Дата смерці:
17.07.1903 Коўна, г. (цяпер г. Каўнас, Літва)
Кароткая даведка:
дзеяч народнай асветы, археолаг, краязнавец, педагог, адзін з заснавальнікаў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі (1864–1920), узнагароджаны ордэнамі святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра ІІІ ст., святой Ганны ІІ ст., святога Станіслава І ст.
Імёны на іншых мовах:
Авенариус Николай Петрович (руская);
2802 сімвалы
Даведка
Мікалай Пятровіч Авенарыус – дзеяч народнай асветы, педагог, краязнавец, археолаг – нарадзіўся ў Царскім Сяле (цяпер г. Пушкін) у сям’і лютэранскага пастара. Пасля заканчэння гімназіі паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Галоўнага педагагічнага інстытута ў Санкт-Пецярбургу. Працоўную дзейнасць пачаў у 1857 г. Выкладаў нямецкую мову і гісторыю ў 2-й Санкт-Пецярбургскай гімназіі. У 1862 г. Міністэрства народнай асветы накіравала М.П. Авенарыуса ў Германію і Швейцарыю для азнаямлення з навучальна-выхаваўчым працэсам у гімназіях гэтых краін. Пасля вяртання з-за мяжы яму даручылі арганізаваць настаўніцкую семінарыю ў Маладзечне, адкрыццё якой у 1864 г. стала значнай падзеяй на тэрыторыі Паўднёва-Заходняга краю. Гэта была адна з першых у Расійскай імперыі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў для падрыхтоўкі выкладчыкаў пачатковых школ. Заснавальнікамі семінарыі лічацца таксама папячыцель Віленскай навучальнай акругі князь А.П. Шырынскі-Шыхматаў і генерал-губернатар Паўднёва-Заходняга краю граф М.М. Мураўёў. Вучэбную праграму распрацаваў вядомы рускі педагог К.Д. Ушынскі. У семінарыю прымалі юнакоў з 17 гадоў (выхадцаў з розных саслоўяў), але перавага аддавалася дзецям сялян. Выкладалі Закон Божы, гісторыю праваслаўнай царквы, заалогію, батаніку, арыфметыку, геаметрыю, царкоўнаславянскую і рускую мовы, літаратуру, гісторыю і геаграфію Pacіі, методыку і асновы педагогікі, а таксама іншыя вучэбныя дысцыпліны; працавала бібліятэка, музей, тэатр, хор, метэаралагічная станцыя.
Пазней М.П. Авенарыус арганізаваў па тыпе Маладзечанскай настаўніцкую семінарыю пры вучылішчы вайсковага ведамства ў Маскве. У 1864–1885 гг. ён з’яўляўся інспектарам Александрынска-Марыінскага інстытута ў Варшаве, потым Беластоцкага настаўніцкага інстытута. У 1860–1870 гг. у айчынных і берлінскіх часопісах М.П. Авенарыус змяшчаў артыкулы па педагогіцы і пытаннях асветы, склаў вучэбную карту Еўрапейскай Расіі, пісаў творы для дзяцей. Ён падрыхтаваў да выдання “Руководство к воспитанию и элементарному обучению” (1874), у 1895 г. напісаў гістарычны нарыс пра Беластоцкі інстытут, кнігу “Варшавские воспоминания” (1904).
З 1885 г. М.П. Авенарыус пачаў займацца археалогіяй. Даследаваў курганы ў Барысаўскім і Навагрудскім паветах, мураваныя магілы ў Бельскім і Беластоцкім паветах. Сабраў 125 каменных сякер каля в. Эсьмоны на Магілёўшчыне, калекцыю свінцовых пломб са знакамі Рурыкавічаў у Драгічыне Надбужскім, апісаў ятвяжскія старажытныя помнікі Віленскага музея. Ён з’яўляецца аўтарам прац “Дрогичин Надбужский и его древности” (1890), “Ещё несколько слов о дрогичинских пломбах” (1897) і інш. Вучоны цікавіўся не толькі археалогіяй. У 1889 г. у Санкт-Пецярбургу выйшла яго кніга “Образцы белорусского наречия разных местностей, доставленные Н.П. Авенариусом”.