюю Еўропу. Запаветнай мэтай большасці з’яўлялася сталіца Францыі – горад вольных акадэмій, багатых галерэй і музеяў, славутай Парыжскай школы жывапісу. Сярод яе прадстаўнікоў былі і ўраджэнцы Беларусі. Адным з іх з’яўляецца Файбіш-Шрага Царфін – мастак, карціны якога набылі сусветную вядомасць.
Нарадзіўся ён у мястэчку Смілавічы Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер гарадскі пасёлак Чэрвенскага раёна Мінскай вобласці) у сям’і гандляра. У 1912 г. паступіў у Віленскую народную школу малявання, якой кіраваў акадэмік І. Трутнеў. У 1914 г. Ф. Ш. Царфін эмігрыраваў у Палесціну. Жыў у сельскагаспадарчай камуне: займаўся асушэннем балот і апрацоўкай зямлі. З 1916 г. вучыўся ў Іерусалімскай школе мастацтваў і рамёстваў Бецалель, працаваў у кібуцы. Праз два гады быў прызваны ў брытанскую армію. Пасля дэмабілізацыі ў 1920 г. Ф. Ш. Царфін вярнуўся ў Бецалель, дзе ўдзельнічаў у шэрагу мастацкіх выставак. У 1923 г., жадаючы працягнуць адукацыю, прыехаў у Берлін. Працаваў над ілюстрацыямі да кніжных выданняў. У гэты час адчувалася ўмацаванне ўплыву на яго творчасць мастака М. Лібермана і нямецкіх экспрэсіяністаў. У 1924 г. Ф. Ш. Царфін пераехаў у Парыж. Займаўся самаадукацыяй, супрацоўнічаў з выдавецтвамі і дамамі мод (як мастак па тэкстылі), працягваў маляваць, нават некалькі разоў удзельнічаў у выстаўках Салона незалежных. У 1929 г. ажаніўся з С. С. Бергер, ураджэнкай Бесарабіі, выпускніцай Адэскага ўніверсітэта. Праз два гады яны атрымалі французскае грамадзянства і пераехалі ў прыгарад Парыжа Вірафле.
У 1939 г. пачалася Другая сусветная вайна, і Ф. Ш. Царфіна прызвалі на ваенную службу. Яго жонка з маленькай дачкой, каб пазбегнуць нацысцкіх рэпрэсій, пешшу накіравалася на поўдзень Францыі. Пасля заключэння перамір’я французская армія была распушчана, і Ф. Ш. Царфін дэмабілізаваўся, адшукаў сям’ю і пасяліўся спачатку ў Брыў-ла-Гаярдзе, потым у Ліёне. Узмацненне жорсткасці праследавання нацыстамі яўрэяў вымусіла яго хавацца ў наваколлях Грэнобля, у гарах невялікай альпійскай вёскі. У гэты час мастак працягваў напружана працаваць. У ваенны перыяд адбыліся тры яго персанальныя выстаўкі: у лістападзе 1941 г. у Грэноблі, сакавіку і ліпені 1942 г. у Ліёне.
У 1945 г. Ф. Ш. Царфін вярнуўся ў Парыж, праз два гады пераехаў з сям’ёй у Рані-су-Буа (маленькі гарадок каля французскай сталіцы). Карціны, напісаныя ім да вайны (каля 300 акварэлей, малюнкаў, эскізаў), былі знішчаны, і мастак цалкам прысвяціў сябе жывапісу. У 1950-я гг. ён часта бываў у Нармандыі (працаваў у мястэчку Анфлёры), шмат падарожнічаў па наваколлях Парыжа. Маляваў саборы, цэрквы, нефы. Яго карціны, створаныя ў гэты перыяд, напоўнены містыцызмам, алегорыяй, у іх адчуваецца адбітак уласнага напружанага жыцця майстра, асабліва пасля таго, як прыйшлі звесткі пра гібель бацькоў у смілавіцкім гета. У 1950-я гг. былі напісаны палотны «Вялікі неф у сініх тонах», «Сабор Парыжскай Божай Маці», «Фантастычны сабор», «Чырвоны замак», «Старая гавань у Анфлёры», «Мон-Сэн-Мішэль» і інш. Прыродны дар каларыста дазваляў майстру праз накладанне яркіх фарбаў і ігру светлаценю дасягнуць у іх мастацкай выразнасці. Адной з галоўных тэм у творчасці Ф. Ш. Царфіна былі пейзажы. У карцінах «Пейзаж з фігурай» (1940), «Вадаспад у лесе», «Пейзаж з трыма дрэвамі», «Захад сонца» (усе каля 1950-х гг.) мастак выкарыстоўваў асабістую тэхніку, новыя выразныя сродкі, своеасаблівую індывідуальную каляровую палітру, якая вылучалася разнастайнасцю адценняў. У 1954 г. некалькі яго работ купіў амерыканскі мільянер А. Ротшыльд. У гэтым жа годзе палатно «Пейзаж» набыў Нацыянальны музей сучаснага мастацтва (Парыж). У 1960-я гг. Ф. Ш. Царфін удзельнічаў у шматлікіх выстаўках, у тым ліку ў Нью-Ёрку, Оксфардзе і іншых гарадах. Яго карціны сталі з’яўляцца на французскіх аўкцыёнах.
25 верасня 1975 г. пасля працяглай хваробы Ф. Ш. Царфін памёр у Рані-су-Буа, дзе і быў пахаваны. У гэтым жа годзе ў адной з парыжскіх галерэй прадставілі некалькі яго работ, а муніцыпалітэт г. Мантрой арганізаваў пасмяротную выстаўку мастака. Творы Ф. Ш. Царфіна знаходзяцца ў музеях Францыі, Ізраіля, ЗША, Канады, Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, прыватных зборах калекцыянераў розных краін, у тым ліку Расіі і Беларусі. У 2012 г. сям’я Ф. Ш. Царфіна падаравала Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь два жывапісныя творы «Лес» і «Светлы неф». Там з 6 снежня 2019 г. па 1 сакавіка 2020 г. працавала першая ў Беларусі персанальная выстаўка мастака «Шрага Царфін. Рух да святла», прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння. На ёй былі прадстаўлены 52 работы, створаныя ў розныя гады, якія адлюстроўвалі самыя разнастайныя грані яго таленту. Другая выстаўка – «Шрага Царфін. Сімфонія колеру» – праходзіла ў галерэі мастацтваў «Прадмесце» (Мінск) з 22 мая па 13 чэрвеня 2021 г.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.