Дата нараджэння:
27.05.1931 Раздзел, в., Мсціслаўскі раён, Магілёўская вобласць
Кароткая даведка:
крытык і літаратуразнавец, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (2002)
Імёны на іншых мовах:
Журавлёв Василий Прокофьевич (руская);
4923 сімвалы
Даведка
Імя Васіля Пракопавіча Жураўлёва, вучонага ў галіне літаратуразнаўства, вядома далёка за межамі нашай краіны. Яго шматлікія навуковыя даследаванні, публікацыі, выступленні вызначаюць актуальныя перспектывы і задачы развіцця беларускай школы літаратуразнаўства, служаць арыенцірам для будучых пакаленняў вучоных, садзейнічаюць павышэнню мастацкага ўзроўню літаратурнай творчасці.
Нарадзіўся В. Жураўлёў у в. Раздзел Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1950 г. скончыў Курманаўскую сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. З 1954 па 1957 г. вучыўся ў аспірантуры. Пасля заканчэння быў накіраваны ў Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. У 1958 г. В. Жураўлёў абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Роман Якуба Коласа “На росстанях”». Ён займаўся самымі рознымі пытаннямі літаратуразнаўства – ад праблем дзіцячай літаратуры да сюжэтна-кампазіцыйнай будовы твора, даследаваў амаль увесь жанрава-паэтычны спектр айчыннай літаратуры ХХ ст. Першыя тры кнігі В. Жураўлёў напісаў у суаўтарстве. Гэта – «Праблемы сучаснай беларускай прозы» (1967, з П. Дзюбайлам і М. Луферавым), «Беларуская савецкая проза: апавяданне і нарыс» (1971, з С. Андраюком, А. Лысенкай, Л. Голубевай), «Пытанні паэтыкі» (1974, з І. Шпакоўскім і А. Яскевічам). У манаграфіі «Структура твора: рух сюжэтна-кампазіцыйных форм» (1978) значная ўвага адведзена творчасці Я. Коласа. На падставе апавяданняў пісьменніка «Малады дубок», «У старых дубах», «Крывавы вір», «У палескай глушы» і іншых даследчык адзначыў глыбокі псіхалагізм, асаблівасці пабудовы кампазіцыі, майстэрства пісьменніка ў арганізацыі сюжэта. У наступнай манаграфіі «Магчымасць рэалізму: прычыннасць і гістарызм» (1982, з М. Тычынам) В. Жураўлёў, аналізуючы працы ўсходніх і заходніх тэарэтыкаў па праблемах рэалізму ХХ ст., паказвае процістаянне двух грамадскіх поглядаў на літаратурную творчасць, разглядае развіццё беларускай літаратуры, асабліва прозы, станаўленне беларускага рамана. У 1985 г. В. Жураўлёў абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Развитие сюжетно-композиционных форм в белорусской прозе», у якой ахарактарызаваў складаныя пытанні сюжэтна-кампазіцыйнай будовы твора, вызначыў мастацка-эстэтычныя законы, што ляжаць у аснове яго структуры. Матэрыялам для даследавання паслужылі творы Я. Коласа, З. Бядулі, М. Чарота, Ц. Гартнага, М. Зарэцкага, В. Быкава і інш. Адным з галоўных вынікаў навуковай дзейнасці В. Жураўлёва стала манаграфія «У пошуках духоўных ідэалаў: на матэрыяле беларускай літаратуры ХІХ–ХХ стст.» (2000), у якой робіцца спроба асэнсаваць шляхі і кірункі развіцця і сцвярджэння ў беларускай літаратуры гуманістычных і дэмакратычных прынцыпаў. Высокай культурай, шматграннай эрудыцыяй і спалучэннем розных пунктаў поглядаў на творчасць Я. Коласа вылучаюцца кнігі «Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана» (1991, 2-е выд. 2004), «Актуальныя традыцыі: Якуб Колас у пісьменніцкім асяродку» (2002). На матэрыяле беларускай і рускай прозы і паэзіі 1920–30-х гг. была напісана кніга «На шляху духоўнага самасцвярджэння» (1995). Ён таксама адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1–2, 1965–1966), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» (у 4-х т. і 6 кн., 1999–2015), для якіх напісаў шэраг раздзелаў па творчасці беларускіх пісьменнікаў. Паралельна вучоны працаваў над кнігамі «Класіка і літаратурная сучаснасць: духоўны патэнцыял чалавека» (2011), «Беларуская літаратурная класіка і сучаснасць: праблемы характаралогіі» (у суаўтарстве, 2013), манаграфіяй «Непадкупны суд памяці: творчасць Анатоля Кудраўца» (2014). Навуковыя працы В. Жураўлёва напісаны ў стрыманай форме, але яны вылучаюцца вострай палемікай, прынцыповасцю ў абароне класічнай літаратуры. Уменне бачыць незвычайнае ў звыклым, здольнасць знайсці ў дробнай дэталі, адзіночным вобразе ці простым сюжэце глыбінную ўзаемасувязь тэксту і падтэксту мастацкай прасторы твора – усё гэта дазваляла даследчыку раскрываць праблематыку і ідэйную цэласнасць твора, садзейнічала выяўленню самых нечаканых і шматзначных граней мастацкага таленту таго ці іншага празаіка.
У навуковых колах В. Жураўлёў вядомы не толькі як таленавіты і ўдумлівы даследчык літаратуры, але і як актыўны грамадскі дзеяч. Вялікую ўвагу вучоны надаваў выхаванню маладых літаратуразнаўцаў. На працягу многіх гадоў з’яўляўся намеснікам старшыні спецыялізаванага навуковага савета па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый у галіне літаратуразнаўства пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы і Якуба Коласа НАН Беларусі. Ён падрыхтаваў некалькі кандыдатаў і аднаго доктара навук. Значны ўклад вучонага ў даследаванне праблем тэорыі і гісторыі беларускай літаратуры высока ацэнены. У 2002 г. В. Жураўлёву была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Якуба Коласа. Ён узнагароджаны таксама граматай Вярхоўнага Савета БССР.