Кароткая даведка:
мысліцель-гуманіст, пісьменнік, педагог
Псеўданімы:
Gracianus Prosper
Варыянты імя:
Намыслоўскі Ян Ліцыній
Імёны на іншых мовах:
Namyslowski (не вызначана); Лициний Намысловский Ян (руская);
1874 сімвалы
Даведка
Ян Ліцыній Намыслоўскі – адзін з пачынальнікаў свецкай адукацыі ў Беларусі, асветнік, педагог, аўтар вучэбных дапаможнікаў, арганізатар адной з лепшых школ у Рэчы Паспалітай.
Ён нарадзіўся ў пачатку 1560-х гг. у г. Намыслаў (Польшча). Вышэйшую адукацыю атрымаў у Ягелонскім універсітэце ў Кракаве. У 1585 г. прызначаны рэктарам арыянскай школы ў Іўі (1585). З 1593 г. Ян Ліцыній – прапаведнік абшчыны арыян у Навагрудку.
Працуючы ў Іўеўскай школе, ён напісаў падручнік па логіцы пад назвай "Дапаможнік для авалодання вучэннем Арыстоцеля" і надрукаваў яго ў Лоску ў 1586 г. на лацінскай мове пад псеўданімам Gracianus Prosper.
У 1589 г. у Лоскім друкарскім двары выдадзены другі вучэбны дапаможнік Намыслоўскага пад назвай "Сентэнцыі, неабходныя ў грамадскім жыцці", які можна лічыць першым падручнікам замежных моў у тагачаснай Беларусі (быў напісаны на лацінскай, польскай і нямецкай мовах). У кнізе 255 вершаваных павучанняў трох тыпаў, вытрыманых у духу Адраджэння: лацінскія набраны антыквай, польскія – гатычным шрыфтам, а нямецкія – курсівам.
У 1592 г. Я. Л. Намыслоўскі выдае на польскай мове твор "Анатомія і гарманічнасць хрысціянскага жыцця чалавека" (арыгінал не збярогся, але ў 1636 г. гэты твор быў перакладзены на нямецкую мову). У 1597 г. друкуе "Зварот да братоў-евангелікаў", у якім выказвае свае рацыяналістычныя рэлігійна-філасофскія погляды. У палемічным творы "Каталісіс" (1598) ён выступіў супраць кальвінісцкай шляхты.
Сваю асветніцкую дзейнасць Намыслоўскі прысвяціў барацьбе за здзяйсненне ідэй левага рацыяналістычнага крыла Рэфармацыі, якое на Беларусі ўзначальваў Сымон Будны, аднак, паступова яго погляды робяцца ўсё больш радыкальнымі і ў канцы 1590-х гг. Ліцыній пачынае схіляцца да атэістычнай плыні, за што ў 1615 г. быў адлучаны ад сацыніянскай абшчыны.