Дата нараджэння:
01.05.1932 Варонічы, в., Пухавіцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
21.08.1979
Кароткая даведка:
паэт, перакладчык, аўтар шэрага зборнікаў вершаў і паэм, журналіст
Псеўданімы:
Клёнаў Г.; Кручок Г.; Ліпень Г.; Ліпень Генадзь; Шум Г.
Імёны на іншых мовах:
Клевко Геннадий Яковлевич (руская);
1736 сімвалаў
Даведка
Генадзь Якаўлевіч Кляўко нарадзіўся ў в. Варонічы Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1950 г. скончыў Рудзенскую сярэднюю школу. Прафесійную адукацыю атрымаў на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (1955). Працаваў літаратурным рэдактарам рэспубліканскай газеты «Калгасная праўда» (1954–1961), адказным сакратаром часопіса «Вожык» (1961–1973). У 1964 г. уступіў у Саюз пісьменнікаў БССР. У 1973 г. быў літаратурным супрацоўнікам часопіса «Беларусь», у гэтым жа годзе заняў пасаду намесніка галоўнага рэдактара часопіса «Полымя».
Першы верш Г. Кляўко апублікаваў у 1949 г. у рудзенскай раённай газеце «Бальшавіцкі сцяг». У ранніх творах пісьменніка адчуваецца ўплыў творчасці беларускіх паэтаў. З цягам часу ён выпрацаваў свой уласны стыль, для якога характэрны гістарызм, фальклорнасць, філасафічнасць, дакладная распрацоўка сюжэтнай лініі, рэалістычнасць мастацкіх вобразаў. Асноўная тэматыка яго твораў – праца савецкіх людзей, гераізм народа ў час Вялікай Айчыннай вайны, прыгажосць жыцця і маладосці, каханне, любоў да роднай зямлі. Літаратурная спадчына пісьменніка прадстаўлена зборнікамі вершаў і паэм «Абветраныя далягляды» (1962), «Сто крокаў» (1967), «Прыстань» (1974), «Падкова над парогам» (1979), «Вязьмо» (1984), гумарыстычнымі зборнікамі «Лайдак і кнопкі» (1964), «Каб не сурочыць» і «Што праўда, то не грэх…» (1971), кнігай для дзяцей «Першы салют» (1964). Пісьменнік перакладаў на беларускую мову вершы рускіх, украінскіх і асецінскіх паэтаў. Асобным выданнем выйшла кніга перакладаў паэзіі Паўднёвай Асеціі «Трубіць алень» (1975). Ён аўтар вершаваных допісаў да мастацкіх плакатаў. Некаторыя вершы паэта пакладзены на музыку.