Мікалай Канстанцінавіч Берг нарадзіўся ў Мінскай губерні ў сям’і афіцэра. У 1847 г. пачаў навучанне на медыцынскім факультэце Імператарскага Маскоўскага ўніверсітэта, па заканчэнні якога (1853) атрымаў званне лекара. У хуткасці стаў павятовым урачом, у далейшым паступіў на службу ў Марское ведамства малодшым урачом флоцкага экіпажу. Падчас працы працягваў удакладняць свае веды па медыцыне і праз два гады здаў экзамен у Імператарскай Санкт-Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі на званне доктара медыцыны, а праз год атрымаў дыплом акушэра.
У 1854 г. М.К. Берг быў пераведзены на працу ардынатарам у Кранштацкі марскі шпіталь, з 1857 г. прызначаны ўрачом інжынернага і артылерыйскага вучылішча Марскога ведамства. Пасля звальнення са службы здаў экзамен на атрыманне звання інспектара ўрачэбнай управы і быў накіраваны на працу губернскім урачом Пензенскай палаты дзяржаўных маёмасцей (1860). Праз два гады пераведзены на пасаду інспектара ўрачэбнай управы ў Архангельск. На новым месцы службы М.К. Берг актыўна ўключыўся ў працу па заснаванні Таварыства архангельскіх урачоў – арганізацыі, якая аб’яднала ўсіх урачоў горада. Справам таварыства ён аддаваў шмат часу і сіл: падрыхтаваў яго ўстаў, выступаў на пасяджэннях з навуковымі дакладамі па розных раздзелах медыцыны, распрацаваў праект стварэння фельдшарскай школы ў горадзе.
З 1864 г. М.К. Берг быў пераведзены на пасаду ўрачэбнага інспектара ў Мінск. У 1867 г. менавіта яго намаганнямі была адноўлена дзейнасць зачыненага ў часы паўстання 1863–1864 гг. Мінскага таварыства ўрачоў. Пад кіраўніцтвам М.К. Берга (да 1871 г. з’яўляўся яго прэзідэнтам) таварыствам было праведзена медыка-тапаграфічнае і санітарна-статыстычнае апісанне гарадоў і мястэчак Мінскай губерні, арганізавана дэзінфекцыйная камера і санітарна-бактэрыялагічная лабараторыя, заснавана медыцынская бібліятэка і метэаралагічная станцыя.
Пасля 1871 г. Мікалай Канстанцінавіч Берг служыў інспектарам у Камянцы-Падольскім (зараз Украіна), быў абвінавачаны ў памылковых дзеяннях па службе і ў 1873 г. падаў у адстаўку па стане здароўя. Апошнія гады жыцця правёў у Маскве, дзе і памёр у 1881 г.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.