Кароткая даведка:
царкоўны і грамадскі дзеяч Вялікага Княства Літоўскага і Вялікага Княства Маскоўскага, пісьменнік, перакладчык, святы Рускай Праваслаўнай Царквы
Імёны на іншых мовах:
Киприан (руская);
3242 сімвалы
Даведка
Мітрапаліт Кіпрыян – царкоўны і грамадскі дзеяч ВКЛ і Маскоўскай Русі, пісьменнік, перакладчык, праваслаўны святы – нарадзіўся каля 1330 г. Яго паходжанне дакладна невядомае: адна частка даследчыкаў прылічвае яго да балгар, другая – да сербаў, В. Ластоўскі меў меркаванне, што Кіпрыян – ураджэнец Літвы. Сваё рэлігійнае служэнне святар пачаў у адным з манастыроў на Святой гары Афон (цяпер Грэцыя). Набожнасцю і адукаванасцю Кіпрыян прыцягнуў увагу Усяленскага патрыярха Філафея. У 1373 г. патрыярх Філафей накіраваў Кіпрыяна ў ВКЛ у якасці пасла для ўстанаўлення паразумення паміж мітрапалітам усяе Русі Алексіем, вялікім князем літоўскім Альгердам і князем цвярскім Міхаілам па пытаннях сумеснай барацьбы супроць Златой Арды. Сваю місію пасол выканаў: вялікі князь Альгерд станоўча паставіўся да пазіцыі Кіпрыяна, прапанаваў яму заняць месца літоўскага мітрапаліта і накіраваў у Канстанцінопаль адпаведнае хадайніцтва. У 1375 г. адбылося пасвячэнне Кіпрыяна як мітрапаліта Кіева і Літвы, а Канстанцінопальскі сабор пастанавіў “Быць яму пасля смерці свяціцеля Алексія мітрапалітам усяе Русі”.
Асталяваўшыся ў Навагрудку, мітрапаліт Кіпрыян разгарнуў дзейнасць па ўмацаванні ролі Літоўскай мітраполіі ў рэлігійным жыцці балтаў і ўсходніх славян: выступіў ініцыятарам кананізацыі і перанясення ў Канстанцінопаль мошчаў трох віленскіх пакутнікаў, забітых у 1347 г. Маскоўскія іерархі і велікакняжацкі двор адмовіліся прызнаць Кіпрыяна мітрапалітам усяе Русі пасля смерці мітрапаліта Алексія летам 1378 г.: вялікі князь маскоўскі Дзмітрый Іванавіч Данскі не прыняў яго, пасадзіў у астрог, а потым выслаў з краіны. У выніку інтрыг і націску Масквы патрыяршы Сінод надаў Кіпрыяну тытул мітрапаліта Малой Русі і Літвы.
Пасля смерці вялікага князя Альгерда яго пераемнік Ягайла заключыў з Польшчай у 1385 г. дынастычную унію, згодна з якой прыняў каталіцтва і абавязваўся схіліць да гэтай веры сваіх падданых. Каталіцтва было абвешчана дзяржаўнай рэлігіяй, праваслаўная царква, пазбаўленая апекі вялікага князя, страціла сваё пануючае становішча ў дзяржаве. Мітрапаліт Кіпрыян па меры сіл супраціўляўся такім зменам у рэлігійным жыцці ВКЛ і пачаў шукаць шляхі да рэлігійнага кампрамісу. У сваіх лістах і да Канстанцінопальскага патрыярха, і да караля Ягайлы Кіпрыян ухваляў ідэю аб’яднання цэркваў.
Пасля смерці ў 1389 г. маскоўскага мітрапаліта Пімена Кіпрыян прыбыў у Маскву у якасці першасвятара. Сын Дзмітрыя Іванавіча Данскога вялікі князь Васіль І Дзмітрыевіч прыняў яго ў Маскве як мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Русі.
Нароўні з рэлігійнай і грамадскай дзейнасцю мітрапаліт Кіпрыян шмат увагі надаваў духоўнай асвеце: да нас дайшлі яго малітвы, граматы, пераклады і перапісаныя ім царкоўна-богаслужэбныя кнігі. Кіпрыян лічыцца аўтарам “Летописи от начала земли русской”, “Жития св. митрополита Петра”, “Сводной кормчей”, пісьмаў да прападобнага Сергія Раданежскага, іншых асоб. У сваіх пастырскіх пасланнях мітрапаліт Кіпрыян заклікаў народ да маральнага і рэлігійнага ўдасканалення, сцвярджаў веліч і выратавальную сілу хрысціянскай веры.
16 верасня 1406 г. мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі Кіпрыян памёр і ў 1472 г. быў кананізаваны праваслаўнай царквой.