Імёны на іншых мовах:
Пильштын Саломея Регина Иоахимовна (руская); Пильштынова Саломея Регина Иоахимовна (руская); Русецкая Саломея Регина Иоахимовна (руская);
3388 сімвалаў
Даведка
У гісторыі XVIII ст. вылучаецца імя ўраджэнкі Беларусі, слыннай лекаркі, нястомнай вандроўніцы, аўтара надзвычай цікавага ўзору эпісталярнай спадчыны – кнігі-дзённіка з квяцістай назвай “Рэха, на свет пададзенае, заняткаў падарожжа і жыцця майго авантураў…” Саламеі Рэгіны Іахімаўны Русецкай, у замужжы Пільштын (Пільштынава, Пільштынова).
Нарадзілася Саламея на Навагрудчыне ў сям’і мешчаніна Іахіма Русецкага. У чатырнаццацігадовым узросце бацька выдаў яе замуж за нямецкага лекара Якуба Гальпіра. З гэтага часу і пачаўся шлях Саламеі па дзівосных нязнаных мясцінах, яе падарожжа з горада ў горад, з краіны ў краіну. Спачатку ў пошуках сродкаў для існавання маладажоны накіраваліся ў Стамбул. Саламея пачала дапамагаць мужу ў яго працы і ў хуткім часе навучылася лячыць некаторыя хваробы вачэй, а з цягам часу пачала практыкаваць самастойна. Авалодала турэцкай і нямецкай мовамі. Палонны італьянец падарыў Саламеі некалькі медыцынскіх даведнікаў, навучыў пісаць на лацінскай мове рэцэпты. Праз пэўны час яна набыла столькі ведаў і вопыту, што атрымала афіцыйны дазвол на лекарскую дзейнасць. Саламея лячыла людзей розных саслоўяў. Асаблівае прызнанне прыйшло да лекаркі, калі яна вылечыла ад слепаты адну з жонак янычар-агі (галоўнага янычара). Акрамя хвароб вачэй, лекарка паспяхова лячыла паралічы, туберкулёз, псіхіятрычныя, скураныя і гінекалагічныя захворванні. У розных гарадах Асманскай імперыі працавала С. Русецкая нават тады, калі яе муж вымушаны быў пакінуць межы краіны. У 1737 г. яна займалася медыцынскай практыкай у турэцкім Відзіне (цяпер Балгарыя). Пасля смерці Я. Гальпіра выйшла замуж за Юзафа Фартуната Пільштына, аднаго з аўстрыйскіх афіцэраў, выкупленых ёю ў туркаў, і вярнулася на радзіму. Некаторы час Саламея была сямейнай лекаркай у князя Міхаіла Казіміра Радзівіла (Рыбанькі) у Нясвіжы. Пасля каля года служыла прыдворнай лекаркай імператрыцы Ганны Іаанаўны ў Пецярбургу. Сямейныя праблемы прымусілі Саламею вярнуцца на радзіму, але ў глухой палескай вёсачцы Лахва, дзе служыў яе другі муж, яна доўга не затрымалася. Пэўны час практыкавала ў Вене – лячыла членаў турэцкага пасольства. Апошняе вядомае месцазнаходжанне Саламеі Русецкай – Стамбул, горад з якога пачалася яе лекарская дзейнасць. Адсюль яна збіралася адправіцца ў паломніцтва ў Іерусалім. Далейшы лёс С. Русецкай невядомы.
Пра сваё поўнае прыгод і неверагодных здарэнняў жыццё Саламея расказала ў названых вышэй мемуарах, якія яна напісала ў 1760 г. Па-сутнасці гэта прыгодніцкі раман-аўтабіяграфія, у якім знайшлі адлюстраванне не толькі незвычайны лёс гэтай смелай і знаходлівай жанчыны, уражанні ад убачанага і пачутага ў краінах, дзе пабывала нястомная вандроўніца, але і яе багаты духоўны свет, тонкія пачуцці. Шмат месца ў творы адводзіцца апісанню побыту, нораваў розных народаў, разважанням наконт сучасных ёй падзей, створаны цікавыя партрэты людзей, якія сустракаліся Саламеі падчас вандровак. Запіскі С. Русецкай – багатая і цікавая крыніца па гісторыі і геаграфіі краін Еўропы сярэдзіны XVIII ст. Успаміны былі напісаны па-польску, але насычаны вялікай колькасцю беларусізмаў. Рукапіс дзённіка знаходзіцца ў Нацыянальным музеі ў Кракаве. Беларускія чытачы атрымалі магчымасць пазнаёміцца з гэтым цікавым творам на роднай мове ў 1991 г., калі раздзелы з рамана былі надрукаваны ў часопісе “Полымя” пад назвай “Авантуры майго жыцця”.