Ян Каханоўскі, першы польскі паэт-класік, нарадзіўся ў шляхецкай сям'і ў вёсцы Сыцына, што каля Радама. Шмат гадоў ён прысвяціў набыццю адукацыі: вучыўся ў Кракаўскім, Каралявецкім і Падуанскім універсітэтах, наведаў Італію, Прусію, Францыю. У Падуі паэт быў неаднаразова: у 1552–1555, 1556–1557 и 1558–1559 гг. Італьянскі перыяд жыцця быў значным у станаўленні паэтычнай думкі Каханоўскага: там ён захапіўся ідэямі Рэнесансу, пазнаёміўся з паэзіяй на народнай мове, пісаў лацінскія оды, песні, элегіі і эпіграмы. Згодна з еўрапейскімі традыцыямі Рэнесансу выкарыстоўваў у творчасці дзве мовы – латынь і польскую.
У 1559 г. Ян Каханоўскі вярнуўся ў Польшчу і да 1570 г. рабіў кар'еру пры дварах вядомых арыстакратаў. У сярэдзіне 1560-х гг. стаў асабістым сакратаром караля Жыгімонта ІІ Аўгуста. Адначасова Каханоўскі імкнуўся да так званай “свецкай царкоўнай” кар'еры: узначальваў парафіі ў Познані і Зволені, даходы ад якіх далі яму магчымасць значна палепшыць матэрыяльнае становішча. Расчараванне ў Генрыху ІІІ Валуа, які быў каралём польскім пасля смерці Жыгімонта ІІ Аўгуста, падштурхнула Яна Каханоўскага да спынення кар’еры пры кралеўскім двары.
У “прыдворны” перыяд жыцця Ян Каханоўскі напісаў шэраг значных вершаваных польскамоўных твораў: “Сусанна” (“Zuzanna”, 1562), “Шахматы” (“Szachy”, 1562–1566), “Згода” (“Zgoda”, 1564), “Сатыр, або Дзікі муж” (“Satyr albo Dziki mąż”, 1564), “Сцяг, або Пруская прысяга” (“Proporzec albo Hold Pruski”, 1569), “Муза” (“Muza”, год стварэння дакладна невядомы). Створаныя ў гэты час паэмы былі прысвечаны важным грамадска-палітычным падзеям і знакамітым дзяржаўным дзеячам, некаторыя маюць публіцыстычны характар. Адным з першых польскамоўных твораў Каханоўскага лічыцца гімн “Чаго хочаш ад нас, Пане, за ўсе шчодрасці…”, дакладная дата стварэння якога застаецца невядомай.
З цягам часу Ян Каханоўскі пачаў пісаць кароткія, разнастайныя па тэматыцы вершы-эпіграмы – «фрашкі», якія яскрава адлюстроўвалі норавы той эпохі. У 1570 г. ён пераехаў у спадчынны бацькоўскі маёнтак Чарналессе. «Чарналескі перыяд» жыцця пісьменніка быў надзвычай плённым: Каханоўскі пісаў вершы, празаічныя творы (“Пра Чэха і Ляха” (“O Czechu i Lechu”), “Пра дабрачыннасць” (“Wykład cnoty”), “Польская арфаграфія” “Ortografija Polska”). У 1578 г. на вяселлі Яна Замойскага і Крысціны Радзівіл была пастаўлена польская трагедыя Каханоўскага “Адказ грэчаскім паслам” (“Odprawa posłów greckich”). Яскравымі лірычнымі творамі сталі “Трэны” (“Treny”) – цыкл журботных вершаў-плачаў, якія паэт прысвяціў сваёй дачцэ Уршулі, якая памерла ў дзяцінстве. Упершыню “Трэны” былі выдадзены ў 1580 г.
Паэтычнае майстэрства Каханоўскага найбольш поўна раскрываецца ў польскіх песнях, якія па гнуткасці і выразнасці не саступаюць італьянскай і французскай паэзіі таго часу. Найбольш вядомай стала “Святаянская песня пра Купалле” (“Piesn swietojanska o Sobotce”). У 1570–1575 гг. Ян Каханоўскі зрабіў выдатны пераклад з лацінскай мовы “Псалтыра Давіда” (“Psałterz Dawidowy”). Гэты твор аказаў значны ўплыў на ўкраінскую, рускую і венгерскую літаратуры. У 1580 г. кампазітар Мікола Гамулка пераклаў «Псалмы» Каханоўскага на музыку.
Жыццёвы шлях Яна Каханоўскага спыніўся 22 жніўня 1584 г. У год смерці паэта пабачылі свет зборнікі польскіх эпіграм “Fraszki”, лацінскіх од “Carmina Latina” і эпіграм “Forioenia”, у 1590 г. выйшла кніга неапублікаваных рукапісаў “Fragmenta”.
Ян Каханоўскі ўнёс вялікі ўклад у нацыянальнае станаўленне польскай паэзіі і паставіў польскую паэзію ў адзін рад з агульнаеўрапейскай. Літаратурная мова, распрацаваная Янам Каханоўскім на аснове народнай польскай мовы, значна павялічыла магчымасці яго паэтычных сродкаў, дапамагла дасягнуць сцісласці і вытанчанасці. Уплыў Яна Каханоўскага адчуваецца ў творчасці А. Рымшы, У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча і іншых пісьменнікаў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.