Дата нараджэння:
20.11.1954 Смалявічы, г., Мінская вобласць
Кароткая даведка:
спартсменка і трэнер (гімнастыка спартыўная), заслужаны майстар спорту СССР, чэмпіёнка ХХ летніх Алімпійскіх гульняў (1972, Мюнхен), сярэбраны (1972, 1973) і бронзавы (1972, 1974) прызёр чэмпіянатаў СССР, заслужаны трэнер Беларусі, спартыўны дзеяч
Імёны на іншых мовах:
Koshel Antonina (не вызначана); Кошель Антонина Владимировна (руская);
2596 сімвалаў
Даведка
Антаніна Кошаль нарадзілася 20 лістапада 1954 г. у невялікім горадзе Смалявічы Мінскай вобласці. У юным узросце дзяўчынка марыла стаць балерынай і нават прайшла першыя 2 туры адбору ў харэаграфічнае вучылішча пры Тэатры оперы і балета. Аднак пасля трэцяга тура яе адсеялі, таму яна вырашыла паспрабаваць сябе ў гімнастыцы. Некалькі першых гадоў спартсменка трэніравалася пад кіраўніцтвам трэнера Віталя Зіцырмана ў родных Смалявічах, а ў трынаццацігадовым узросце трапіла да спецыяліста-прафесіянала Віктара Хамутава і працягнула навучанне ўжо ў Мінскай спартыўнай школе.
Першага прыкметнага поспеху Антаніна Кошаль дамаглася ў 1970 г. – тады пятнаццацігадовая спартсменка бліснула на маладзёжным першынстве СССР, 4 разы падняўшыся на вышэйшую прыступку п'едэстала. Пасля гэтага яе запрасілі ў нацыянальную зборную, якая вяла падрыхтоўку да Алімпійскіх гульняў у Мюнхене.
У красавіку 1972 г. напярэдадні апошняга адборачнага чэмпіянату СССР у Маскве Антаніна адчула рэзкае недамаганне, тэмпература паднялася да 39 градусаў. Тым не менш спартсменка мабілізавала ўсе сілы, стабільна адпрацавала ўсе снарады і заняла шостае месца. Менавіта тады галоўны трэнер савецкай зборнай па гімнастыцы і шматразовая алімпійская чэмпіёнка Ларыса Латыніна прынялі рашэнне ўключыць Антаніну Кошаль у склад сямі спартсменак, якія павінны былі прадстаўляць СССР на Гульнях у ФРГ. Аднак толькі 6 гімнастак мелі права выйсці на памост і трэнеры да апошняга выбіралі паміж кандыдатурамі Ніны Дронавай з Грузіі і Антаніны Кошаль з Беларусі. У выніку выбар паў ўсё ж на айчынную спартсменку. На Антаніне Кошаль ляжала вялікая адказнасць, бо ёй трэба было першай выйсці на памост у вольных практыкаваннях і на бервяне і задаць патрэбны тон для каманднага поспеху. Беларуская спартсменка цалкам справілася з пастаўленай задачай, і каманда Савецкага Саюза па спартыўнай гімнастыцы атрымала перамогу.
Як адзначала ў сваіх шматлікіх інтэрв'ю сама Кошаль, пасля Алімпійскіх гульняў яна “была выціснутая як лімон”, таму перад наступнай Алімпіядай у 1975 г. пасля другой перамогі ў камандным заліку на Спартакіядзе народаў СССР спартсменка перайшла на трэнерскую працу. Антаніна Кошаль працавала дзяржаўным трэнерам у Міністэрстве спорту і турызму, была намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі гімнастыкі, старшым трэнерам нацыянальнай каманды. З 2011 г. у ўзначальвае грамадскае аб'яднанне “Ветэраны фізічнай культуры і спорту”. Узнагароджана медалём «За працоўную адзнаку».
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.