Дата нараджэння:
1756 Свентарэчча, былы маёнт., Шавельскі павет, (цяпер Літва)
Дата смерці:
23.03.1813
Кароткая даведка:
публіцыст эпохі Асветніцтва, прадстаўнік радыкальнага ўтапізму, адзін з першых шляхецкіх рэвалюцыянераў Беларусі
Варыянты імя:
Яленскі Аляксей Міхайлавіч
Імёны на іншых мовах:
Еленский Алексей Михайлович (руская); Еленский Иосиф Михайлович (руская);
1641 сімвал
Даведка
Іосіф Міхайлавіч Яленскі – адзін з найбольш яркіх публіцыстаў Беларусі эпохі Асветніцтва. Нарадзіўся ён у маёнтку Свентарэчча Шавельскага павета (цяпер Літва) у збяднелай шляхецкай сям’і. Дзяцінства прайшло ў в. Малыя Прудкі (Мазырскі пав.). Скончыўшы Гродзенскую землямерную школу, працаваў пісарам, бухгалтарам, сплаўшчыкам лесу, каморнікам. На пачатку 1790-х гг. часта бываў у Санкт-Пецярбургу, дзе ў 1794 г. быў арыштаваны за збераганне «недазволеных» рукапісаў. І. М. Яленскаму пагражала смяротная кара, якой ён пазбег, перайшоўшы ў праваслаўе. Пад імем Аляксея ён быў сасланы ў Салавецкі манастыр (Архангельская вобл., Расія). У ссылцы рэвалюцыянер напісаў найбольш значны свой твор «Благавесць да Ісраіля Расійскага», у якім крытыкаваў прыгонніцтва, заклікаў выбраць агульным галасаваннем урад, якому даручыць адмену саслоўяў, падзел зямель і маёмасці памешчыкаў. У 1801 г. І. М. Яленскі быў адпушчаны з манастыра, перабраўся ў Аляксандра-Неўскую лаўру (Санкт-Пецярбург), дзе далучыўся да секты скапцоў. У 1804 г. быў высланы ў г. Суздаль у мужчынскі Спаса-Еўфім’еўскі манастыр, дзе і памёр у 1813 г.
І. М. Яленскі з’яўляецца аўтарам маніфестаў «Пераклад польскага права, усенародна складзенага» (дапоўнены «Прысягай караля»), «Адозва да народа – агульных сабраццяў нашых» (захаваўся ў рукапісах на польскай мове) i іншых, у якіх выступаў супраць прыгоннага права, за роўнасць усіх саслоўяў, заклікаў народ яднацца i змагацца за «вольнасць», выказваўся за дэмакратычную рэспубліку. Рукапісы публіцыста захоўваюцца зараз у Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў у Маскве.