Да юбілею Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна

25 снежня 2025 г. спаўняецца 125 гадоў з пачатку дзейнасці Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна

Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна мае доўгую і цікавую гісторыю. Неабходнасць існавання публічнай бібліятэкі ў Мінску ўзнікла яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст. Нарэшце 25 снежня 1900 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё Мінскай гарадской публічнай бібліятэкі імя А.С. Пушкіна. Заснавальнікам гэтай установы стала Мінская гарадская дума.

Кніжны фонд Мінскай публічнай бібліятэкі спачатку налічваў каля 2 тыс. кніг, але з кожным годам ён павялічваўся: у 1913 г. ён вырас да 17 тыс. экземпляраў. За невялікую плату бібліятэка давала магчымасць карыстацца кнігамі, часопісамі і газетамі не толькі ў бібліятэцы, але і дома, таму колькасць наведвальнікаў бібліятэкі няўхільна расла. Сярод чытачоў бібліятэкі больш за палову складалі навучэнцы, значную частку прадстаўлялі дактары, інжынеры і служачыя, меншую – рабочыя і рамеснікі. У 1916–1917 гг. пастаянным чытачом Мінскай публічнай бібліятэкі імя А.С. Пушкіна з’яўляўся Максім Багдановіч.

З 1918 г. доступ у бібліятэку стаў бясплатным, што значна павялічыла колькасць яе наведвальнікаў. У пачатку 1920-х гг. паўстала пытанне аб павышэнні кваліфікацыі бібліятэчных кадраў. У верасні 1923 г. у бібліятэцы адбылася агульнагарадская канферэнцыя бібліятэчных работнікаў, на якой былі абагульнены лепшыя вынікі работы бібліятэк. У 1920-я гг. ва ўстанове працавалі розныя гурткі, выдавалася насценгазета, дзейнічала даведачнае бюро, была абсталявана паказальная хата-чытальня для вясковых палітпрасветработнікаў. У сакавіку 1938 г. адбылася рэарганізацыя бібліятэкі ў Мінскую абласную бібліятэку імя А.С. Пушкіна.

У чэрвені 1941 г. мірнае жыццё краіны было перапынена: пачалася Вялікая Айчынная вайна. За гады акупацыі было знішчана або вывезена ў Германію каля 400 тыс. экземпляраў кніг з фонду Мінскай абласной бібліятэкі, у тым ліку ўспаміны, дзённікі сучаснікаў Пушкіна і іншыя каштоўныя дакументы. Аднаўленне Мінскай абласной бібліятэкі пачалося з ліпеня 1944 г. Кнігі для яе паступалі з Дзяржаўнага фонду літаратуры, бібліятэк Масквы, Ленінграда, Свярдлоўска і іншых гарадоў Савецкага Саюза. Жыхары Мінска перадавалі ў бібліятэку свае асабістыя кнігі. У канцы 1940-х гг. супрацоўнікі Мінскай абласной бібліятэкі выкарыстоўвалі розныя формы і метады работы з чытачамі: ладзілі выстаўкі, гучныя чыткі, літаратурныя вечарыны, чытацкія канферэнцыі. Для бібліятэкараў арганізоўваліся семінары, распрацоўваліся сценарыі масавых мерапрыемстваў, рассылаліся метадычныя ўказанні. Выдатныя вынікі работы бібліятэкі былі адзначаны Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.

У 1966 г. было прынята рашэнне аб будаўніцтве новага будынка для Мінскай абласной бібліятэкі. У лістападзе 1971 г. новы будынак бібліятэкі па вуліцы Гікалы, у якім былі створаны выдатныя ўмовы для работы бібліятэкараў і абслугоўвання чытачоў, прыняў сваіх першых наведвальнікаў.

З 1974 г. у Беларусі пачалася падрыхтоўка да цэнтралізацыі дзяржаўных масавых бібліятэк. Мінская абласная бібліятэка ўзначаліла работу па цэнтралізацыі і развіццю сеткі бібліятэк Мінскай вобласці: арганізавала вучобу метадыстаў, каталагізатараў, бібліёграфаў і бібліятэкараў.

У 1989 г. адбылося аб'яднанне дзвюх абласных бібліятэк – імя А.С. Пушкіна і дзіцячай імя Я. Маўра, што спрыяла больш эфектыўнаму выкарыстанню матэрыяльна-тэхнічнай базы, фінансавых сродкаў, творчага патэнцыялу кадраў, бібліятэчна-інфармацыйных рэсурсаў.

У 1993 г. былі зроблены першыя крокі ў галіне аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў: быў створаны электронны каталог, базы даных кніг і брашур, краязнаўчай літаратуры, літаратуры на замежных мовах, нот, артыкулаў і іншых дакументаў. З пачатку 1990-х гг. Мінская абласная бібліятэка рыхтуе і праводзць літаратурнае свята – злёт маладых паэтаў Міншчыны “Нас слова Купалы да творчасці кліча”. З 1999 г. у бібліятэцы дзейнічае сектар замежнай літаратуры, дзе сабрана каля 23 тыс. дакументаў на 40 мовах свету.

У ХХІ ст. Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна з’яўляецца адукацыйным, інфармацыйным і культурна-асветніцкі цэнтрам. Яе паслугамі штогод карыстаюцца каля 40 тыс. чытачоў, якім выдаецца больш за 750 тыс. экземпляраў дакументаў на розных носьбітах інфармацыі. Бібліятэчнае абслугоўванне карыстальнікаў забяспечваецца абанементам і сістэмай спецыялізаваных чытальных залаў. З сайта бібліятэкі ажыццяўляецца доступ да віртуальнай чытальнай залы і электроннай бібліятэкі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, зводнага электроннага каталога бібліятэк Мінскай вобласці, віртуальнага музея Максіма Багдановіча, Цэнтра аддаленага доступу да рэсурсаў Прэзідэнцкай бібліятэкі імя Б.М. Ельцына.

Павышэнне кваліфікацыі бібліятэчных спецыялістаў, удасканаленне іх прафесійнага майстэрства – адзін з галоўных аспектаў метадычнай дзейнасці Мінскай абласной бібліятэкі. Штогод бібліятэка арганізоўвае выязныя дыферэнцыраваныя мерапрыемствы для бібліятэк вобласці, выдае 15-18 найменняў метадычна-бібліяграфічных матэрыялаў.

За гады свайго існавання Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна стала галоўнай бібліятэкай Міншчыны, рэгіянальным кнігасховішчам, інфармацыйным, метадычным і краязнаўчым цэнтрам.

Яшчэ больш цікавай і карыснай інфармацыі пра Мінскую абласную бібліятэку імя А.С. Пушкіна размешчана на яе афіцыйным сайце.