Імёны на іншых мовах:
Кулжинский Григорий Иванович (руская);
1772 сімвалы
Даведка
Рыгор Іванавіч Кулжынскі нарадзіўся ў в. Глухаў Чарнігаўскай губерні, адукацыю атрымаў у Нежынскім юрыдычным ліцэі (зараз Украіна). З 1861 г. працаваў настаўнікам славеснасці ў гімназіях Свянцян (зараз Літва), Мазыра і Гродна. У 1869–1871 гг. быў інспектарам народных вучылішчаў у Гродзенскай і Мінскай губернях.
У час сваёй працы на Беларусі Р.І. Кулжынскі зацікавіўся мясцовым фальклорам і пачаў збіраць, сістэматызаваць фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, даследаваць беларускі быт і народную культуру. У перыядычным друку тых часоў («Минские губернские ведомости», «Гродненские губернские ведомости» і інш.) апублікаваў шэраг артыкулаў: «Гродзенскія пісьмы: Беларускія паданні і песні пра святога Юр’я» (1865–1866), «Пра зборнік заходнерускіх прыказак і прымавак» (1866), «Нататка пра гісторыю народнай паэзіі», «Пра этнаграфічныя звесткі, што датычацца Заходняй Расіі» (абодва 1867) і інш. У 1869 г. Р.І. Кулжынскі склаў рукапісны зборнік «Простанародныя беларускія песні, запісаныя ў Мінскай губерні», у якім размясціў 16 песень антыпрыгонніцкага, любоўнага, бурлацкага і іншага характару (захоўваецца ў архіве Рускага геаграфічнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу). Падрыхтаваў зборнік «Песні, казкі і прыказкі Паўночна-Заходняга краю» (1869), куды ўвайшло больш за 500 твораў, сабраных ім у Гродзенскай, Віленскай і Мінскай губернях. Даследчык зрабіў да яго грунтоўную прадмову і амаль кожны твор у зборніку меў асобныя заўвагі. На жаль, праца не была надрукавана, а яе рукапісны варыянт не захаваўся.
Пасля выхаду на пенсію Р.І. Кулжынскі жыў у Расіі і на Украіне. З 1883 г. выдаваў у Харкаве часопіс «Благовест», дзе ў 1885–1886 гг. апублікаваў «Успаміны пра Паўночна-Заходні край (1861–1874 гг.)».