Паэзія Уладзіміра Антонавіч Марука – гэта лірычны жывапіс словам. Яго паэтычня пейзажы, напісаныя чуйным і ўважлівым сэрцам, уражваюць. УладзімірМарук нарадзіўся ў в. Гута Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў Гуцянскай і Нацкай сярэдніх школах, у 1970 г. скончыў Моўчадскую санаторную школу-інтэрнат. Вучыўся ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме (1970–1972). Пасля заканчэння вучобы працаваў ва ўстановах культуры Ганцавіцкага раёна: у Шашкоўскай сельскай, Ганцавіцкай раённай дзіцячай бібліятэцых, загадваў аўтаклубам у Ганцавічах. Жаданне пісаць прывяло У. Марука на філалагічны факультэт БДУ. У гэты час паэт пачаў «асвойваць» новыя літаратурныя выданні, актыўна працаваў ва ўніверсітэцкім літаб’яднанні «Узлёт», стаў адным з ужо вядомых аўтараў паэтычнага зборніка «Вёсны». Пасля завяршэння адукацыі выкладаў беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 106 г. Мінска (1980–1981), працаваў карэспандэнтам, загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Звязда» (1981–1986). З 1986 г. – рэдактарская праца ў выдавецтвах «Юнацтва», «Белфакс», тыднёвіку «Літаратура і мастацтва», холдынгу «Мастацкая літаратура», якую У. Марук сумяшчаў з работай над паэтычнымі творамі. У апошнія гады жыцця з’яўляўся намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», дзе разам з М. Мятліцкім ды іншымі таленавітымі творцамі працаваў над збіраннем і публікацыяй лепшых узораў сучаснай беларускай літаратуры.
Друкавацца Уладзімір Марук пачаў з 1972 г. Першыя яго вершы былі апублікаваны ў ганцавіцкай раённай газеце «Савецкае Палессе», з цягам часу творы маладога паэта пачалі друкаваць «Магілёўская праўда» «Беларусь». У 1974 г. у часопісе «Маладосць» быў змешчаны цыкл вершаў У. Марука, які вылучаўся лірычнасцю, душэўнасцю, сталасцю думкі. На пачатку 1980-х гг. паэт спрабаваў голас у гучных грамадзянскіх тэмах, але з цягам часу адчуў, што пафаснае прамоўніцтва, барабанны рытм – гэта не яго стыхія, і зноў звярнуўся да лірычнай паэзіі.
Верай у дабрыню, у чалавека прасякнуты вершы яго першага зборніка «Зоркі ў кронах» (1982), дзе паэт з захапленнем распавёў пра прыгажосць роднага краю, яго гістарычнае мінулае. У пейзажных замалёўках і эцюдах паэта, напісаных з лірычным псіхалагізмам, душэўнае, інтымнае адухоўлена зліваецца са светам прыроды, знаходзіць адбітак у яе вобразах і фарбах. У 1987 г. пабачыла свет яшчэ адна паэтычная кніга У. Марука – «Ліст рабіне». Узаімасувязь чалавека і прыроды – адна з галоўных тэм зборніка. У гэтай кнізе паэт не клянецца гучна ў любові да прыроды, не ставіць рытарычных пытанняў, не робіць пафасных вывадаў пра неабходнасць абараняць прыроду. Яго паэзія нашмат шырэйшая і выходзіць за рамкі пейзажнай лірыкі. Вельмі любіў У. Марук сваю родную вёску: не забываў сялянскую хату, дзе нарадзіўся і вырас, дзе пачуў ад дзеда суровыя быліны пра мінулую вайну. Цудоўныя вершы ён прысвяціў сваім бацькам, аднавяскоўцам – людзям, якіх паважаў. Вельмі ўразіла чытачоў апошняя прыжыццёвая кніжка паэтычнай лірыкі У. Марука «Інкрустацыя голасам» (1991), вершамі з якой захапляліся самыя прыдзірлівыя чытачы, праніклівыя і прынцыповыя майстры прыгожага пісьменства. У 2011 г. пабачыў свет паэтычны зборнік «Кудмень», які выйшаў з друку ўжо пасля раптоўнай смерці паэта. Вершы з гэтай кнігі пранізвалі душу, адкрылі многія таямніцы з яго жыцця.
Уладзімір Марук займаўся перакладамі з рускай, армянскай, узбекскай, туркменскай моў на беларускую, выступаў як публіцыст. У артыкулах «Паслухайце: спяваюць у Лебедзеве», «Высокія меркі часу», «Свет дзівосны з-пад разца», «Мядзьведзі, ласі... і кветкі» ён узнімаў маральна-этычныя праблемы нашага часу, разважаў пра культуру вёскі, народныя традыцыі. Вершы У. Марука перакладаліся на рускую, украінскую мовы.
Пісаў У. Марук і для дзяцей – у 1994 г. выйшла кніга «Ехаў чыж у Парыж», у 2004 г. «Чыж вярнууўся з-за мяжы». Ствараліся яны ў першую чаргу для малодшага школьнага ўзросту, аднак з цікавасцю пазнаёміліся з імі і дашкольнікі.
Уладзімір Марук застаўся ў беларускай літаратуры як цікавы, самабытны паэт, патрабавальны да слова. Паэт прыроды, «лірычнага слова жыцця», ён меў невычэрпную ўнутраную сілу суперажываць боль і радасць блізкіх людзей, верыць у хараство і прыга-жосць роднага слова.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.