Дата нараджэння:
1830-я гг. Вільня, г. (цяпер г. Вільнюс, Літва)
Дата смерці:
16.01.1893
Кароткая даведка:
этнограф, краязнавец, фалькларыст, член Рускага геаграфічнага таварыства
Імёны на іншых мовах:
Берман Иван Андреевич (руская);
3750 сімвалаў
Даведка
У гісторыі беларускай фалькларыстыкі і этнаграфіі дзейнасць Івана Андрэевіча Бермана займае асобнае месца. Ён, гарадскі чалавек, з рэлігійнай адукацыяй, апынуўшыся ў вёсцы, пачаў грунтоўна займацца беларускай этнаграфіяй, фалькларыстыкай і краязнаўствам, даследаваць абрады і звычаі, прыкметы і забабоны.
Нарадзіўся І. Берман каля 1830 г. у Вільні. У 1857 г. скончыў Літоўскую духоўную семінарыю. Паралельна са святарскай дзейнасцю ў царкве Параскевы мястэчка Валожын (Ашмянскі павет) ён вывучаў беларускі фальклор, збіраў матэрыялы пра народны каляндар і метэаралогію, апісваў святы з побытавымі падрабязнасцямі іх правядзення. Вынікам гэтага сталі артыкулы І. Бермана, надрукаваныя ў "Литовских епархиальных ведомостях", "Виленском вестнике" і "Виленском календаре". За артыкул "Народны дзённік жыхароў Ашмянскага павета Віленскай губерні" Івана Андрэевіча ўзнагародзілі бронзавым медалём Рускага геаграфічнага таварыства (1867). Пазней, як члена таварыства, запрасілі ўдзельнічаць у напісанні прац па этнаграфіі беларуска-літоўскага краю.
Пасля службы ў Ашмянскім павеце I. Берман адзін год быў памочнікам свяшчэнніка ў Троіцкай царкве сяла Антопаль Кобрынскага павета (цяпер Драгічынскі раён). Гэты час не прайшоў для фалькларыста бясследна. Аснову яго працы "Парадак народнага часалічэння і святочныя звычаі ў Паўночна-Заходняй Русі" (1869) склалі не толькі валожынскія, але і палескія матэрыялы. Іван Берман вельмі цікавіўся тым, што простыя людзі, якія не мелі паняцця аб пісьменстве, свабодна вылічвалі патрэбны для іх дзень. Аказалася, што яны вялі свой каляндар і дакладна ведалі, на які дзень прыпала пэўнае свята, з якога дня пачынаўся пост, калі, згодна з традыцыяй, трэба было брацца за тую ці іншую земляробчую працу. Самае дзіўнае для Івана Андрэевіча было тое, што народны каляндар, які трымаўся на людской памяці, цалкам супадаў з афіцыйным.
У 1868 г. І. Берман назаўсёды вярнуўся ў Вільню. Спачатку ён служыў у Прачысценскім саборы, затым у розныя часы працаваў законанастаўнікам у Марыінскім вышэйшым жаночым вучылішчы, Віленскай 2-й гімназіі і іншых навучальных установах, актыўна працягваў літаратурную дзейнасць, толькі ўжо ў якасці рэлігійнага дзеяча. Напрацягу некалькіх гадоў вёў царкоўна-рэлігійны раздзел у "Виленском календаре".
Вясковае жыццё часам нагадвала пра сябе, і ўспаміны аб ім адлюстроўваліся ў асобных публікацыях – "Думкі і мары пра пад’ём матэрыяльнага быту сельскіх прыхаджан", "З успамінаў з нагоды рэкруцкага набору" і інш. У 1870 г. выйшаў чарговы артыкул І. Бермана пад назвай "Назіранні нашага паўночна-заходняга селяніна адносна надвор'я і ўраджаю", які быў прысвечаны народным прыкметам. Пра рацыянальнасць і верагоднасць прыкмет было напісана таксама ў нарысе "Чараўнікі і знахары заходнерускага простанароддзя" (выдадзены пасмяротна ў 1903 г.). Тут аўтар адзначыў і забабоннасць многіх павер’яў. У 1873 г. з'явілася праца "Каляндар паводле народных паданняў у Валожынскім прыходзе Віленскай губерні Ашмянскага павета", дзе паказана як непісьменны селянін па памяці вызначаў адрэзкі часу паводле святочных цыклаў. У артыкуле "Адносна пякучых пытанняў сучаснага пастырства" (1880) І. Берман даў ацэнку беларускаму вясельнаму абраду. Разглядаючы фальклорны і этнаграфічны матэрыял з рэлігійна-асветніцкіх пазіцый, аўтар праводзіў думку пра неабходнасць праявы павагі да спрадвечных нацыянальных традыцый. Яго працы раскрывалі не толькі багаты духоўны свет земляроба, яны заклікалі тагачасных вучоных уважліва прыглядацца да народа, вывучаць яго, каб усё лепшае, чым ён валодаў, актыўна і свядома выкарыстоўваць, а тое, што з’яўлялася вынікам забітасці і адсталасці, перашкаджала руху наперад перамагчы асветай.